У Савеце Рэспублікі абмеркавалі тэмы маючага адбыцца Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
У сераду, напярэдадні пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з намеснікам старшыні Савета Федэрацыі Юрыем Вараб’ёвым. Ключавой тэмай стала абмеркаванне дамоўленасцяў, якія былі заключаны падчас Форуму рэгіёнаў у Ніжнім Ноўгарадзе, а таксама напаўняльнасць будучага форуму. Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма развіцця пабрацімскіх адносін.
Наступны форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў чэрвені 2026 года. Тэрытарыяльна ён ахопіць Мінск і Мінскую вобласць.
Гаворачы аб маючым адбыцца Форуме рэгіёнаў, які прыме беларускі бок, Наталля Качанава адзначыла: «Мы ўжо працуем па ўсіх напрамках для далейшага падпісання пагадненняў і кантрактаў, якія будуць заключацца ў рамках правядзення гэтага важнага мерапрыемства. Яшчэ нядаўна па выніках форуму мы налічвалі 700 мільёнаў беларускіх рублёў. Сёння ўжо гэтая лічба вырасла да 900 мільёнаў. Гэта сведчыць пра тое, што тыя кантракты і пагадненні, якія былі падпісаныя, развіваюцца, прыносячы эканамічныя вынікі. Мы, вядома, адсочваем рэалізацыю тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў ходзе нашых мерапрыемстваў. Гэта робіцца перш за ўсё для таго, каб прырастаць, каб наша супрацоўніцтва было эканамічна ўзаемавыгадным».
У размове з журналістамі намеснік старшыні Савета Федэрацыі Юрый Вараб’ёў назваў гэтую сустрэчу традыцыйнай. «Мы праводзім пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі, якія праходзяць паміж форумамі, кантралюем ход выканання розных даручэнняў, пагадненняў, якія заключаюцца на форуме, робім усё магчымае, каб яны рэальна выконваліся. Вы бачыце, што ў нас сёлета вельмі абноўленая, маладая парламенцкая дэлегацыя. Тут прадстаўнікі нашых новых рэгіёнаў. Таму размова адбылася вельмі падрабязная, канкрэтная, карысная для двух бакоў».
Абмяркоўваліся і новыя фарматы сустрэч паміж парламентарыямі. "Абмяркоўваецца ідэя, пачынаючы з 2026 года, праводзіць Форум рэгіёнаў адзін раз у два гады, таму што з’яўляецца яшчэ адзін форум, які будзе праходзіць напярэдадні 9 мая, — сказаў Юрый Вараб’ёў. — Вядома, гэтага недастаткова, таму старшыні верхніх палат будуць сустракацца паміж форумамі, абмяркоўваць спецыяльныя тэмы. .
Ён дадаў, што тэматычнае афармленне наступнага Форума рэгіёнаў, хутчэй за ўсё, будзе звязана з эканомікай.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
фота БелТА.