Навукова-тэхнічны прагрэс, надыход чацвёртай прамысловай рэвалюцыі непазбежна пацягнулі за сабой шматразовае ўзмацненне ролі акадэмічнай, універсітэцкай, галіновай навукі і ўкладу навуковай грамадскасці ў сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства. Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Сёння для канкурэнтаздольнасці ў сусветнай прасторы неабходна распрацоўка сур’ёзных інавацыйных праектаў і практычнае інтэграванне іх у рэальны сектар эканомікі. Гэтым пытанням і была прысвечана нарада кіраўніка дзяржавы, якая адбылася 21 лістапада, з навуковай грамадскасцю, кіраўнікамі найбольш буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны, рэктарамі вядучых навучальных устаноў. Разважаннямі пра ўплыў гэтай нарады, якая дазволіла зверыць гадзіннікі, на далейшае развіццё навуковай сферы і дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падзяліўся з БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Сівец.
Паводле яго слоў, цяперашні ўдзел Акадэміі навук ва ўдасканаленні прамысловага патэнцыялу краіны, рэальнага сектара эканомікі недастатковы. Так, з 98 інавацыйных праектаў, якія сёння рэалізуюцца, толькі дзевяць адносяцца да Нацыянальнай акадэміі навук, прычым толькі шэсць з іх фактычна завершаны дасягненнем канкрэтнага выніку. Гэта вельмі нізкі паказчык удзелу акадэмічных інстытутаў у мадэрнізацыі, навуковым пераўзбраенні рэальнага сектара эканомікі.
«Вядома, такое становішча спраў не можа задавальняць. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на болевых кропках, звязаных з тым, што, як правіла, навуковыя даследаванні не завяршаюцца ні распрацоўкай нейкага доследнага ўзору, ні — самае галоўнае — укараненнем доследных, эксперыментальных узораў у серыйную вытворчасць, — звярнуў увагу член Савета Рэспублікі.
Сяргей Сівец адзначыў вельмі слабую кааперацыю акадэмічных інстытутаў з прамысловым сектарам эканомікі. На гэта паўплываў шэраг аб’ектыўных прычын і перадумоў, звязаных як з арганізацыйнай структурай Акадэміі навук, так і з амаладжэннем кадраў, пераемнасцю пакаленняў у навуцы, недастатковай падрыхтоўкай дысертацыйных даследаванняў і абаронай у тэрмін доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Досыць сур’ёзны комплекс праблем патрабуе сістэмнага вырашэння. Падчас нарады былі агучаны пункты гледжання кіраўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, заслухана меркаванне кіраўнікоў прадпрыемстваў, рэктараў вышэйшых навучальных устаноў. Болевыя кропкі вызначаны.
«Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў прапановы, з якімі выступіла кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук, даручыў ураду больш глыбока, падрабязна іх прапрацаваць. Яшчэ раз абазначыў, што дзяржава заўсёды гатова падставіць плячо і дапамагчы вучоным у рэалізацыі новых ідэй, інавацый, прапаноў, ініцыятыў, у прасоўванні навуковых праектаў, але толькі калі ёсць вынік», — адзначыў член Савета Рэспублікі.
Так, дзяржава гатова фінансаваць любы інавацыйны прарыўны кірунак ці праект, але з гарантаваным атрыманнем выніку. Размовы пра рэалізацыю амбіцыйных навуковых ідэй без практычнага выніку, без практычнай аддачы, без карысці для эканомікі краіны і для беларускага грамадства сёння непрымальныя. «Даследаванні дзеля даследаванняў — не той алгарытм, які сёння будзе задавальняць краіну», — упэўнены Сяргей Сівец.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы вызначыў, як патрабуецца рэфармаваць навуковую сферу, і абазначыў неабходнасць абмеркавання гэтых пытанняў у бліжэйшы час на з’ездзе вучоных. Мяркуецца ў больш шырокім фармаце заслухаць меркаванне прадстаўнікоў рознага кшталту акадэмічных, галіновых, універсітэцкіх, навукова-даследчых інстытутаў і выпрацаваць адзіную стратэгію навукова-тэхнічнага прагрэсу, якая будзе магістральнай лініяй прынамсі на сярэднюю, а магчыма, і доўгатэрміновую перспектыву.
Старшыня Пастаяннай камісіі таксама ўказаў на значны навуковы патэнцыял, назапашаны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. «У свой час наша Акадэмія навук па сваіх распрацоўках і кадравым забеспячэнні была трэцяй у Савецкім Саюзе пасля непасрэдна саюзнай Акадэміі навук і Акадэміі навук Украіны, — заўважыў ён. — Дзякуючы намаганням кіраўніка дзяржавы нават у складаныя 1990-я гады гэты патэнцыял не быў растрачаны. Наадварот, дзяржава падставіла плячо Акадэміі навук, захавала навуковую базу, навуковы патэнцыял і цяпер мае права патрабаваць ад нашых вучоных адпаведнай аддачы і генерацыі новых, прарыўных напрамкаў у тых сферах, дзе ў нас ёсць сур’ёзная навуковая школа. Гэта і оптыка, і ядзерная фізіка, і мікраэлектроніка, матэрыялазнаўства, медыцынскія, фармацэўтычныя напрамкі і інш.».
Усе гэтыя праблемныя пытанні, а таксама шляхі іх вырашэння, прапанаваныя на нарадзе з кіраўніком дзяржавы, будуць прадметам абмеркавання ў больш шырокім фармаце на з’ездзе вучоных, — заключыў член Савета Рэспублікі.