У Баранавіцкай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая адкрылася выстаўка па выніках VIII Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага 850-годдзю смерці прападобнай Еўфрасінні Полацкай і Году міру і стварэння. Удзел праекце прынялі творцы з Беларусі, Расіі і Малдовы.
Выстаўка з дзесяткамі мастацкіх палотнішчаў падарожнічае па краіне ўжо амаль два гады. Цяпер яна будзе працаваць з сярэдзіны жніўня і да 7 верасня ў Баранавічах. На ўрачыстую імпрэзу, прысвечаную знакавай мастацкай падзеі, завіталі моладзь горада, удзельнікі літаратурна-творчага аб’яднання «Купальскія зоры», праваслаўныя святары горада, усе, хто нераўнадушна ставіцца да выяўленчага мастацтва, айчыннай гісторыі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Шчарбакоў.
Еўфрасіння Полацкая — першая з жанчын была кананізавана Рускай праваслаўнай царквой. А ў 1984 годзе наша суайчынніца прылічана да Сабора Беларускіх святых. Пра масштаб асобы Ефрасінні гаварыў благачынны Баранавіцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віталій Лазоўскі. Поруч з Беларускай Праваслаўнай царквой і Беларускім Саюзам мастакоў удзел у арганізацыі творчага праекта прынялі і Беларускі Саюз журналістаў, Беларускі Саюз жанчын. «Святасць зямлі Беларускай» , несумненна, далучыць да духоўнага святла, да сапраўднай культуры многіх гараджан, многіх гасцей горада Баранавічы. Дзверы Баранавіцкай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая шырока адкрыты для наведвальнікаў выстаўкі.
Мікола Берлеж