Top.Mail.Ru

Еўропа ўсё глыбей апускаецца ў паліўны крызіс

Вір паліўнага крызісу паскараецца. У кожнай краіне ён набывае свае рысы, драматызм працякае са сваёй дынамікай. Еўропа стала адным з самых пацярпелых рэгіёнаў. Цэны ўжо ў сярэднім падскочылі на трэць. Гэта — у сярэднім. У кожнага рэгіёна свая гісторыя. Не столькі абумоўленая рыначнымі механізмамі, колькі магчымасцямі чыноўнікаў уключаць антыкрызісную рэгуляторыку і кампенсаваць з бюджэту павышаныя выдаткі грамадзян і карпаратыўнага сектара. Скажам, у той жа Польшчы назіраюцца дызельныя арэлі: цэны то падаюць, то зноў растуць, вяртаючыся на ранейшыя пазіцыі і імкнучыся да новых рэкордаў.



Летам кошт саляркі рэзка вырас. Адбілася і агульнае напружанне на сусветным паліўным рынку, і праблемы пастаўкі сырой нафты з Саудаўскай Аравіі, калі быў парушаны магістральны трубаправод, які дазваляў дастаўляць вуглевадароды да партоў Чырвонага мора ў абыход Армузскага праліва. У выніку ў жніўні прыйшлося ўводзіць дзяржаўнае рэгуляванне на цэны, а таксама знізіць ПДВ з 23 % да 8 %. Такім чынам удалося збіць кошт дызелю з 8 злотых (каля 2 долараў) за літр да 7,3 злотага (каля 1,9 долара). Але сіл хапіла толькі на два тыдні. Ад гэтых мер занадта моцна цярпеў бюджэт. Акрамя таго, «квітнеў» паліўны турызм: нямецкія кіроўцы з усходніх рэгіёнаў ФРГ ездзілі запраўляцца ў польскае прыгранічча. Таму ўсе абмежаванні і падатковыя канікулы знялі з 1 верасня. Кошт літра да сярэдзіны месяца дасягнуў амаль 9 злотых (2,5 долара).

Гэта ўжо пагражала сацыяльным усплёскам. Але знайсці кансэнсус у Варшаве ўдалося не адразу. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўпарта адмаўляўся падпісваць нарматыўна-прававы акт аб падатках на звышпрыбытак нафтаперапрацоўшчыкаў. Толькі ў гэтым выпадку ў казны з’яўляліся сродкі, каб вярнуць дзяржаўнае рэгуляванне. Цяжка сказаць, ці то Наўроцкі не хацеў крыўдзіць нафтаперапрацоўчыя кампаніі, ці то на яго пазіцыі адбівалася палітычная арыентацыя: фармальна беспартыйны, ён сеў у сваё крэсла дзякуючы падтрымцы партыі «Права і справядлівасць», якая цяпер апазіцыйная. У выніку, пад ціскам грамадзянскай незадаволенасці, прыйшлося пайсці на гэты крок. Лімітавыя цэны вярнуліся 3 кастрычніка. Але вярнуцца да жнівеньскіх мінімумаў так і не ўдалося. У першай дэкадзе кастрычніка лімітавы кошт дызелю ўрад устанавіў 7,88 злотага.

Праўда, умяшанне дзяржавы не змагло цалкам «знішчыць» паліўную інфляцыю. Лімітавыя цэны няўмольна растуць. І 12 кастрычніка цана дызелю ўжо павялічылася да 8,06 злотага (звыш 2 долараў) за літр. Эксперты ўпэўненыя: дынаміка працягнецца. Бо фундаментальныя прычыны дэфіцыту паліва не вырашыліся. З Расіяй — адным з буйных пастаўшчыкоў — Еўропа па-ранейшаму знаходзіцца ў канфрантацыі і днямі ўвяла новы пакет санкцый. Пастаўкі нафтапрадуктаў з дзяржаў Персідскага заліва поўнасцю не аднавіліся. У ЗША набліжаюцца прамежкавыя выбары ў Кангрэс. Гэты факт вельмі непакоіць і Дональда Трампа, і Рэспубліканскую партыю ў цэлым. Страціць большасць у прадстаўнічым органе яны не могуць сабе дазволіць. А цэны на паліва з’яўляюцца сур’ёзным электаральным аргументам. Таму амерыканскі прэзідэнт нават анансаваў радыкальныя меры: абмежаваць экспарт дызельнага паліва. Насамрэч мера вельмі спрэчная і нават сумнеўная. І справа не толькі ў дрэнным настроі ў амерыканскіх нафтавікоў, якія магутна падтрымлівалі дзейнага гаспадара Белага дома. Забарона на пастаўкі дызелю за мяжу кардынальна паляпшаюць становішча ў вусці Місісіпі, але пагаршаюць на заходнім узбярэжжы. З’яўляючыся нета-экспарцёрамі маторнага паліва, тая ж Каліфорнія імпартуе значныя аб’ёмы. Асноўныя перапрацоўчыя магутнасці сканцэнтраваны на ўсходзе. Заходнім штатам больш выгадна купляць нафтапрадукты танкерамі на сусветным рынку. Магістральных прадуктаправодаў з нафтавага ўзбярэжжа Мексіканскага заліва багатыя амерыканцы чамусьці так і не пабудавалі, каб сілкаваць густанаселеную Каліфорнію. А вазіць чыгуначным транспартам занадта дорага. Таму адмова ад экспарту вырашыць праблему ў адных рэгіёнах ЗША, але пагоршыць у іншых — калі з сусветнага рынку знікнуць яшчэ і амерыканскія аб’ёмы дызелю, будуць пабіты чарговыя рэкорды біржавых каціровак.

Тым не менш яркія заявы Дональда Трампа ўскалыхнулі рынкі. У ЗША цана галона на запраўках крыху паменшала, у Еўропе, наадварот, адбылося падаражанне на фоне дрэнных навін з-за Атлантыкі. Ніякага рэзкага нарматыўна-прававога акта Дональд Трамп так і не падпісаў. Але краіны G7 і Еўропа пад шантажом яго пагроз пагадзіліся выдзеліць са стратэгічных запасаў да 100 мільёнаў барэляў нафты і паліва (у тым ліку і дызельнага) для стабілізацыі сусветнага рынку. Зрэшты, прынцыпова пераламаць сітуацыю наўрад ці атрымаецца нават праз такія ахвяры. Аб’ёмы, узятыя з рэзерваў, адпавядаюць прыблізна штодзённаму спажыванню нафты.

У канцы мінулага тыдня амерыканскі прэзідэнт нанёс новы ўдар па еўрапейскіх саюзніках-канкурэнтах: падчас тэлефоннай размовы Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб пастаўках расійскага дызельнага паліва. А амерыканскае Міністэрства фінансаў падрыхтавала адпаведныя дакументы. Зноў, не варта пераацэньваць значэнне гэтага кроку для паліўнага рынку ў цэлым. Але факт у тым, што зніжэнне ўзроўню амерыканскіх санкцый спрашчае пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў, у тым ліку і ў трэція краіны. Еўропа ў гэты пералік не ўваходзіць: там працягваюць моцна трымацца за антырасійскія рэстрыкцыі. Таму чарговы раз страцяць у канкурэнтаздольнасці. Аб гэтым шчыра заявіў прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца: з прычыны сваёй знешняй палітыкі ЕС можа аказацца з палівам па 3 еўра за літр і дэфіцытам яго. І цяпер нават складана сказаць, наколькі палітык згушчае фарбы. Пакуль ЕС знаходзіцца ў жорсткім шпагаце: з аднаго боку, той жа Вашынгтон мэтанакіравана адразае Стары Свет ад сыравіны, з другога, Брусель сам зачыняе дзверы перад пастаўкамі крытычных рэсурсаў.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю