У апошнюю пятніцу месяца на тэрыторыі краіны праводзіцца Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Мерапрыемства праходзіць пад дэвізам «Учыніў ДТЗ — адказвай!» і накіравана на прафілактыку правапарушэнняў, звязаных з пакіданнем месца аварыі.
У рамках акцыі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі наведаюць працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый. Асноўная мэта — растлумачыць вадзіцелям цяжар наступстваў дарожных інцыдэнтаў, а таксама папярэдзіць аб адказнасці, якая пагражае за спробу ўцячы з месца здарэння.
— Большасць такіх ДТЗ звязаны з наездамі на пешаходаў і адбываюцца ў цёмны час сутак у населеных пунктах або іх наваколлях. У 97 % выпадках вадзіцеляў, якія ўчынілі ДТЗ, знаходзяць. Нагадваем, што на сённяшні момант Дзяржаўтаінспекцыя актыўна выкарыстоўвае магчымасці рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі і іншыя тэхнічныя сродкі, — пракаменціравала начальнік аддзялення ГУ ДАІ МУС Вераніка Раманькова ў тэлеграм-канале ведамства.
Актуальнасць тэмы пацвярджаецца статыстыкай: толькі за студзень бягучага года трое аўтамабілістаў уцяклі, а самі гэтыя інцыдэнты забралі жыцці двух чалавек, яшчэ адзін удзельнік руху атрымаў сур’ёзныя траўмы. Усе вінаватыя ўжо знойдзены супрацоўнікамі міліцыі і панясуць пакаранне ў адпаведнасці з законам.
У ДАІ падкрэсліваюць: нават калі вадзіцель лічыць сябе невінаватым у ДТЗ, пакіданне месца здарэння з’яўляецца сур’ёзным правапарушэннем. За гэта прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Правілы дарожнага руху дапускаюць толькі адно выключэнне, якое дазваляе пакінуць месца аварыі, — гэта экстранная транспарціроўка пацярпелага ў бальніцу, калі яго жыццю пагражае небяспека.
У сувязі з гэтым супрацоўнікі МУС заклікаюць вадзіцеляў захоўваць самавалоданне ў стрэсавай сітуацыі, стрымана ацэньваць абставіны здарэння і няўхільна выконваць усе дзеянні, прадпісаныя Правіламі дарожнага руху.
Аміна НАЗАРАВА
фота БелТА