Дзяржаўная маёмасць — матэрыяльная аснова жыцця краіны. Зямля, будынкі, прадпрыемствы — гэта рэальны рэсурс, які працуе на эканоміку. Наколькі эфектыўна мы кіруем ім? Якія механізмы вяртаюць актывы ў абарот? Як лічбавізацыя мяняе трэнды? Гэтыя і іншыя пытанні эксперты абмеркавалі на тэлеканале «Першы інфармацыйны».
Эфектыўнасць — паняцце шматкампанентнае
Сектар дзяржаўнай маёмасці ў беларускіх рэаліях — важная частка эканомікі краіны. У лічбах, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў, гэта выглядае так:
— У валавой дабаўленай вартасці дзяржаўны і недзяржаўны сектары займаюць роўна па 50 %. Плюс-мінус 0,1 %. Гэта сведчыць аб тым, што ўнёсак абодвух сектараў у эканоміку з пункту гледжання канчатковага выніку практычна аднолькавы. Статыстыка сведчыць аб тым, што прыватны сектар прадстаўлены невялікімі, малымі і сярэднімі прадпрыемствамі. Дзяржсектар — гэта буйныя валаўтваральныя прадпрыемствы. Пастаянна ўзнікае пытанне, які сектар функцыянуе больш эфектыўна? Па рэнтабельнасці і па штогадовым валавым прыбытку абодва сектары практычна супадаюць. Заработная плата ў прыватным сектары на чвэрць вышэйшая, чым у дзяржаўным. Значыць, прыватны сектар усё ж «даспеў» да пэўнага ўзроўню сацыяльнай адказнасці.
Ключавы паказчык эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, падкрэсліў Раман Бродаў, — гэта рэнтабельнасць актываў. Неабходна аналізаваць, якую аддачу ў выглядзе чыстага прыбытку дае сукупны кошт актываў прадпрыемства? Яшчэ адзін індыкатар — абарачальнасць актываў. Жорсткія капіталісты, адзначыў спікер, ставяць перад сваімі наёмнымі менеджарамі, па сутнасці, дзве галоўныя задачы: павышэнне капіталізацыі прадпрыемства і нарошчванне долі рынку. Аднак у сацыяльна арыентаванай дзяржаве такі падыход не можа быць калькаваны.
Сектар дзяржаўнай маёмасці вырашае не толькі камерцыйныя задачы. Яго функцыянал, адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталь Нявера, значна шырэйшы.
— Я падзяліў бы дзяржаўную маёмасць на некалькі ўзбуйненых катэгорый. Аб’екты, якія выконваюць агульнадзяржаўныя задачы па абароне краіны, размяшчэнні дзяржорганаў і гэтак далей. Аб’екты, якія вырашаюць эканамічныя пытанні. Аб’екты транспартнай і інжынернай інфраструктуры, а таксама сацыяльныя аб’екты. Што датычыцца непасрэдна аб’ектаў нерухомасці, у краіне 107 млн квадратных метраў плошчаў. З іх 86 % задзейнічана самімі балансатрымальнікамі. 12 % даецца ў арэнду і ў бязвыплатнае карыстанне. Застаецца невялікі працэнт маёмасці, якая не выкарыстоўваецца балансатрымальнікамі. Прычым у апошнія гады вядзецца вельмі актыўная работа па скарачэнні такіх аб’ектаў.

Эксперты сышліся на думцы: дзякуючы інстытуту дзяржаўнай уласнасці кантралююцца ўсе важныя сферы жыцця краіны, якія нельга ацэньваць толькі праз прызму фінансавых паказчыкаў.
Максімальна рацыянальна
У свой час заходнія рэцэпты «татальнай прыватызацыі» трансліраваліся направа і налева. Практыка паказала, што ў тэорыі «рынак усё адрэгулюе» ёсць істотныя прабелы. Аб рызыках неабмежаванага панавання прыватнай уласнасці папярэдзіў Раман Бродаў:
— Складана ўявіць, што пасля трох дзесяцігоддзяў эканамічнага суверэнітэту ў Беларусі засталіся людзі, якія вераць у бяздумную прыватызацыю. Хіба што адарваныя ад рэальнасці тэарэтыкі. Нават там, дзе мы вельмі-вельмі асцярожна ішлі па шляху змены ўласніка, не заўсёды атрымлівалася зрабіць гэта ідэальна. Мы не раз пераконваліся, што справіцца з вялікім актывам прыватнік не ў стане. Ёсць вялікая колькасць рызык. Прыватны ўласнік арыентаваны на адну мэту — максімізацыю прыбытку. Яго не цікавіць генерацыя паказчыкаў, якія ўплываюць на жыццё рэгіёна, горада і краіны ў цэлым. Калі ў мэтах зніжэння затрат трэба скараціць колькасць работнікаў у два разы, жорстка прайсціся па аплаце персаналу, радыкальна змяніць колькасць пастаўшчыкоў і іх склад, прыватнік гэта зробіць. Дзяржпрадпрыемства, функцыянуючы як маёмасны комплекс, забяспечвае выгаду не толькі самому сабе, але і дзяржаве ў цэлым. На знешнім контуры Беларусь арыентавалася на Кітай. Цяпер мы бачым, што гэта была правільная стратэгія. Сёння стаяць задачы па актыўным выхадзе на афрыканскі рынак. Прыватнікаў вельмі цяжка туды накіраваць. Дзяржпрадпрыемства, разумеючы, што гэта стратэгія, выканае пастаўленую задачу.

Адмова ад рэалізацыі задач, якія праз прызму гадавога бізнес-плана падаюцца неэфектыўнымі або рызыкоўнымі, лічыць Раман Бродаў, ставіць пад пагрозу стратэгічныя глабальныя мэты дзяржавы. Таму дзяржсектар — гэта рухавік развіцця не толькі асобных прадпрыемстваў, але і ўсёй краіны, з улікам другасных і трацічных эфектаў. Кіруючыся імгненнай выгадай, прыватнік можа рэалізаваць ці ліквідаваць актыў. Дзяржава, наадварот, накіравана на захаванне вытворчасці і працоўных месцаў, арыентуючыся на доўгатэрміновую перспектыву. Наяўны вопыт, дадаў Раман Бродаў, даказвае: прыватызаваны аб’ект часцей за ўсё з’яўляецца выключна крыніцай прыбытку, а найбольш адказна працуюць тыя прыватныя прадпрыемствы, якія выраслі самастойна з невялікіх вытворчасцяў.
Прыватызацыя ў Беларусі, падкрэсліў Віталь Нявера, — працэс цалкам кантраляваны:
— На заканадаўчым узроўні прадугледжаны пэўныя ўмовы, на якіх прыватны інвестар набывае той ці іншы аб’ект. Гэта, у першую чаргу, захаванне працоўных месцаў і сацыяльных гарантый для работнікаў. Механізм далейшага інвесціравання, профіль прадпрыемства, укараненне новага віду дзейнасці — усё гэта прапісваецца ў дакументах. Калі інвестар не выконвае сваіх абавязацельстваў, прадугледжаны працэдура вяртання актыву ва ўласнасць дзяржавы і штрафныя санкцыі.
У некаторых постсавецкіх краін ёсць сумны досвед, калі інвестар набывае прадпрыемства з адной мэтай — «пахаваць» канкурэнта. Завод проста закрываецца, перастаюць паступаць падаткі ў бюджэт, людзі страчваюць работу. І замест станоўчага эканамічнага эфекту для краіны мы бачым толькі напал сацыяльнай напружанасці ў грамадстве
Такой прыватызацыі, падкрэсліваюць эксперты, у Беларусі дапусціць нельга.
Даць нерухомасці другое жыццё
Квадратных метраў, што не выкарыстоўваюцца, у краіне няшмат, але кожны з іх, падкрэслівае Віталь Нявера, неабходна вярнуць у абарот:
— У Беларусі функцыянуе адзіны рэестр дзяржаўнай маёмасці. Сюды заносяцца звесткі аб усіх аб’ектах рэспубліканскай і камунальнай форм уласнасці. Калі нейкія плошчы не выкарыстоўваюцца, балансатрымальнік павінен вызначыць шляхі вырашэння пытання.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь па распараджэнні маёмасцю, лічу, максімальна варыятыўнае і дае балансатрымальніку максімум магчымасцяў. Продаж па ацэначным або рынкавым кошце, з паніжэннем цаны (аж да адной базавай), бязвыплатная перадача пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта — варыянтаў шмат.
Гэта значыць балансатрымальнікі абавязаны даць аб’екту другое жыццё. А рэестр — інфармацыйная пляцоўка, куды можа зайсці кожны ахвотны і атрымаць патрэбныя звесткі, у тым ліку і пазнаёміцца з пералікам пустых дамоў. Мы хочам аб’яднаць рэестр дзяржмаёмасці з нацыянальнай гандлёвай пляцоўкай. Гэта дасць магчымасць дыстанцыйна з дапамогай электронных сэрвісаў набываць аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца.
Пра тое, як электронны фармат змяніў тэндэнцыі біржавога гандлю нерухомасцю, расказала намеснік старшыні праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Наталля Кішкель:
— Біржа ўжо на працягу дзясятка гадоў уцягнута ў механізм рэалізацыі дзяржаўнай маёмасці. Статыстыка гаворыць сама за сябе. Колькасць праведзеных у гэтым годзе таргоў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага, вырасла на 20 %. Пры гэтым колькасць рэзультатыўных таргоў, калі за лот змагаюцца два і больш удзельнікаў, склала 148 % да мінулага года. Безумоўна, пераход ад звычайных таргоў у электронны фармат дае празрыстасць, роўны доступ для ўсіх удзельнікаў і, як вынік, паскарэнне ўцягвання аб’ектаў нерухомасці ў гаспадарчы абарот. Асаблівым попытам, вядома, карыстаюцца аб’екты жылой нерухомасці ў радыусе 70 кіламетраў ад Мінска, якія выстаўляюцца за адну базавую велічыню. Аднак і нежылыя аб’екты нерухомасці таксама выклікаюць цікавасць. Пакупнік з мінімальнымі выдаткамі можа пераабсталяваць будынак, што набываецца, пад склад або вытворчы цэх і пачаць свой маленькі бізнес.
Дзяржаўная маёмасць рэалізуецца прафесійнымі ўдзельнікамі біржавога гандлю. Таму звесткі, якія прадастаўляюцца пакупнікам, дакладныя. Аднак, каб пазбегнуць памылак, Наталля Кішкель раіць не абмяжоўвацца толькі інфармацыяй, размешчанай на сайце біржы. Пажадана выехаць на месца і пазнаёміцца з аб’ектам дэталёва. Звярнуць увагу на памеры ўчастка, камунікацыі, пад’язныя шляхі. Для азартных удзельнікаў аўкцыёнаў існуе функцыя «стоп-загад». Пакупнік можа ўвесці ў сістэму ліміт сумы меркаваных затрат. І праграма будзе самастойна рабіць стаўкі ў рамках загадзя агавораных абмежаванняў, без рызык для ўдзельніка.
Таццяна ШЧАДРАНОК