У рахунак дзяржзаказу па продажы збожжавых здадзена каля 60 тысяч тон, або звыш 80 % зерня ад плана. Жніво працягваецца, хаця апошнім часам на зніжэнне яго тэмпаў уплываюць дажджы: мокрае жаць немагчыма, а калі ападкі былі багатыя, то і назаўтра камбайны загразалі. У такіх абставінах уборачную справядліва называюць барацьбой за ўраджай. І ўсё ж сёлетнія ўмовы надвор’я ў параўнанні з залевамі мінулага года куды лепшыя.
Зразумела, што, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, паўночны традыцыйна пазней уступае ў такія важныя сельгаскампаніі, як яравая сяўба і ўборачная. Асаблівасцю гэтага года стала вялікае снежнае покрыва ўзімку. З гэтай прычыны адсунуліся тэрміны падкормкі азімых культур. І ўсё ж яны былі своечасова выкананы, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па вобласці перавышае 30 ц/га. Уборачная праходзіць арганізавана.
— Нягледзячы на размяшчэнне на поўначы вобласці, другі па плошчы пасля Полацкага Гарадоцкі раён трэці год запар першым распачынае сяўбу аўса. Сёлета гэта здарылася 14 сакавіка. Гэта гаворыць аб добрай падрыхтаванасці нашых аграрыяў, іх імкненні ўступіць у ключавыя кампаніі, як толькі з’яўляецца магчымасць, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Аляксей Арлоў. — Заўсёды з трывогай чакаем небяспечных майскіх замаразкаў. Паблізу ад мясцовага «пункту холаду», Болецкай гары, яны могуць даходзіць да мінус 11, а гэтай зімой тут было зафіксавана ажно 35 градусаў марозу. На шчасце, сёлета пасевы захаваліся.
Таму напрыканцы ліпеня, маючы віды на добры ўраджай, аграрыі дружна прыступілі да яго ўборкі. Задзейнічаны ўсе тэхнічныя і людскія рэзервы, тэхніка была своечасова падрыхтавана і цяпер працуе з поўнай аддачай.
Плошчы, якія падлягалі ўборцы, у Гарадоцкім раёне прынцыпова не змяніліся і складалі амаль 8 тысяч га. Па стане на 20 жніўня было ўбрана 72 %. Варта адзначыць, што ў гэтым рэгіёне самы нізкі па краіне бал урадлівасці глебаў, які складае 21,3, а контурнасць палёў складае ўсяго 6,2 гектара. І ўсё ж землі сельгаспрызначэння не закінутыя, іх добрасумленна апрацоўваюць.
У структуры пасеваў дадаткова з’явіліся 600 га кукурузы на зерне на землях ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» і 100 га — ДП «Гарадоцкі-Агра» з мэтай атрымання якасных кармоў для жывёлы. Акрамя названых гаспадарак, на тэрыторыі раёна вырошчваюць збожжавыя філіял «Віраўлянскі» ЗП «Дзецкасельскі-Гарадок» і СРДУП «Улішыцы-Агра».
Сюды мы накіраваліся, каб павіншаваць з тысячным намалотам восьмага ў раёне камбайнера, які пераадолеў гэтую планку, Івана Карэліна. Трэба сказаць, «Улішыцы-Агра» — невялікая гаспадарка, у штаце якой усяго 53 чалавекі. Такі кампактны калектыў жыве і працуе, як адна сям’я. Вырошчвае сельгаскультуры, гадуе жывёлу.
— Я адзін з двух камбайнераў на прадпрыемстве, нам трэба ўбраць каля 500 га збожжавых, — расказаў перадавік. — За штурвалам свайго «Палесся» працую ад расы да расы трэцюю дэкаду. На мне ляжыць адказнасць не толькі за выкананне дзяржзаказу, але і за забеспячэнне гаспадаркі насеннем пад будучы ўраджай, а грамадскага статка — кармамі.
Дырэктар «Улішацаў-Агра» Аляксандр Міхалевіч дадаў, што тут няма энерганасычанай тэхнікі, а прапускная здольнасць сушыльнага комплексу складае ўсяго 10 тон на дзень. Так, патрабуецца тэхнічнае ўзмацненне, і яго патэнцыяльнай фінансавай крыніцай якраз і служыць ураджай, уборка якога завяршаецца, а таксама малако. Таму надзвычайную важнасць набывае належная арганізацыя працы, калі кожны член каманды з поўнай аддачай шчыруе на сваім месцы.
Дарэчы, за ўсю гісторыю існавання гэтага маленькага структурнага падраздзялення Беларускай чыгункі першы тысячнік з’явіўся тут толькі летась — і гэта таксама быў Іван Карэлін. Яго поспехам калегі рады, а лідар жніва прызнае, што не дасягнуў бы такога выніку, каб не ўклад калег у цэлы сельскагаспадарчы цыкл.
Так, надвор’е іншы раз выступае саюзнікам сяльчан, іншы — праціўнікам, але апраўдваць няўдачы толькі яго капрызамі несправядліва. Складнікаў поспеху мноства, ад бальнасці земляў, контурнасці палёў, якасці насення, унясення ўгнаенняў да наяўнасці паліва і спраўнай тэхнікі. Але ўсё гэта не працуе самастойна, без удзелу чалавека. Таму час збору пладоў працы, жніво — самы час падзякаваць кожнаму сельскаму працаўніку за хлеб на нашым стале.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара