Top.Mail.Ru

Дзяніс Езерскі: «Дзень беларускага пісьменства — свята Слова і высокай духоўнасці»

Не толькі тыя, хто паглыблены ў літаратурны працэс, але і звычайныя аматары чытання чакаюць вялікае свята — XXXII Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе. Сёлета ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны.


Пра асаблівасці гэтай знакавай падзеі ў інтэрв’ю «ЛіМу» распавёў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі:


— Свой шлях у трыццаць два гады свята прайшло праз усю Беларусь. Яго сталіцамі былі нашы славутыя культурныя і асветныя цэнтры: Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Добруш і іншыя, — распавядае Дзяніс Уладзіміравіч. — Сёння можна ўпэўнена сцвярджаць: Дзень беларускага пісьменства стаў знакавай часткай нашай найноўшай айчыннай гісторыі. 

Высокая духоўнасць і нацыянальная культура, гістарычная памяць народа дапамагаюць беларусам дастойна будаваць дзень сённяшні і ўпэўнена глядзець у дзень заўтрашні. Свята беларускага пісьменства яшчэ раз пераканаўча даказвае: мы самабытны народ са шматвекавой гісторыяй, які добра ведае свае карані, любіць роднае слова.

Сёлета цэнтрам правядзення святочных мерапрыемстваў стала працавітая Лідчына з яе адметнай гістарычнай і літаратурнай спадчынай. Ліда атаясамліваецца, у першую чаргу, з Лідскім замкам, які, дарэчы, і выступіць цэнтральнай дамінантай, у тым ліку і ў афармленні галоўнай сцэнічнай пляцоўкі. На лідскай гасціннай зямлі цесна пераплятаюцца багатая культурная спадчына, самабытныя традыцыі розных народаў і нацыянальнасцей. Шматгранная і разнапланавая літаратура Лідчыны: Казімір Нарбут, Валянцін Таўлай, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі сучасны вядомы празаік Віктар Праўдзін і іншыя. Таму сёлета старажытны горад Ліда гасцінна прыме і аб’яднае таленавітых прадстаўнікоў пісьменства ўсіх регіёнаў нашай шматнацыянальнай Беларусі. Сярод іх — знакамітыя літаратары, краязнаўцы, мастакі, якія сваёй працай і творчасцю ўслаўляюць родны край, робяць важкі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры.
  • Ліда сапраўды заслужыла прымаць Дзень беларускага пісьменства. Радуе, што райвыканкам узяў актыўны ўдзел у выданні да Дня беларускага пісьменства некалькіх кніг, прысвечаных лідскім празаікам і паэтам. 
Заўважу, што адна з такіх кніг«З Міхасём і Васілінкай крочым роднымі сцяжынкамі», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», — прыклад таго, як маленькаму чытачу, які толькі пачынае пазнаваць свет, даступна распавесці пра малую радзіму. Яна зроблена ярка, у гульнявой форме, напісана зразумелай дзецям мовай. Кніга можа быць прыкладам для іншых раёнаў краіны, каб дзеці ведалі, чым і кім можна ганарыцца на сваёй роднай зямлі. 

— Сёлета мы святкуем 80-годдзе Вялікай Перамогі. Якія мерапрыемствы ў межах Дня беларускага пісьменства прысвечаны гэтай знакавай для кожнага беларуса падзеі? 

— 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвечана Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні», якая пройдзе 6 верасня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Там будзе і выстава з фондаў гэтай установы «Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі». Юбілею Вялікай Перамогі прысвечана мабільная экспазіцыя «Наш абавязак — памятаць!» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У Лідскай раёйннай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбудзецца круглы стол на тэму «80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты». 

— Свята кнігі пройдзе на вялікай колькасці пляцовак, мерапрыемстваў у праграме шмат. Цікава даведацца, што адбудзецца ўпершыню? 

— Упершыню пройдзе гала-канцэрт удзельнікаў і пераможцаў Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» розных гадоў «Каляндар часу і лёсу». Раней ён не выходзіў за межы праекта «Сталічнага тэлебачання». Сёлета будзе зроблены запіс гэтага мерапрыемства на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Дня беларускага пісьменства ў суботу, 6 верасня, а 12 гадзіне. Тэлеверсію пакажа «Беларусь 3».

Фестываль кнігі і прэсы традыцыйны, але сёлета маштабна будуць прадстаўлены рэгіёны. На працягу двух дзён наведвальнікі змогуць знаёміцца з кніжнымі навінкамі з розных абласцей. У іх будзе магчымасць сустрэцца і з аўтарамі, бо кожны рэгіён, прэзентуючы сваю цікавую кніжную прадукцыю, арганізуе сустрэчы з празаікамі і паэтамі. Акрамя гэтага, будуць прадстаўлены гісторыка-культурныя каштоўнасці, якімі знакамітая кожная вобласць: выцінанка, няглюбскі ручнік і іншыя. Кожны ахвотны зможа паспрабаваць стварыць нешта сваё. Гэта сімвалічна для свята пісьменства, бо прадэманструе галоўны пасыл: усё пачынаецца з таго, што мы робім сваімі рукамі. Менавіта праз захоўванне гісторыкакультурных каштоўнасцей мы шмат даведваемся пра сябе, пра нашу зямлю, культуру, традыцыі.
  • Па-новаму будзе прадэманстравана і ваенна-гістарычная рэканструкцыя як важны элемент свята, асабліва для моладзі, якой трэба ведаць, што адбывалася на гэтай тэрыторыі. Сімвалічна, што Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе праходзіць напярэдадні такой знакавай даты, як 17 верасня — Дзень народнага адзінства. Гродзенцы прапанавалі прысвяціць гістарычную рэканструкцыю падзеям 1939 года, калі адбылося яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Вядома, мы не маглі абмінуць увагай такі значны факт, улічваючы і тэму творчасці Валянціна Таўлая — легендарнай асобы, на прыкладзе якой варта выхоўваць маладое пакаленне.
Сярод цікавых падзейпершы фестываль «Лідскі хор-фэст», які на працягу двух дзён ладзяць вядомыя калектывы краіны. Гледачы ўбачаць нумары, лепшыя з якіх будуць прадстаўлены 7 верасня на гала-канцэрте на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. Фестываль унікальны яшчэ і тым, што ў адным месцы мы збіраем калектывы з розных куткоў краіны, кожны са сваім рэпертуарам, сваімі касцюмамі, асаблівасцямі спеву. Гэта будзе масава, цікава і ярка! 

— Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе ўжо з’явіўся мурал з выявай Янкі Купалы. Якія яшчэ літаратурныя сюрпрызы чакаюць жыхароў і гасцей горада? 

— У Лідзе адкрыецца інклюзіўны артаб’ект «Верабейкі», прысвечаны першаму вершу Валянціна Таўлая. Такім чынам да свята кнігі змогуць далучыцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод падарункаў гораду — адкрыццё пасля мадэрнізацыі магазіна «Белкнігі», які стане сапраўды сучасным. І самае галоўнае, у Лідзе, нарэшце, будуць ушанаваны імёны пісьменнікаў, якія сталі лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Навінкай сёлета стане абноўленая статуэтка: такім чынам хацелася надаць больш значнасці ўзнагародзе, бо яна павінна быць важкай і прэстыжнай, таму што з’яўляеца самай высокай літаратурнай ўзнагародай нашай краіны.

Прыемна, што Нацыянальная літаратурная прэмія разбурае стэрэатыпы. Хтосьці лічыць, што сёння няма цікавых дзіцячых кніг, але гэта не так. Мы надаём вельмі шмат увагі дзіцячай літаратуры! Хочацца, каб гэтыя творы заўважылі яшчэ і тыя, хто займаецца мультыплікацыяй, кінавытворчасцю, бо паводле сучасных дзіцячых выданняў можна ствараць цікавыя фільмы, каб выхоўваць на іх нашых дзяцей. 

— Дзяніс Уладзіміравіч, распавядзіце, калі ласка, пра самыя значныя прэзентацыі, якія адбудуцца падчас Дня беларускага пісьменства... 

— Праграма маштабная і разнапланавая. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пакажа ўнікальныя кнігі са сваіх фондаў, якія звычайна наведвальнікі не могуць патрымаць у руках. Сёлета вельмі шырока будзе прадстаўлена праваслаўная літаратура. Дарэчы, пісьменства пачыналася менавіта з перапісу царкоўных кніг. І гэта сімвалічна для Дня беларускага пісьменства, які традыцыйна пачынаецца з Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга.

І хоць гэта кніжны фестываль, прэзентацыі будуць датычыцца не толькі літаратуры. Па даручэнні намесніка прэм’ер-міністра Наталлі Уладзіміраўны Пяткевіч Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам быў распрацаваны новы турыстычны маршрут «Месцы сілы на Лідчыне». Гэта сапраўды важна развіваць і захоўваць, бо край мае багатую гісторыка-культурную спадчыну: Лідскі замак, помнік заснавальніку Ліды князю Гедыміну, унікальныя цэрквы і касцёлы і шмат іншага. 

— Наколькі такая падзея, як Дзень пісьменства, на вашу думку, уплывае на фарміраванне кніжнай культуры і любові да беларускай літаратуры? 
— Дзень беларускага пісьменства — свята Слова і высокай духоўнасці. Ён больш за 30 гадоў застаецца важнай падзеяй для нашай краіны. У Беларусі наогул удзяляецца вялікая ўвага падтрымцы кнігавыдання і пісьменства, толькі ў нас захавалася такое паняцце, як сацыяльна значная літаратура (сёлета выдадзена 150 найменняў). Менавіта дзякуючы такім мерапрыемствам, як Дзень беларускага пісьменства, і захоўваецца наша нацыянальная культура, развіваецца наша літаратура. Упэўнена скажу: «Беларусы — адна з самых чытаючых нацый у свеце, гэта захавана ў нас на ментальным узроўні, у нашым культурным кодзе».
Ірына ПРЫМАК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю