Top.Mail.Ru
445

Еўразійскі банк развіцця павысіў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2025 годзе да 3 %

Па словах старшага аналітыка Цэнтра краінавага аналізу Дырэкцыі па аналітычнай рабоце ЕАБР Антона Далгавечнага, гэта стала магчымым дзякуючы моцным вынікам пачатку года і чаканаму пашырэнню крэдытнай падтрымкі інвестыцый, паведамляе БелТА.



ЕАБР раней прагназаваў, што ў 2025 годзе беларуская эканоміка прырасце на 2,6 %. Цяпер банк павысіў прагноз да 3 %. У 2026–2027 гадах ЕАБР чакае росту ВУП Беларусі на 1,7 %. «Пасля істотнага росту ВУП у 2023–2024 гадах Беларусь сёлета таксама захоўвае павышаныя тэмпы развіцця эканомікі. Ужо за студзень—май мы бачым, што гэта вышэй за сярэднія тэмпы апошніх 15 гадоў. Рост эканомікі фарміруецца за кошт унутранага попыту. Рознічны тавараабарот вырас на 9,3 %, інвестыцыі ў асноўны капітал — больш як на 14 %. Пры гэтым назіраецца запаволенне росту ў прамысловасці, якая была асноўным драйверам у апошнія некалькі гадоў. Росту ВУП Беларусі ў 2025 годзе будзе садзейнічаць далейшае павелічэнне спажывання, якое падтрымае заработная плата і спажывецкае крэдытаванне. Акрамя таго, працягне пашырацца інвестыцыйная актыўнасць. Тут драйверам будзе выступаць рэалізацыя дзяржаўных праграм і спрашчэнне доступу да крэдытавання інвестыцыйных праектаў. Падтрымку росту эканомікі акажа і дынамічнае аднаўленне ІТ-сектара», — сказаў Антон Далгавечны.

Нагадаем, ВУП Беларусі ў 2023 годзе павялічыўся на 3,9 %, у 2024-м — на 4 %. У 2025 годзе запланаваны рост на 4,1 %.

Учора Еўразійскі банк развіцця прадставіў новы выпуск макраэканамічнага прагнозу для краін-удзельніц на 2025–2027 гады. У краінах аперацый ЕАБР чакаецца захаванне высокай эканамічнай актыўнасці ў прагназаваным перыядзе, нягледзячы на складаныя знешнеэканамічныя ўмовы. Дзяржавы прадоўжаць актыўна абапірацца на ўнутраныя крыніцы росту, перш за ўсё на інфраструктурныя і індустрыяльныя інвестыцыі, а таксама на спажывецкі попыт, які дынамічна расце на фоне значнага павелічэння даходаў насельніцтва.

Аналітыкі ЕАБР таксама падзяліліся бачаннем ключавых тэндэнцый у сусветнай эканоміцы і іх уплывам на еўразійскі рэгіён. На іх думку, рост глабальнай эканомікі запаволіцца да 3 % у 2025 годзе ў параўнанні з 3,3 % у 2023–2024 гадах. Павышэнне нявызначанасці на фоне тарыфнай палітыкі ЗША і негатыўныя структурныя фактары акажуць стрымальны ўплыў на эканамічную актыўнасць у свеце. Зніжэнне спажывецкай упэўненасці і чаканняў ад бізнесу замарудзяць дзелавую актыўнасць у амерыканскай эканоміцы, дзе ВУП вырасце на 1,4 % у 2025 годзе пасля павелічэння на 2,8 % у 2024-м. У еўразоне сёлета захаваюцца слабыя тэмпы эканамічнага росту — каля 0,6 % пасля 0,9 % годам раней. Рост кітайскай эканомікі захаваецца паблізу мэтавых 5 % у 2025-м за кошт прадаўжэння палітыкі стымулявання ўнутранага попыту.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю