Па ўсёй краіне адбываюцца паказы дакументальнага фільма, прысвечанага манастыру, заснаванаму Ефрасінняй Полацкай.
Сёлета спаўняецца 900 гадоў з моманту заснавання манастыра, які мы ведаем цяпер як Спаса-Ефрасіннеўскі. Гэта значная дата для ўсёй краіны: святая лічыцца апякункай Беларусі. Чаму? Своеасаблівы адказ на гэта пытанне дае дакументальная стужка «Прыстанак святой Ефрасінні» (кінастудыі «Беларусьфільм»), прэм’ера якой адбылася ў сталічным кінатэатры «Перамога».
Складана зняць фільм, прысвечаны справам беларускай святой, і абысці ўвагай яе асобу. Таму ў аснову стужкі было пакладзена «Жыціе...» прападобнай Ефрасінні Полацкай. Бо без яе веры і імпэту не паўстаў бы дзівосны храм, створаны дойлідам Іаанам, не было б ці не самага загадкавага айчыннага сімвала — крыжа, створанага Лазарам Богшам. А яшчэ ж яна творыць цуды, нават цяпер — дапамагае тым, хто шчыра просіць яе ў малітоўных зваротах. Заснаваны прападобнай Ефрасінняй Полацкай манастыр з’яўляецца месцам, дзе штодзённа адбываюцца тысячы добрых спраў. І дзе няспынна гучыць малітва за Беларусь і наш народ.
Фільм у гонар 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра быў зняты па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які падчас прэм’еры адзначыў:
— Фільм прысвечаны найстаражытнейшаму манастыру на беларускіх землях і ва ўсходнеславянскім свеце. Манастыр, заснаваны святой, мае няпростую гісторыю, сугучную з гісторыяй нашага народа. І ў цяперашні час мы сведчым пра тое, што старажытны храм адноўлены дзякуючы намаганням дзяржавы і непасрэдна пры падтрымцы Прэзідэнта нашай краіны. Фільм — гэта цудоўная магчымасць для тых, хто не можа даехаць да манастыра, але хоча больш пра яго ведаць, пазнаёміцца са святыняй. А тым, хто ўжо пабываў у Полацку, фільм дасць глебу для разважанняў, бо ён адкрывае некаторыя невядомыя гледачу старонкі жыцця манастыра.
І ў гэтым каштоўнасць падыходу. Асабліва хочацца падзякаваць за тое, што быў знойдзены поўны глыбокай пашаны падыход у перадачы гісторыі і самога зместу жыцця прыстанку ў Полацку, каб гледачы пастараліся зразумець сутнасць подзвігу прападобнай Ефрасінні, сутнасць манаскага жыцця ў сучасным свеце і высокага служэння манастыра, які ад зямлі скіроўваецца да неба.
Фактычна кожны глядач праз фільм атрымлівае своеасаблівую экскурсію па манастыры: аглядае тэрыторыю, разам з насельніцамі ходзіць на богаслужэнні, слухае іх спевы і нават назірае за працэсам выпякання просвір — як яшчэ гэта было б магчыма? І так ці інакш, але вядзе размову з Ефрасінняй, бо яе жыццё і сапраўды можа падасца сучаснаму чалавеку шмат у чым дзіўным. Чаму юная Прадслава, унучка Полацкага князя Усяслава і дачка князя Георгія, вырашыла змяніць імя? Чаму прыгажуня, чыёй рукі шукалі многія знаныя князі, абрала шлях манаства?
Як яна прыйшла да думкі пабудаваць манастыр у Сяльцы? Якім цудам дамаглася таго, што галоўны храм — Спаса-Праабражэнскі — паўстаў у вызначаны ёй тэрмін? Пра гэты цуд распавядаюць сучасныя насельнікі манастыра: як будаўнікі атрымалі патрэбную для заканчэння прац плінфу. Яе не хапіла, і Ефрасіння маліла Бога, каб дапамог. І ранкам работнікі знайшлі патрэбную колькасць цэглы ў печах, якія вечарам былі пустыя...
Здзіўляцца не будзе той, каму ўдалося паглыбіцца ў жыццё полацкага манастыра. А людзі з камерай — гэта для насельніц тое яшчэ выпрабаванне, паколькі ў іх свой распарадак. Матушка Іўсціна ад імя настаяцельніцы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ігуменні Еўдакіі падзякавала кінамайстрам за працу:
— Вялікім суцяшэннем для нас была згода рэжысёра стварыць традыцыйны дакументальны фільм пра святую, без пастановачных сцэн. Мы ўдзячныя ўдзельнікам здымачнай групы, якія працавалі ў манастыры далікатна і акуратна — так, што мы не выходзілі за рамкі правіл манаскага жыцця. Рэжысёру ўдалося распавесці не толькі пра жыццё і подзвігі прападобнай Ефрасінні, але і прыадкрыць гледачу заслону паўсядзённага жыцця манастыра.
Манашкам, у сваю чаргу, падзякаваў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, які агучваў фільм: за тое, што падтрымалі і былі разам з рэжысёрска-пастановачнай групай. Уладзімір Луцкі, рэжысёр фільма, згадаў, што здымкі пачыналіся вясной мінулага года, калі ў манастыры ішлі будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы, і гэта вельмі ўскладняла працэс. А так хацелася зрабіць прыгожы і вобразны фільм, перадаўшы чароўную атмасферу ўсяго манастыра і Спаса-Праабражэнскага храма, распісанага фрэскамі.
І гэта таксама дзіва, якое стала магчыма дзякуючы Ефрасінні. На адной з фрэсак паўстае яе постаць у поўны рост. На жаль, нам не дадзена ўбачыць яе твар — менавіта гэты фрагмент страчаны (Ефрасіння застаецца для нас таямнічай). Але гэта адзіная выява, дзе ў яе няма німба. Затое ў руках — храм, які яна падносіць Госпаду. На ім у два шэрагі ідуць трохлопасцевыя какошнікі — гэта форма менавіта адсюль стала распаўсюджвацца ў старажытнарускай архітэктуры. Яшчэ адна асаблівасць: Ефрасіння спланавала ў храме келлю справа — для сябе, а злева — для сястры, якая таксама прыняла манаства. У гэтых келлях ёсць акенцы. Калі глядзіш у іх, то з аднаго боку бачыш вялікую фігуру прападобнага Сямёна Стоўпніка, а з другога — прападобнага Данііла Стоўпніка: перад вачыма прыклад подзвігу дзеля Госпада.
У фільме распавядаюць пра тое, як пачыналася рэстаўрацыя гэтага храма — фактычна з раскрыцця жывапісу. Рэстаўратарам удалося адслаіць увесь алейны роспіс больш позняга перыяду, цяпер ён дэманструецца ў музеі. А мы можам бачыць раннія фрэскі, якія адкрыліся, — магчыма, паспрыяла сама прападобная? Яна спачывае ў манастыры, куды вярнулася праз стагоддзі. Срэбра на раку для беларускай святой дапамог здабыць Прэзідэнт краіны.
А яна радуецца і працягвае тварыць дабро — манашкі сведчаць пра цуды, якія даюцца тым, хто верыць.