Top.Mail.Ru

Дзяржаўныя сімвалы — спадкаемнасць развіцця і стваральнай працы


Нашы сімвалы — самі па сабе сімвал пераемнасці пакаленняў, павагі да мінулага, да людзей, якія пасля Вялікай Айчыннай вайны паднялі рэспубліку з руін.

Сённяшні Дзяржаўны Сцяг у многім паўтарае элементы сцяга БССР, які быў зацверджаны ў 1951 годзе. Пад ім рэспубліка адраджалася пасля страшнай вайны, стала адной з самых высокаразвітых і інтэлектуальных у Савецкім Саюзе.

Сённяшні Дзяржаўны Герб падобны на герб БССР, першы варыянт якога з’явіўся ў 1927 годзе — апошнія змяненні ўносіліся ў 1983 годзе. Ён для беларусаў таксама — гісторыя развіцця і веры ў светлае заўтра.

Гэтыя сімвалы не былі заплямлены калабарацыянізмам з фашыстамі, яны азначалі для беларусаў стваральную працу пад мірным небам. Таму не дзіўна, што на ўсенародным рэферэндуме, які адбыўся 14 мая 1995 года па ініцыятыве Прэзідэнта, за іх відазмененыя з улікам новага статусу Беларусі як незалежнай краіны варыянты прагаласавала пераважная большасць — звыш 75 % выбаршчыкаў.

Дзяржаўны Гімн таксама блізкі не аднаму пакаленню беларусаў. Музыка Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча былі зацверджаны ў 1955 годзе. І нават калі БССР не стала, гімн выконваўся як афіцыйны, толькі ўжо без слоў. У 2002 годзе словы Міхаіла Клімковіча былі перапрацаваныя з улікам сучасных рэалій Народным паэтам Беларусі Уладзімірам Карызнай. Спецыяльна створаная камісія выбрала менавіта гэты варыянт для галоўнай песні краіны. Словы «мы, беларусы — мірныя людзі,//Сэрцам адданыя роднай зямлі» сапраўды блізкія кожнаму жыхару нашай дзяржавы.

Закон «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» быў прыняты 5 ліпеня 2004 года, якраз у дні, калі краіна адзначала 70-годдзе вызвалення ад фашыстаў. Таксама сімвалічна, праўда?


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю