Top.Mail.Ru

Дзяржынск рыхтуецца да абласных «Дажынак»

Новыя скульптуры, раённыя падвор'і і фінішная прамая

Свята ўшанавання хлебаробаў Міншчыны запланавана на 19 верасня. Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка разам з памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Мінскай вобласці Аляксандрам Коханам, кіраўніцтвам Дзяржынскага раёна і профільнымі службамі рэгіёна праверылі ход падрыхтоўкі да «Дажынак». Яны праехалі па ключавых аб'ектах, ацэньваючы, што ўжо зроблена, а што яшчэ трэба «даціскаць» да фінішу.

Аб тым, што ўжо зроблена і яшчэ будзе зроблена да свята, расказаў намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Пішчык.

Адной з галоўных лакацый, якая прайшла рэканструкцыю, стала Цэнтральная плошча горада. Яна выканана ў форме коласа, што сімвалізуе ўраджай і ўраджайны год. Як адзначыў Аляксандр Пішчык, гэтая плошча прыведзена ў парадак першай з усіх запланаваных аб’ектаў, бо юбілей горада (Дзяржынску спаўняецца 880 гадоў. — Заўв. «Зв.») супаў са святкаваннем абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», таму яна ўжо гатовая на 99 %. Засталося толькі высадзіць расліны на прадугледжаных зялёных зонах, а ў цэнтры плошчы з’явіцца плоскасны фантан, выкладзены спецыяльнай пліткай. Акрамя таго, да свята будзе адчынены гарадскі стадыён, які прайшоў рэканструкцыю, а ў гарадскім парку ўсталёўваюцца малыя архітэктурныя формы, дзіцячае абсталяванне і каруселі, а таксама будуюцца павільёны з экспазіцыямі па гісторыі раёна.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца азеляненню горада. Паводле слоў Аляксандра Пішчыка, на Цэнтральнай плошчы і па ўсім горадзе будзе высаджана каля сямі тысяч дрэў і кустоў. Таксама па горадзе ў рамках конкурсу па добраўпарадкаванні азеляняюцца тэрыторыі прадстаўнікамі ўсіх формаў уласнасці.

На абноўленай плошчы перад раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці з’явіцца манументальная кампазіцыя, прысвечаная Году беларускай жанчыны. Яе стваральнікі — скульптар Канстанцін Касцючэнка і архітэктар Уладзімір Архангельскі — перамаглі ў раённым конкурсе «Імя ёй — Жанчына» («Беларусь квітнеючая»). Выраб кампазіцыі ўжо на 70 % завершаны. Скульптура прайшла ўзгадненне ў Міністэрстве культуры і Нацыянальнай акадэміі навук, яе якасць праверыў мастацка-экспертны савет аблвыканкама.

На «Дажынках» плануецца не толькі прадставіць дасягненні прадпрыемстваў, але і арганізаваць сапраўднае свята гасціннасці праз раённыя падвор’і. Кожны раён Міншчыны атрымае ўласную пляцоўку, каб паказаць свой характар, традыцыі, гаспадарчыя і культурныя дасягненні.

Падвор’і павінны стаць сапраўднымі візітнымі карткамі тэрыторый — яны аб’яднаюць сельскую гаспадарку, прамысловасць, адукацыю, культуру, грамадскае харчаванне і іншыя сферы. Менавіта такі падыход дазволіць расказаць пра раён не проста выставай, а паказаць яго аб’ёмна, праз жывыя вобразы.

Разглядаецца магчымасць размясціць падвор’і ўздоўж адной з вуліц каля святочнай тэрыторыі — прасторы для гэтага ў Дзяржынску дастаткова.

Падрыхтоўка да «Дажынак» — гэта не толькі буйныя аб’екты. У полі зроку — добраўпарадкаванне тэрыторый, стан двароў і дамоў, кантэйнерныя пляцоўкі, дарожная інфраструктура. На кантролі нават такія дэталі, як інвазійныя расліны — усё, што можа сапсаваць уражанне.

«Дажынкі» — гэта не толькі адрамантаваныя дарогі і прыведзеныя ў парадак будынкі. Традыцыйна да свята рыхтуюць новыя грамадскія прасторы. У парку з’явіцца незвычайны аб’ект — хатка з Бабай Ягой. Таксама ўзводзяцца новыя дзіцячыя пляцоўкі, фарміруюцца ўваходныя групы, якія стануць візітнымі карткамі горада.

Фінішная прамая — час, калі дробязяў ужо не бывае. Таму ў камунальшчыкаў, будаўнікоў, дарожнікаў і ўсіх, хто адказвае за падрыхтоўку, адзін галоўны дэдлайн: каб да пачатку «Дажынак» усё было гатова не на паперы, а ў рэальнасці.

Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю