Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала «Звяздзе» пра павелічэнне зарплат, пенсій і дапамог, а таксама пра іншыя змяненні.
— Якія новаўвядзенні ў сферы сацыяльнай абароны нас чакаюць?
— Новаўвядзенняў шмат, і яны закранаюць беларусаў усіх узростаў: ад дзяцей да людзей у гадах. Звязана гэта з тым, што сёлета ўступае ў дзеянне шэраг важных дакументаў. Гэта і законы аб занятасці насельніцтва, па пытаннях ветэранаў, дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, Указ «Аб сацыяльнай падтрымцы», які здымае абмежаванні па памеры працоўнай пенсіі. Да таго ж пачатак года парадуе ростам заробкаў бюджэтнікаў, пенсій, мінімалкай, якая павялічылася, і новым памерам сямейнага капіталу.
— Давайце прывядзём топ-3 змяненняў.
— Першае. Са студзеня павялічваецца зарплата ў бюджэтных арганізацыях. Рост заробкаў будзе забяспечаны павышэннем базавай стаўкі, якая з 1 студзеня склала 270 рублёў.
У параўнанні з 1 вераснем 2024 года (тады яна складала 253 рублі) базавая стаўка павялічваецца на 6,7 %, а калі параўноўваць з 1 студзеня 2024 года (250 рублёў), то на 8 %. Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымулявальныя і кампенсавальныя выплаты, то іх памеры з 1 студзеня таксама павялічыліся. Адзначу, што, як і ў 2024 годзе, базавая стаўка ў 2025 годзе будзе расці ў некалькі этапаў.
— Колькі людзей закране гэта мера?
— У краіне больш за 860 тысяч бюджэтнікаў. Летась на аплату іх працы з бюджэту накіравана звыш 17 мільярдаў рублёў. Сярэднямесячная заработная плата бюджэтнікаў у цэлым за мінулы год вырасла на 17,4 % і склала больш чым 1,7 тысячы рублёў, у снежні — амаль дзве тысячы рублёў (рост на 14,2 %). За год рост рэальнай заработнай платы склаў 111,1 %. Дарэчы, ён апярэджвае рост узроўню цэн на спажывецкім рынку.
Вяртаючыся да сёлетніх змяненняў, дадам, што з 1 студзеня дадаткова павялічваюцца памеры галіновых стымулявальных выплат педагагічным і медыцынскім работнікам, работнікам сфер культуры, сацабслугоўвання, фізічнай культуры і спорту. На гэтыя мэты ў бюджэце прадугледжаны сродкі ў памеры аднаго мільярда рублёў.
Летась асаблівая ўвага была ўдзелена педагагічным работнікам і настаўнікам. Іх заработная плата расла апераджальнымі тэмпамі: у настаўнікаў яна вырасла на амаль 26 % і склала больш за дзве тысячы рублёў. Былі павялічаны і памеры стымулявальных выплат і іншым катэгорыям работнікаў аховы здароўя, культуры, сферы сацыяльнага абслугоўвання, фізічнай культуры і спорту.
Як вынік, сярэдні заробак склаў ва ўрачоў 3,2 тысячы рублёў (рост на 12,2 %), сярэдняга медыцынскага персаналу — 1,8 тысячы рублёў (рост на 13,1%), сферы сацыяльнага абслугоўвання — 1,3 тысячы рублёў (рост на 15,9 %).
З 1 студзеня ў бюджэтнікаў з’явілася яшчэ адна рэальная магчымасць істотнага павелічэння заработнай платы. Згодна з указам Прэзідэнта № 429, кіраўнікам бюджэтных арганізацый прадастаўлена права зацвярджаць штатную колькасць работнікаў у меншым складзе, чым прадугледжана нарматыўнымі дакументамі. Пры гэтым фонд заработнай платы застаецца ранейшым, ён будзе разлічаны на колькасць, якая адпавядае нарматывам.
Даплату ў памеры да 100 % заработнай платы (за выключэннем надбаўкі за работу па кантракце) можа атрымаць рабочы, які выконвае дадатковыя працоўныя абавязкі. Такім чынам, у залежнасці ад аб’ёму выкананай работы зарплата можа павялічыцца ў два разы. У цэлым сёлета стаіць задача дасягнуць росту зарплат бюджэтнікаў да ўзроўню мінулага года на 15 %.
Другое. Сёлета мы адзначаем 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Задача нашага міністэрства — акружыць клопатам і ўвагай ветэранаў вайны, вырашыць іх сацыяльна-бытавыя пытанні. Сацыяльная падтрымка ветэранаў — гэта дзяржаўны прыярытэт. Мы ўжо зрабілі комплексную карэкціроўку заканадаўства па пытаннях ветэранаў з улікам практыкі прымянення. Так, актуалізаваныя катэгорыі ветэранаў, а таксама пералік ільгот, прывілей і гарантый, якія прадастаўляюцца ім і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, у тым ліку ў рамках гарманізацыі заканадаўства Беларусі і Расіі.
Улічваючы, што нашых ветэранаў, на жаль, засталося няшмат, з году ў год працягваюць павялічвацца памеры выплат да Дня Перамогі.
Летась яны склалі ад 1 да 4 тысяч рублёў. Сёлета на гэтыя мэты запланавана выдаткаваць каля 9,2 мільёна рублёў.
Трэцяе.Зняты абмежаванні памеру пенсій пенсіянерам, якія працуюць. У нашай краіне іх каля 446 тысяч, і ў 110 тысяч з іх дзейнічалі такія абмежаванні. Яны, працягваючы працаваць або пры выхадзе на работу, страчвалі частку сваёй пенсіі. Гэтая частка ва ўсіх розная — ад невялікай сумы да амаль 500 рублёў, калі памер пенсіі вялікі і індывідуальны каэфіцыент сфарміраваўся дастаткова высокім.
Да таго ж з 2025 года спрошчана працэдура збору дакументаў для назначэння пенсіі. Вылічэнне яе памеру плануецца ажыццяўляць зыходзячы з заробку за апошнія 30 гадоў працоўнай дзейнасці. Гэта дазволіць штогод зніжаць часовыя затраты па зборы даведак аб заробку на папяровым носьбіце. Апроч таго, грамадзянам цяпер даецца права звяртацца па назначэнне пенсіі за месяц да або пасля ўзнікнення права на яе, што будзе, бясспрэчна, зручным варыянтам. Пры гэтым назначэнне стане ажыццяўляцца з дня ўзнікнення права на пенсію.
— Якія ініцыятывы будуць накіраваны на падтрымку сем’яў з дзецьмі?
— Сёлета мы будзем рэалізоўваць новыя нормы заканадаўства, якія ўступілі ў сілу з 1 студзеня і накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для сем’яў і нараджэння дзяцей у сем’ях. Так, у сістэме дзяржаўных дапамог узмоцнена падтрымка маладых жанчын, якія чакаюць нараджэння дзіцяці, — істотна павялічыўся мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах: утрая — для застрахаваных жанчын, якія не маюць шасці месяцаў стажу работы (з 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) да 100 % мінімальнай заработнай платы); удвая — для нашых будучых мам, якія атрымліваюць адукацыю і яшчэ не выйшлі на рынак працы, а таксама для тых, хто праходзіць службу або зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных, — з 50 % да 100 % БПМ.
Павышаны ўзровень сацыяльнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а таксама сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід ужо дасягнула ўзросту 18 гадоў. З 1 студзеня непрацуючыя бацькі, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда, могуць па накіраванні службы занятасці праходзіць навучанне ці перанавучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, з захаваннем за гэты перыяд спецыяльнай дапамогі па доглядзе.
Для захавання ўзроўню матэрыяльнай падтрымкі сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід ужо дасягнула ўзросту 18 гадоў, прадастаўлена права на назначэнне дапамогі дзецям, старэйшым за тры гады. Мы забяспечылі пераемнасць у выплаце дапамог па доглядзе дзіцяці-інваліда пасля дасягнення ім узросту 18 гадоў за бацькамі, якія працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці, захоўваецца права на атрыманне дапамогі па доглядзе свайго паўналетняга дзіцяці-інваліда, якому ўстаноўлена І група інваліднасці.
Адна з самых значных мер падтрымкі беларускіх сем’яў — гэта праграма сямейнага капіталу, якая рэалізуецца з 2015 года пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці. Указам кіраўніка дзяржавы дзеянне праграмы прадоўжана да 31 снежня 2029 года. Адначасова з улікам запытаў грамадства прадугледжаны і іншыя меры. У іх ліку — магчымасць выкарыстання сямейнага капіталу сем’ям, якія пабудавалі жыллё самастойна, без накіравання мясцовых органаў улады. Пашыраны пералік тавараў, якія можна будзе набыць для членаў сям’і з інваліднасцю з парушэннем зроку, — ён дапоўнены асістыўнымі прыладамі для арыентацыі і для прагляду. Гэта тавары дарагія, іх набыццё ў значнай ступені аблегчыць магчымасць арыентавання ў навакольным асяроддзі, персанальнай мабільнасці і камунікацыі.
— Аднак нараўне з безумоўнай дзяржаўнай падтрымкай важнае і фарміраванне маральных установак, якія матывуюць чалавека да стварэння сям’і і нараджэння дзяцей...
— Таму ў 2025 годзе акцэнт будзе зроблены на ўсебаковае садзейнічанне ўстойлівасці шлюбна-сямейных адносін, прасоўванне ў грамадстве, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, такіх як мацярынства і бацькоўства, адказнасць за дабрабыт сям’і і дзяцей.
Мы стартавалі з сябе: 23 студзеня на пляцоўцы выставы дасягненняў «Мая Беларусь!» правялі дыялогавую пляцоўку з маладымі спецыялістамі, якія працуюць у сістэме сацыяльнай абароны. Прадметам інтэрактыўнай дыскусіі сталі пытанні развіцця сучаснай сям’і, выбудоўвання моцных сямейных адносін.
Ідзе падрыхтоўка да правядзення Усебеларускай акцыі «Беларусь — за здаровую сям’ю!», якая будзе прымеркавана да святкавання Дня сям’і. Тэматычныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. На працягу года будуць праведзены рэгіянальныя круглыя сталы і семінары ў рамках рэалізацыі ініцыятывы «Кампаніі, дружалюбныя бацькам», асноўная задача якой — развіццё ўмоў для камфортнага сумяшчэння прафесійнай дзейнасці і бацькоўства.
Гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы будуць праходзіць ва ўзаемадзеянні з нашымі пастаяннымі партнёрамі ў рэалізацыі сямейнай палітыкі — Беларускай Праваслаўнай Царквой, грамадскімі аб’яднаннямі «Беларускі саюз жанчын», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў.