Несумненна, да голаду еўрапейцам яшчэ далёка. Але аграрная праблема турбуе еўрапейскіх чыноўнікаў вышэйшага кшталту нават больш, чым паліўная. Армузскі праліў з’яўляўся варотамі не толькі для нафты і газу, але яшчэ ў большай ступені для ўгнаенняў. У першую чаргу азотных. Каля 30 % вытворчых магутнасцяў сканцэнтравана ў Персідскім заліве. І іх пастаўкі спыніліся праз узброены канфлікт. Рынкі ўжо адрэагавалі кардынальным павышэннем цэн. На чарзе — фосфарная група, бо для яе вытворчасці выкарыстоўваецца аміяк, адзін з вытворных азоту. Сёлета многія рэгіёны чакае вельмі напружаная і трывожная пасяўная кампанія. Еўрапейцы настолькі занепакоены, што пачынаюць абмяркоўваць варыянты адыходу ад сваіх санкцыйных асноў, маючы намер зняць санкцыі з угнаенняў. Іншае пытанне — ці знойдуцца свабодныя аб’ёмы?
Рынак азотных угнаенняў у апошнія гады адрозніваўся высокай сезоннасцю і валацільнасцю. На працягу года цэны маглі рухацца ў найшырэйшым дыяпазоне. Але сярэднія каціроўкі выразна імкнуліся ўверх. Летась азотныя ўгнаенні выраслі ў кошце на 20 %. Сёлета — ужо на 30–50 %,
у залежнасці ад спецыфікацыі. Па гэтым рынку канфлікт на Блізкім Усходзе нанёс двайны ўдар. Па-першае, спыніліся пастаўкі з рэгіёна. Па-другое, ключавой сыравінай для вытворчасці азотных угнаенняў з’яўляецца газ. А з ім таксама сёння не ўсё ў парадку, мякка кажучы. З-за росту цэн на звадкаваны прыродны газ еўрапейскія вытворцы ўгнаенняў ужо пагаворваюць аб зніжэнні аб’ёмаў вытворчасці. Або зусім аб яго спыненні. Гэта тая галіна, якая вельмі рэагуе на змены на вуглевадародных рынках, бо энергаёмістасць вытворчасці азотных угнаенняў перавышае 50 % (паказчыкі могуць дасягаць
і 70–80 % у залежнасці ад наменклатуры прадукцыі, што выпускаецца, і тэхналогіі, што выкарыстоўваецца).
Для флоры азот прынцыпова неабходны. Ён уваходзіць у склад хларафілу, які забяспечвае лістоце ярка-зялёны колер, дзякуючы чаму сонечная энергія трансфармуецца ў пажыўныя рэчывы. Калі азоту не хапае, то лістота жухлая, жоўкне і дрэнна скарыстоўвае сонечныя прамяні. Азот жа забяспечвае хуткі старт вегетацыі вясной, калі расліны толькі прачынаюцца. Ён жа ўмацоўвае каранёвую сістэму, забяспечвае рост зялёнай масы, павялічвае колькасць і якасць пладоў. Словам, азотныя ўгнаенні напрамую ўплываюць на ўраджайнасць. Несумненна, у глебе прысутнічае пэўная канцэнтрацыя прыроднага азоту, але яго недастаткова для выніковага аграрнага бізнесу. Расці культуры будуць, але іх ураджайнасць будзе знаходзіцца на ўзроўні часоў сахі і касы. Вядома, я перавышаю памер трагедыі. Але не моцна адступаю ад ісціны: без угнаенняў пракарміць сучасную колькасць насельніцтва немагчыма.
Таму еўрапейцы вельмі і заклапаціліся праблемай угнаенняў. І якая ж непрыемнасць склалася: каля траціны карбаміду закрыта ў Персідскім заліве. А яшчэ каля 20 % вырабляецца ў Расіі і Беларусі: краіны, супраць якіх Еўрасаюз вядзе планамерную эканамічную вайну. Іншымі словамі, у ЕС адрэзана больш за палову рынку азотных угнаенняў. І гэта ўжо вельмі сур’ёзна. Нават больш драматычна, чым нафтагазавая гісторыя. З сусветнага рынку выпала больш за 20 % нафты і газу з Персідскага заліва. Насамрэч — менш, бо нейкі рух па праліве ўсё ж такі ідзе. Але ў вуглевадародаў ёсць пэўныя варыянты. Могуць павялічыць вытворчасць іншыя краіны. Яны цалкам не кампенсуюць зыход з рынку персідскіх выкапняў, але часткова могуць замясціць. Саудаўская Аравія актывізавала продажы праз Чырвонае мора, да якога праз увесь паўвостраў вядзе магістральны нафтаправод магутнасцю каля
5 мільёнаў барэляў у суткі. Так, лагістыка атрымліваюцца некалькі даражэйшая. Але аб’ёмы на рынку ёсць. Барэль абыходзіцца даражэй, але фізічна нафта, у прынцыпе, даступная.
З угнаеннямі можа атрымацца больш драматычная гісторыя, бо на рынку папросту можа не хапіць аб’ёмаў. Ні па якой цане. Дэфіцыт карбаміду глабальны. З-за закрыцця Армузскага праліва пацярпелі і дзяржавы Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыя, Афрыка — словам, стратэгічныя партнёры Беларусі і Расіі, якія развіваюць з нашымі краінамі і палітычныя, і культурныя, і эканамічныя адносіны. З гэтымі дзяржавамі ў нас дзейнічае шэраг міжнародных пагадненняў. Таксама ў рамках забеспячэння харчовай бяспекі. А ўгнаенні — адзін з найважнейшых фактараў гэтай самай бяспекі. Іншымі словамі, рызыкну выказаць здагадку: калі нават Еўрасаюз шырокім жэстам здыме санкцыі з азотнай прадукцыі, то яны будуць стаяць не ў першай чарзе. Альбо тады прыйдзецца перазагружаць адносіны па больш шырокім спектры.
Нельга выключаць, што менавіта аграрнае пытанне будзе тым пунктам, калі ад канфрантацыі прыйдзецца пераходзіць да перагавораў і дыпламатыі. Нафту і газ з цяжкасцю, са стратамі, але можна нейкім чынам замяшчаць іншымі відамі паліва. Балазе вопыт разгортвання той жа вугальнай энергетыкі ў еўрапейцаў ужо ёсць. Але ўгнаенні ніякімі «зялёнымі» тэхналогіямі не заменіш. А без мінеральных рэчываў прыстойнай ураджайнасці дамагчыся немагчыма. Харчовая ж інфляцыя — вельмі хваравітая з’ява. І для эканомікі, і асабліва з пункту гледжання сацыяльна-палітычнай устойлівасці. Вядома, голад у яго прамым сэнсе слова ЕС не пагражае. Але дабрабыт грамадзян можа пацярпець вельмі істотна.
У гэтым разрэзе Беларусь выглядае нават вельмі выйгрышна, з якога боку ні паглядзі. І ў святле апошніх падзей аграрны сектар набывае значны экспартны патэнцыял. Відавочна, што сыравінны крызіс у свеце пашыраецца і паглыбляецца. А гэта негатыўна адбіваецца на рынках харчавання. І шэраг пазіцый ужо пачынае даражэць. Калі збожжавыя дадалі ўсяго некалькі працэнтаў, то цукар у свеце падаражэў ужо больш чым на 10 %. Хоць яшчэ ў пачатку года назіраўся яго значны прафіцыт. Праўда, адыграў ролю іншы фактар: лішкі цукровага трыснягу ў Бразіліі і ў іншых лацінаамерыканскіх дзяржавах актыўна выкарыстоўваюцца для вытворчасці этанолу і біяпаліва. Пытанне харчовай бяспекі абвастраецца. І краіны з развітым аграрным сектарам поўнага цыкла, як Беларусь, валодаюць і ўстойлівасцю, і значным эканамічным патэнцыялам.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ