Top.Mail.Ru

Экаактывісты дапамагаюць у захаванні крыніц Гродзенскай пушчы

Творчы калектыў «Прынямонне», які створаны пры Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі, выйшаў з прапановай укараніць у вучэбны працэс Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта новую праграму па вывучэнні, лабараторным даследванні і прымяненні ў медыцынскай практыцы мінеральна- сыравінных рэсурсаў — крынічнай вады і тарфяна-сапрапелевай гразі заказніка «Гродзенская пушча». Прапанова падтрымана на ўзроўні ўніверсітэта і будзе разглядацца ў вышэйшых інстанцыях. Дарэчы, такая практыка павінна стаць першай сярод медыцынскіх вну Беларусі. 


Ініцыятарам гэтай справы па праву можна назваць кіраўніка грамадскага аб’яднання Тэрэзу Белавусаву. За некалькі дзесяткаў гадоў сабраны даволі значны стос дакументаў і навуковых даследванняў, якія вяліся ў інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі. Аматарка упэўнена, што вада мае жыватворную сілу і спрыяе аздараўленню арганізма. Па словах Белавусавай, яе бабуля мела свае рэцэпты з прымяненнем крынічнай вады. Ці магчыма такое з пункту гледжання медыцыны?

Намеснік дэкана ГДМУ па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце медыка-дыягнастычнага факультэта Вікторыя Сарасек згодна з тым, што народныя метады лячэння таксама могуць улічвацца пры рэабілітацыі пацыентаў. «Магчыма, мы яшчэ не ўсё ведаем аб цалебных якасцях гэтага прыроднага рэсурса. Разам з тым пры многіх захворваннях пацыенты падчас санаторна-курортнага лячэння праходзяць курс ужывання свідравінных падземных водаў. На нашай кафедры рэабілітацыі мы вывучаем якасці вады, яе карыстанне ў санаторыях, а таксама пры якіх хваробах яна ўжываецца. Магчыма, настаў час больш уважліва аднесціся да гэтага напрамку і пачаць выкарыстоўваць менавіта мясцовую ваду», — зазначыла намеснік дэкана. 

Падчас экскурсіі прадстаўнікі медуніверсіттэта змаглі даведацца і аб гісторыі гэтых крыніц. Усе аб’екты знаходзяцца ў прыгранічнай зоне, у 30-ці кіламетрах ад Гродна. Каб на іх была звернута ўвага, спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе. Дзякуючы намаганням экаактывістаў, шэсць крыніц увайшлі ў спіс помнікаў прыроды мясцовага значэння. З дапамогай навукоўцаў Інстытута прыродакарстання НАН Беларусі праведзены хімічны і біялагічны аналіз вады.

Вынік — вада адпавядае усім санітарным параметрам і мае слабамініралізавны смак. Яна падсілкоўваецца мінеральнымі пластамі, якія залягаюць на гэтый тэрыторыі. «Тут была спроба дабываць мінеральную ваду і нават з’явілася каля дваццаці свідравін, але ідэя не атрымала свайго працягу. Зараз дзейнічае толькі адна свідравіна, якая належыць мясцоваму санаторыю „Неман“. Дарэчы, яшчэ адзін прафілакторый мае намер таксама займець такую свідравіну», — заўважыла экаактывістка.

—Добра, што ёсць грамадскія аматары экалагічнай справы, — лічыць метадыст аддзела ідэалагічнага-выхаваўчай работы Гродзенскага медуніверсітета Сняжана Холад. — Такія паездкі спрыяюць папулярызацыі такога важнага прыроднага рэсурса як крынічная вада. Думаю, што многія наведвальнікі пасля такіх паездак будуць пастаянна ўжываць крынічную ваду. Да таго ж тут адчуваецца адзінства з прыродай, што таксама станоўча ўплывае на агульны стан, заспакойвае нярвовую сістэму. Магчыма, варта зрабіць экалагічныя сцежкі, і, пры магчымасці, злучыць усе крыніцы ў адзіны комплекс. Ва ўсякім разе, мы абавязкова прывязём сюды студэнтаў. 

Зараз члены калектыва «Прынямонне» шукаюць магчымасць надаць крыніцам прывабны выгляд. Некаторыя работы праведзены ў рамках праекта асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Але крыніцы патрабуюць больш дакладнага добраўпарадкавання. 

— Аб’екты павінны адпавядаць свайму статусу помнікаў прыроды. Тут трэба паўсюдна ўстанавіць стэнды з інфармацыяй, замяніць вадаправодныя трубы, якія маюць даволі значны тэрмін карыстання. А гэта пластык, ды і драўляныя насцілы і лесвіцы з цягам часу таксама патрабуюць замены. Мы лічым, што тут павінен быць адзіны тыпавы праект на ўсе крыніцы, — выказала сваё меркаванне Тэрэза Белавусава.

Яна лічыць важным перадаць веды і справу па захаванні крыніц маладому пакаленню. З гэтай мэтай ёсць прапанова пры кафедры рэабілітацыі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта стварыць свайго роду цэнтр па больш дасканаламу вывучэнні і карыстанні прыроднымі кампанентамі — крынічнай вадой і сапрапелевымі гразямі, на якія багата даная мясцовасць. Дарэчы, такая работа раней тут праводзілася і мела добры вынік. Ваду з крыніц прывозілі для аздараўленныя пацыентаў. Гэтыя напрацоўкі варта выкарыстоўваць з улікам новых даследванняў навукоўцаў. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю