Top.Mail.Ru

Еўрадэпутат: «Мы б вельмі хацелі нармалізацыі адносін»

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сустрэліся з дэпутатамі Еўрапарламента. Беларускія парламентарыі запрасілі сваіх еўрапейскіх калег у нашу краіну, каб найперш паказаць, што такое Беларусь, паказаць праўду. Дэпутаты з Чэхіі і Славакіі самі ўпэўнілся, што беларусы выступаюць за паважлівае і раўнапраўнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі, пераканаліся, што беларусы не рыхтуюцца да вайны і не збіраюцца ні на каго нападаць, але і ў крыўду сябе не дадуць. 



У Беларусі ў еўрапейскіх парламентарыяў насычаная праграма — яны наведалі выставу «Белагра», правялі шэраг сустрэч. Беларускія парламентарыі такую практыку будуць працягваць, у хуткім часе нашу краіну па запрашэнні калег наведаюць дэпутаты Аўстрыі, Францыі і ЗША. 

Мілан Ухрык узначальвае славацкую партыю «Рэспубліка», у Еўрапарламенце займае пасаду віцэ-старшыні фракцыі «Еўропа суверэнных нацый», працуе ў Камітэце па грамадзянскіх свабодах, правасуддзі і ўнутраных справах. «Па тым, што пішуць нашы СМІ, я думаў, што я еду ў сапраўднае пекла. Але я на свае вочы ўбачыў нармальную краіну, у якой развіваецца прамысловасць, бізнес. Многае з таго, што кажуць у Еўропе пра Беларусь, — хлусня. — адзначыў ён у размове з журналістамі. — Гэтым візітам я б хацеў гучна і адкрыта заявіць, што мая партыя супраць палітыкі ізаляцыі і санкцый на адрас Беларусі. Мы б вельмі хацелі нармалізацыі адносін. Мы галасавалі супраць законапраекта ў Еўрапейскім парламенце, які быў накіраваны на санкцыі супраць беларускага калію, бо мы разумеем, што гэта нашкодзіць нашай сельскай гаспадарцы».

Каментуючы агрэсіўную палітыку Захаду ў адносінах да Беларусі, палітык падкрэсліў, што Еўропа баіцца ўсходніх краін:

— Таму што еўрапейскія палітыкі, уключаючы фон дэр Ляен, проста не спраўляюцца з кіраваннем Еўропай, прымаючы законы і правілы, якія яе руйнуюць, накшталт зялёнага парадку дня, які губіць нашу прамысловасць. У нас дрэнная міграцыйная палітыка, ЛГБТ-парадак дня разбурае нашы сем’і... А краіны Усходу, краіны БРІКС, Беларусь — на ўздыме. І заходнія краіны гэтага баяцца, палітыкі не ведаюць, што рабіць. Усё, што яны могуць, — уводзіць блакады, санкцыі і негатыў. Але гэта не шлях наперад. 

Мілан Ухрык адзначыў, што пасля сваёй паездкі ў Беларусь ён упэўнены, што на радзіме сутыкнецца з крытыкай. «На самай справе, я буду гэтаму нават рады, таму што я перакананы, што мы робім правільную справу на шляху да нармалізацыі адносін», — прызнаўся ён.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю