Top.Mail.Ru

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае пешаходаў выкарыстоўваць флікеры

Засвяціся і захавай жыццё


З надыходам восені светлавы дзень імкліва скарачаецца. Ранішні змрок, ранні захад сонца, частыя дажджы і туманы кардынальна мяняюць дарожную абстаноўку. У гэту пару года пешаходы літаральна «раствараюцца» ў цемры для вадзіцеляў. Каб не стаць нябачнай мішэнню на дарозе, дастаткова выконваць некалькі простых, але жыццёва важных правіл.

Ва ўмовах пагаршэння бачнасці Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе пешаходам выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы — флікеры.

Найлепшымі лічацца флікеры белага ці лімоннага колераў, паколькі яны маюць найбольш аптымальную святлоадбівальнасць для таго, каб пешаход быў заўважны ў цёмны час сутак.


Каб забяспечыць максімальную бяспеку, варта прытрымлівацца некалькіх простых рэкамендацый:

двухбаковы ахоп: прымацуйце элементы з абодвух бакоў (на левы і правы рукавы, заплечнік, шапку), каб вас было відаць вадзіцелям, якія рухаюцца ў абодвух напрамках; 

абарона дзяцей: асаблівую ўвагу ўдзяліце дзіцячай вопратцы. Падчас пакупкі куртак і камбінезонаў аддавайце перавагу мадэлям з ушытымі святлоадбівальнымі палосамі. Дадаткова замацуйце флікеры на школьным заплечніку.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае вадзіцелям аб неабходнасці зніжэння хуткасці паблізу пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і ў жылых кварталах. Акрамя таго, пры вымушаным спыненні або ў выпадку ДТЗ абавязкова трэба апранаць камізэльку са святлоадбівальнымі элементамі. Гэта простае правіла дапамагае пазбегнуць новых ДТЗ і абараняе ўсіх удзельнікаў руху.


Лайфхак: Праверыць эфектыўнасць флікера вельмі проста. Навядзіце на яго камеру мабільнага тэлефона і зрабіце здымак з успышкай у цёмным пакоі. Якасны элемент на фатаграфіі будзе ярка свяціцца. Калі флікер пацёрся ці патрэскаўся, яго неабходна замяніць — свае ўласцівасці ён страціў.

Бяспека на дарозе — гэта ўзаемная адказнасць. Галоўная выснова простая: ва ўмовах каварнага восеньскага надвор’я і ранніх прыцемак флікер — гэта не проста фармальнае патрабаванне правіл, а рэальны шанц захаваць жыццё. 


Ірына КАВЕЦКАЯ, старшы інспектар па АіП АДАІ МГБ Першамайскага РУУС г. Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю