Работнікі аднаго з прадпрыемстваў прамысловасці, працуючы шмат гадоў на розных участках, у тым ліку тых, якія адносяцца да шкодных і небяспечных, падарвалі сваё здароўе і атрымалі прафзахворванне. Гэта было пацверджана спецыяльнай камісіяй.
У адным выпадку работнік страціў 20 працэнтаў сваёй працаздольнасці, у іншым — 30 працэнтаў. Наймальнік аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў выніку прафзахворвання ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці выплачваць адмовіўся. Працоўную спрэчку ўдалося вырашыць толькі праз суд, інтарэсы работнікаў у якім прадстаўляў прафсаюзны юрыст.
— У першым выпадку судовыя разборы доўжыліся каля паўгода. У выніку суд абавязаў наймальніка выплаціць работніку больш за 62 тысячы рублёў аднаразовай матэрыяльнай дапамогі і 10 тысяч кампенсацыі маральнай шкоды. У другім выпадку справа вырашылася за чатыры месяцы. Паколькі страта працаздольнасці ў работніка большая, адпаведна, і выплаты вышэй — суд вынес рашэнне аб спагнанні з прадпрыемства на карысць чалавека аднаразовай матдапамогі ў памеры звыш 104 тысяч рублёў і суму маральнай шкоды ў памеры 10 тысяч. Дарэчы, работнік зараз працягвае працаваць у арганізацыі — яго перавялі на работу, не звязаную з небяспечнымі і шкоднымі ўмовамі, — расказаў галоўны прававы інспектар працы Прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» Іван Цыпко.
Ключавым аргументам у абарону работнікаў стала дзеянне Тарыфнага пагаднення, якое заключана паміж Беларускім прафсаюзам работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ», Рэспубліканскай асацыяцыяй прадпрыемстваў прамысловасці «БелАПП», Міністэрствам прамысловасці і Дзяржаўным ваенна-прамысловым комплексам. Дакумент змяшчае норму, якая абавязвае наймальнікаў галіны дадаткова падтрымліваць работнікаў, якія атрымалі траўму на вытворчасці або прафзахворванне. Гэтая дамоўленасць бакоў носіць не рэкамендацыйны характар, а абавязковы. Больш за тое, норма распаўсюджваецца і на тыя прадпрыемствы, якія яшчэ не перанеслі дадзеную норму ў калектыўныя дагаворы.
— У дадзеных выпадках судовыя разборы зацягнуліся менавіта з прычыны адсутнасці такой нормы ў калдагаворы арганізацыі, на якім работнікі атрымалі прафзахворванне. Але нават у такім выпадку Тарыфнае пагадненне распаўсюджваецца на такія прадпрыемствы. Адзначу, што прафсаюзы ў сваю чаргу рэгулярна працуюць над тым, каб і лакальныя дакументы змяшчалі такія палажэнні. Бо гэта, як паказвае практыка, дае магчымасць пазбягаць доўгіх разбораў і аператыўна дапамагчы работнікам, — дадаў Іван Цыпко.
Нагадаем, што кожны работнік, у якога ёсць пытанні па ўмовах працы або ўзнікла спрэчная сітуацыя з наймальнікам, можа звярнуцца ў прафсаюзы па адзіным нумары — 8 801 100 1111.
Алена КРАВЕЦ