Top.Mail.Ru
75

Дзяржстандарт падвёў вынікі чэленджа-конкурсу відэаролікаў «Беларуская якасць — традыцыі, працавітасць, тэхналогіі»

На працягу многіх гадоў Дзяржстандарт развівае і ўкараняе розныя конкурсы на ўзроўні як рэспублікі, так і Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Як падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова, удзел у такіх праектах у першую чаргу дае магчымасць моладзі паглыбіцца ў сферу стандартызацыі, метралогіі і ацэнкі адпаведнасці. У далейшым многія з удзельнікаў такіх конкурсаў звязваюць з гэтымі кірункамі сваю прафесійную будучыню. 


Мабыць, самым яркім і нечаканым па маштабе стаў чэлендж-конкурс відэаролікаў «Беларуская якасць — традыцыі, працавітасць, тэхналогіі», які стартаваў у лістападзе 2025 года. Арганізатары свядома адмовіліся ад жорсткіх рамак: удзельнічаць мог кожны, незалежна ад узросту ці сферы дзейнасці. Адзінай умовай была змястоўнасць і крэатыўны падыход: удзельнікам патрабавалася раскрыць у сваіх работах, што для іх значыць беларуская якасць і як у гэтым паняцці пераплятаюцца традыцыі, працавітасць і сучасныя тэхналогіі.

«Аб’яўляючы гэты конкурс, мы не маглі падумаць, што ён выкліча такі ажыятаж і актыўны водгук з усіх куткоў краіны, — адзначыла Алена Маргунова. Паводле слоў старшыні Дзяржстандарта, усяго на чэлендж было даслана 276 работ, з якіх пасля адбору ў Тэлеграм-канале ведамства было апублікавана 260. Свае відэаролікі прадставілі флагманы прамысловасці, энергетыкі, сувязі, дрэваапрацоўкі, будаўнічай галіны, а таксама ўстановы адукацыі, аховы здароўя, сродкі масавай інфармацыі. 

Сярод дасланых работ былі і прафесійныя, амаль кінематаграфічныя ролікі, і дынамічныя, у блогерскім стылі, і глыбока асабістыя гісторыі. Некаторыя аўтары выкарыстоўвалі нават магчымасці штучнага інтэлекту. «Шэраг арганізацый заявіў не адзін, а адразу некалькі ролікаў. Самы актыўны ўдзел прынялі ўстановы адукацыі з Мазыра і Бабруйска, прычым у гэтых работах расказвалася не столькі пра самі ўстановы, колькі пра мясцовыя брэнды, любімыя гараджанамі і вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Падключыліся таксама рэгіянальныя СМІ, працавалі ў тандэме з прадпрыемствамі, шчыра балелі за іх», — адзначыла Алена Маргунова. 

Па словах дырэктара прадстаўніцтва МДТРК «Мір» у Беларусі, старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай, той ажыятаж, які выклікаў чэлендж-конкурс, сведчыць пра тое, што якасць закладзена нават у генетычным кодзе беларусаў. А конкурсы дзіцячай творчасці і іншыя падобныя праекты на тэму якасці фарміруюць правільнае стаўленне да працы і яе вынікаў у маладога пакалення: «Важна выхаваць у нашых дзяцей такое ж стаўленне да якасці, да таго, што мы робім і вырабляем, якое ёсць у нас», — падкрэсліла Вольга Шпілеўская, адзначыўшы, што гэта залог таго, што і надалей беларускія тавары будуць заставацца сінонімам надзейнасці і якасці.

У журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі профільных міністэрстваў, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый. У выніку першае месца заваяваў ААТ «Гродзенскі мясакамбінат», другое падзялілі адразу два ўдзельнікі, якія набралі роўную колькасць галасоў: тэлерадыёкампанія «Магілёў» і ААТ «Малочны свет». Трэцяга месца ўдастоілася ААТ «Белсолад». Улічваючы высокі ўзровень дасланых работ, пры падтрымцы спонсараў былі заснаваны таксама спецыяльныя намінацыі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў адбудзецца 24 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю