З 1 жніўня Егіпет запускае сістэму лічбавых віз. Як быць беларускім турыстам, расказалі БелТА ў Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый.
«Замест папяровых налепак у пашпарце турысты будуць атрымліваць QR-код. На першым этапе новаўвядзенне запрацуе ў аэрапорце Каіра, затым сістэму ўкараняць у іншых аэрапортах. Кошт візы застанецца ранейшым — 30 долараў ЗША», — растлумачылі ў РСТО.
Як мяркуюць тураператары, турысты, якія прыбываюць у жніўні ў Хургаду, будуць афармляць візы па старых правілах. Поўнамаштабнае ўкараненне пачнецца толькі пасля абкаткі сістэмы ў Каіры.
Атрымаць QR-код можна будзе адным з трох спосабаў: праз афіцыйны сайт, праз мабільны дадатак, праз аўтаматы самаабслугоўвання ў залах прылёту.
Пасля запаўнення анкеты і аплаты карткай турыст атрымае QR-код, які трэба будзе прад’явіць на пашпартным кантролі. Аплата наяўнымі не прымаецца, толькі банкаўскай карткай.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, запуск абноўленай сістэмы электронных віз з выкарыстаннем QR-кодаў стане ключавой вяхой. Новаўвядзенне дазволіць цалкам ліквідаваць затрымкі на памежным кантролі, паколькі турыстам больш не давядзецца марнаваць час на запаўненне папяровых бланкаў і куплю марак-налепак у вокнах аэрапортаў — усе працэдуры пераходзяць у бескантактавы онлайн-фармат.
Турыстычныя кампаніі змогуць аформіць QR-код ад імя турыста загадзя, за 48 гадзін да прыбыцця.
Правілы ўезду для турыстаў, якія прыбываюць у Шарм-эль-Шэйх, пакуль не мяняюцца. Калі турыст прылятае на гэты курорт, не пакідае тэрыторыю Паўднёвага Сіная і знаходзіцца там не больш за 15 дзён, яму па-ранейшаму бясплатна ставяць у пашпарт так званы «сінайскі штамп». Лічбавая сістэма на яго распаўсюджвацца не будзе.
«Калі ж турыст плануе правесці ў Шарм-эль-Шэйху больш за 15 дзён, выязджаць за межы Паўднёвага Сіная або прылятае ў Хургаду, Каір або іншыя аэрапорты Егіпта, неабходна аформіць турыстычную візу — цяпер ужо у лічбавым фармаце», — дадалі ў РСТО.