Дзярждума Расіі 14 студзеня ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага праследавання замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі, паведаміла БелТА.
Гэта пагадненне было падпісана 13 сакавіка 2025 года ў Маскве прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Яно заснавана на прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, уключаючы прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і суверэннай роўнасці дзяржаў.
Пагадненне накіравана на канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў мэтах абароны сваіх грамадзян і забеспячэння гарантый іх правоў і свабод у сувязі з неабгрунтаваным крымінальным праследаваннем трэцімі бакамі. Дакумент датычыцца ў тым ліку пытанняў імунітэту службовых асоб.
«Пагадненнем фарміруецца механізм супрацоўніцтва бакоў для абароны сваіх грамадзян і забеспячэння гарантый іх правоў і свабод у сувязі з неабгрунтаваным крымінальным праследаваннем замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі. Бакі таксама прызнаюць імунітэты за вышэйшымі і іншымі службовымі асобамі бакоў», — сказала, прадстаўляючы дакумент на ратыфікацыю ў Дзярждуме, намеснік міністра юстыцыі Расіі Алена Ардаб’ева.
«Пагадненне дасць магчымасць знізіць рызыкі палітызаванага крымінальнага праследавання нашых грамадзян з боку трэціх дзяржаў і міжнародных структур. Адначасова такое пагадненне павысіць бяспеку дзяржаў і абароніць суверэнітэт», — падкрэсліла яна.
Беларусь ужо завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўступлення пагаднення ў сілу.