Top.Mail.Ru

Еўрапейскія лічбавыя страсці: як у ЕС змагаюцца супраць амерыканскіх тэхналагічных гігантаў

Пры ўсіх знешніх і ўнутраных праблемах еўрапейскі рынак застаецца пакуль вельмі прывабным. І для амерыканскіх тэхналагічных гігантаў.

Усё ж такі ў ЕС пражывае больш за 400 мільёнаў чалавек і досыць заможных, каб сфармаваць ўстойлівы плацежаздольны попыт. Акрамя таго, канкурэнцыя на гэтым рынку, па сутнасці, адсутнічае. Сваёй дырэктыўнай рэгуляторыкай еўрапейцы настолькі забюракратызавалі інавацыйную сферу, што яна, фактычна, не можа вырвацца з улоння старых галін. Таму з лічбавым суверэнітэтам у ЕС, прама скажам, усё дрэнна. Уласныя высокатэхналагічныя распрацоўкі так і не з’явіліся. А чужыя не вельмі маюць намер выконваць усе капрызы антыманапольнага заканадаўства і нагрувашчванне іншых нарматыўна-прававых актаў, якія з арабскага скакуна патрабуюць зрабіць вярблюда. 

У прынцыпе, па такім шляху ідзе Google і іншыя амерыканскія кампаніі. Брусэль абураецца і злуецца. Ініцыіруе антыманапольныя расследаванні. Выпісвае штрафы. Потым вельмі доўга не вырашаецца іх прымяніць на практыцы. Па-першае, баючыся абвастрэнняў адносін з Вашынгтонам, якія і без гэтага знаходзяцца не на пазітыве. Па-другое, цудоўна разумеючы, што калі перагнуць палку, то байкот еўрапейскаму рынку могуць абвясціць ужо амерыканскія гіганты. Любы інтэрнэт-сэрвіс можна выключыць пры дапамозе рубільніка. Але такое радыкальнае дзеянне не здымае з парадку дня іншае пытанне: а што рабіць далей? Даставаць факсы і абменьвацца папяровымі лістамі праз паштовую скрыню?! Бо еўрапейскай пошукавай сістэмы, па сутнасці, няма. Як і многіх іншых сэрвісаў, без якіх ужо існаваць практычна немагчыма і на працы, і ў побыце. 

Таму чарговы намер Еўракамісіі аштрафаваць Google на рэкордную суму (сотні мільёнаў долараў) за невыкананне закона «Аб лічбавых рынках» (DMA) не моцна кагосьці ўзбудзіў. Дарэчы, пра гэты намер не было заяўлена афіцыйна. Інфармацыя з’явілася ў нямецкай газеце Handelsblatt, якая спасылаецца на свае крыніцы, блізкія да працэсу. Быццам бы падрыхтоўка адпаведнага рашэння знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Але яшчэ патрабуецца адабрэнне кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. Прыняць рашэнне плануецца да ліпеня, калі Еўракамісія сыходзіць на канікулы. ЕС абвінавачвае Google і яе матчыну кампанію Alphabet ў прасоўванні ўласных сэрвісаў у пошукавай выдачы на шкоду канкурэнтам. Прэтэнзіі датычацца адлюстравання сэрвісаў Google Flights і AI Overview. 

Уласна кажучы, Google ужо не першы раз трапляе пад меч антыманапольнага правасуддзя ў Еўропе. Восенню мінулага года амерыканскай кампаніі ўжо выпісалі штраф у 3,5 мільярда долараў. Антыманапольнае расследаванне доўжылася з сакавіка 2023 года. Гэтая працэдура не з’яўляецца хуткай. А потым яшчэ і мясцовая бюракратыя думала, як лепш распарадзіцца яго вынікамі з пункту гледжання ўзаемаадносін з ЗША. У выніку вырашылі ўсё ж такі даць справе ход. Праўда, складана сказаць, ці выплаціла Google гэтыя грошы ці першапачаткова заяўленая сума штрафаў пасля, без агалоскі, была значна паменшаная. Паводле афіцыйных заяў, тэхнагігант пайшоў на супрацоўніцтва з еўрапейскімі ўладамі, унёс нават некаторыя змены ў алгарытмы для сваіх сэрвісаў, якія працуюць на тэрыторыі Старога Свету. Але да канца задаволіць Брусэль так і не змог. Па-першае, напэўна, першапачаткова не было такога жадання. Па-другое, калі строга і скурпулёзна выконваць еўрапейскія заканадаўчыя хітраспляценні, то ні працаваць, ні жыць не захочацца. І пацвярджэннем з’яўляецца адсутнасць годных лічбавых платформ еўрапейскага паходжання. Па-трэцяе, амерыканцы добра разумеюць (і еўрапейцы таксама), што мясцовых канкурэнтаў няма. 

Таму чарговая серыя антыманапольнага расследавання — піяр для ўнутранага спажыўца: маўляў, закон адзіны для ўсіх. Нават для буйных лічбавых кампаній. Несумненна, прысутнічае і геапалітычны падтэкст: чарговы сігнал у Вашынгтон, з якім перманентна ідуць перамовы па гандлёва-эканамічных адносінах. І не самым удалым для еўрапейцаў. Неафіцыйны намер моцна аштрафаваць Google — непразрысты намёк, што ёсць жаданне абмяняць свабоду амерыканскіх лічбавых кампаній на нейкія іншыя выгоды для еўрапейскіх. Іншае пытанне, што не так даўно Дональд Трамп адкрытым тэкстам заявіў: калі ў ЕС пацерпяць Амерыканскія IT-карпарацыі, то ён ударыць пошлінамі па вінаватых краінах. 

Зрэшты, праблема больш глыбокая і тычыцца не толькі лічбавага сектара. У цэлым празмерная бюракратыя забівае еўрапейскі бізнэс. І не толькі інавацыйны, але і цалкам традыцыйны, як сельская гаспадарка. У гэтай сферы столькі накруцілі стандартаў, дырэктыў, стратэгій і іншых дакументаў што бедныя фермеры губляюць сваю канкурэнтаздольнасць. Тым больш, што канкурэнты з іншых рэгіёнаў жывуць больш свабодна. Прайшлі тыя часы, калі ў Еўропы быў такі геапалітычны ўплыў, які дазваляў прасоўваць свае светапогляд і філасофію калі не па ўсім свеце, то ў значнай колькасці рэгіёнаў. У цяперашняй сістэме сусветных каардынат ЕС з’яўляецца буйным эканамічных гульцом, але не дамінуючым. А без гэтага статусу, як аказалася, пазіцыі ў Еўрасаюза не настолькі трывалыя і непарушныя, як гэта здавалася. 

Уладзімір ВАЛЧКОЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю