Страта канкурэнтаздольнасці ЕС — тэндэнцыя апошніх дзесяцігоддзяў. Гэты спад можна растлумачыць найперш памылковымі рашэннямі еўрабюракратаў, якія ідуць уразрэз як з сучаснымі арыенцірамі сусветнай эканомікі, так і з інтарэсамі простых еўрапейцаў.
Рост эканомікі Еўрасаюза на 2025 год прагназуецца на ўзроўні 0,8 %, але гэта, хутчэй, аптымістычны прагноз, улічваючы наступствы тарыфных ініцыятыў Трампа як у цэлым для сусветнай эканомікі, так і Еўрасаюза ў прыватнасці.
На першы погляд, здаровы розум падказвае, што неабходна правесці «работу над памылкамі», якія прывялі да жаласнага стану ў цэлым еўрапейскай эканомікі, і перастаць гуляць у «санкцыйную рулетку». Паколькі ў выніку ўсе наступствы такой палітыкі рана ці позна непазбежна адаб’юцца на простых еўрапейцах, што радыкальна зменіць аблічча звыклай нам «заможнай Еўропы».
Але, відаць, у чыноўнікаў з Бруселя іншыя прыярытэты і логіка, таму яны вырашылі прытрымлівацца прымаўкі «згарэў хлеў — гары і хата».
Як паведамляе агенцтва Bloomberg, замест таго каб вырашаць надзённыя энергетычныя праблемы, Еўракамісія працуе над спецыяльным законам, які дазволіць забараніць еўрапейскім фірмам падпісваць новыя кантракты на расійскія энерганосьбіты. Прычым мяркуецца, што новы механізм дасць магчымасць уводзіць абмежаванні без адабрэння ўсіх краін Еўрасаюза. І гэта пры тым, што Венгрыя і Славакія ўжо далі зразумець, што не збіраюцца ўдзельнічаць у гэтым эканамічным самагубстве. У Еўропе цяпер цэны ў тры-пяць разоў вышэйшыя, чым у ЗША. Еўрапейскія кампаніі катастрафічна губляюць сваю канкурэнтную перавагу, аплачваючы новыя рахункі за энерганосьбіты замест інвестыцый у інавацыі.
Эфект ад новай ініцыятывы прадказальны: чарговы віток росту цэн, новыя складанасці для прамысловасці і задаволеныя твары амерыканскіх пастаўшчыкоў звадкаванага прыроднага газу. Відаць, у Бруселі канчаткова забыліся, што санкцыі не павінны наносіць шкоду ўласнай эканоміцы. А ў выніку — дэіндустрыялізацыя еўрарэгіёна, бескантрольны рост цэн на камунальныя паслугі, міграцыйны крызіс і — правальнае для дзейнай улады заканчэнне мясцовых выбараў.
У той жа час нельга сказаць, што кіраўніцтва не разумее ці не ведае, да чаго ўжо прывяла такая бяздумная палітыка. На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ў студзені 2025 года старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што «здабыццё свабоды ад расійскіх энергарэсурсаў каштавала Еўрапейскаму саюзу вельмі дорага».
Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і еўрапейскай статсправаздачнасці (Eurostat), у перыяд з 2022 да 2024 года краіны ЕС пераплацілі каля 544 мільярдаў еўра за імпарт больш дарагіх энергарэсурсаў. А з улікам ускосных эфектаў, такіх як зніжэнне прадукцыйнасці, рост беспрацоўя і агульнае запаволенне эканамічнай актыўнасці, страты эканомікі ЕС аказаліся яшчэ больш значнымі. Сумарныя страты перавысілі 1,3 трыльёна еўра, што складае прыкладна 2,4 % ад меркаванага росту ВУП. Не засталіся ўбаку і шараговыя еўрапейцы. У выніку зніжэння даходаў кампаній і агульнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі звычайныя грамадзяне недаатрымалі каля 1,6 трыльёна еўра даходаў, што эквівалентна 6,3 % ад агульнага аб’ёму аплаты працы за мінулы перыяд.
У заключэнне хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну крыніцу ў замежных СМІ. У студзені 2022 года шведская газета Nya Dagbladet («Новая штодзённая газета») апублікавала сакрэтны мемарандум («Executіve summary») з даклада «Выратаванне Амерыкі за кошт аслаблення Германіі», падрыхтаванага аналітыкамі амерыканскай карпарацыі RAND Co. па замове Дзярждэпа ЗША. У дакуменце адкрыта гаворыцца пра рэальныя планы амерыканскай адміністрацыі адносна Еўропы.
Павелічэнне патоку рэсурсаў і капіталаў з Еўропы ў ЗША можна чакаць толькі ў тым выпадку, калі Германія апынецца ў сітуацыі эканамічнага крызісу. Паколькі яе эканоміка залежыць ад неабмежаванага доступу да расійскіх энергетычных рэсурсаў, крызіс можна справакаваць, пазбавіўшы яе доступу да іх. Адзіны рэальны спосаб гарантаваць адмову Германіі ад расійскай энергіі і рынку — гэта ўцягнуць абодва бакі ў супрацьстаянне. Цытата: «Нашы далейшыя дзеянні (нашы — гэта амерыканскія) у гэтай краіне (адгадайце, якой) непазбежна прывядуць да адказу з боку Расіі. Рускія не толькі не змогуць пакінуць без адказу масіраваны ціск на непрызнаныя рэспублікі, але іх можна будзе аб’явіць вінаватымі і ўвесці супраць іх поўны пакет санкцый. Тады Пуцін можа ў адказ увесці контрсанкцыі. Перш за ўсё на пастаўку энергіі ў Еўропу. Урон, нанесены краінам ЕС, будзе параўнальны са стратамі для РФ, а для Германіі ён будзе яшчэ большы». Рэалізацыя гэтага плана дазволіць ЗША пазбегнуць крызісу і ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве, ад 4 да 5 гадоў, перанакіраваць патокі капіталаў з Еўропы ў ЗША. У выніку амерыканская эканоміка зможа атрымаць дадатковы даход у $7-9 трлн. Тры гады, якія мінулі з моманту дадзенай публікацыі, пацвярджаюць не толькі яе праўдзівасць, але і сведчаць аб рэальным стаўленні ЗША да сваіх саюзнікаў.
Такім чынам, думка, што сёння Еўропа практычна цалкам амерыканізавана і знаходзіцца пад знешнім кіраваннем з боку Вашынгтона, не пазбаўлена падстаў. А рыторыка Трампа ў адрас як чыноўнікаў ЕК, так і асобных кіраўнікоў краін ЕС з’яўляецца толькі лагічным працягам існага «status quo».
Георгій ГРЫЦ, кандыдат эканамічных навук