Top.Mail.Ru

Эканамічны ўціск беларусаў — яшчэ адна старонка этнацыду з боку польскіх улад

«Мне нават цяжка прыпомніць усе віды падаткаў...»

«Падатковая палітыка была накіравана да адабрання апошніх грошаў у рабочых і сялян. Па афіцыяльных даных польскай статыстыкі, у адным толькі Навагрудскім ваяводстве за перыяд з 1928 па 1934 год за няўзнос падаткаў прадзены з малатка каля 6 тысяч сялянскіх гаспадарак, — гэтыя лічбы прыводзяцца ў нумары „Звязды“ за 12 кастрычніка 1939-га. — Такое становішча і ў іншых ваяводствах. Польскія правіцелі не грэбавалі браць падаткі з вокан, дзвярэй, комінаў». З лістоў жыхароў Заходняй Беларусі і непасрэдна падчас гутарак з імі журналісты «Звязды» даведваліся, якім чынам многія сяляне станавіліся жабракамі.

Пасля паездкі па Усялюбскай воласці Навагрудскага ваяводства, уражаныя сабраным матэрыялам, журналісты падрыхтавалі нават цэлую паласу, каб на прыкладзе даследаванай ім тэрыторыі паказаць, што «горкім, як палын, было жыццё працоўнага сялянства Заходняй Беларусі пад гнётам польскіх памешчыкаў». Так, селянін Іван Фурса з вёскі Банкі расказаў, як яго абклалі непасільным падаткам, а калі паны забралі апошняе, што ў яго было, яму з сям’ёй давялося ісці ў батракі. 

Селянін з вёскі Налібокі расказаў, што ў яго вёсцы многія не мелі кароў. Калі адзін з яго суседзяў набыў з цяжкасцямі жывёліну, падаіў і паставіў малако на стол, дзеці баяліся пакаштаваць, бо не ведалі што гэта такое. 35 актаў за няўплату падаткаў было ўскладзена на селяніна Даніла Бусюка з вёскі Лоўфы Усялюбскай воласці: «Секвестратар (зборшчык падаткаў) быў пастаянным наведвальнікам нашай вёскі. Гэта ён з малатка прадаваў апошнюю сялянскую кашулю, а калі і той ужо не было, селянін расплачваўся сваім уласным гарбом... З мяне прылічвалася розных падаткаў 68 злотых і 43 грошаў. Адразу плаціць іх я не мог. Апісалі карову. Толькі расплаціўся з пазямельным падаткам, прыйшоў тэрмін падарожнага. Расплаціўся з падарожным, прыйшоў тэрмін натуральнаму падатку...» Пайшоў у грыбы, ягады — плаці, перайшла карова на панскую зямлю — плаці злоты.

Падатковая палітыка прыводзіла сялян да разарэння. «Існавала столькі розных відаў падатку, што селянін бядняк быў вымушаны прадаваць сваю апошнюю карову, каб не дапусціць продажу з малатка яго нікчэмнага пажытку», — пісала «Звязда». Сяляне Усялюбскай воласці плацілі павятовы, падарожны, натуральны, меліярацыйны і іншыя падаткі, ды яшчэ і пеню за пратэрміноўку. Быў нават падатак «прыкладання пячаткі» — селянін абавязан быў унесці валасному ўпраўленню не менш 2-х злотых толькі за тое, што там прыкладалі пячатку і сведчылі подпіс пісаўшага яму прашэнне».

Уздымаўся і страхавы падатак, але нягледзячы, што ў воласці «па няпоўных даных, у 1938 годзе згарэла больш 400 сялянскіх двароў, страхоўка была выдана толькі 9 сялянам-пагарэльцам». Запалкі былі ў той час раскошай і сяляне вымушаны былі карыстацца запальнічкамі. Нават за гэта ім даводзілася плаціць. 

Журналісты знайшлі дакумент за подпісам павятовага каменданта, дзе сялян з запальнічкамі называюць злачынцамі, бо яны «падрываюць магутнасць казны парушэннем дзяржаўнай запалачнай манаполіі». Такіх парушальнікаў шукала паліцыя.

Рамеснік-каваль Браніслаў Балнатун падзяліўся з журналістамі: «Мне нават цяжка прыпомніць усе віды падаткаў. Яны следавалі адзін за другім». Мужчына згадаў некаторыя — за выкуп рамесніцкай карты, за патэнт, гмінны, падарожны, 6 дзён адпрацаваць замест воінскай службы. Каб пракарміць сям’ю , ён шукаў дадатковыя віды заробку. Узяўся рамантаваць запальнічкі, ды хутка вымушаны быў адмовіцца: штоноч да яго прыходзіла паліцыя. Пасля аднаго вобыску, які суправаджаўся здзекам з боку паліцыі, каваль не вытрымаў і аблаяў паліцэйскага, за што быў «у прысутнасці жонкі і дзяцей збіты, а затым асуджаны на 6 месяцаў турмы»...

Пра тое, што нялёгкім было жыццё на сяле скаргі паступалі з розных куткоў Заходняй Беларусі. Марыя Раманчук з вёскі Кабыльнікі заўважыла, што яе гаспадарка ў вёсцы лічыцца не беднай: ёсць дзесяціна зямлі, на гаспадарцы працуюць усёй сям’ёй, а хлеба не хапае, падаткі ўсё з’ядаюць. 

«Бывала, паедзеш у вёску на кірмаш, сэрца заліваецца крывёю, калі бачыш магазіны, поўныя тавараў, а дома засталіся босыя дзеці, якія з-за адсутнасці абутку не могуць наведваць школу», — падзялілася яна. Расказала, як даводзіцца сялянам прыстасоўвацца: «Многія з нас, каб зэканоміць соль, варылі тры разы бульбу ў адной і той жа вадзе, хаты нашы закопчаны ад лучын, бо карасін дорага каштуе, сусед да суседа хадзіў за галавешкай, каб распаліць печ і захаваць запалкі».

Не раз спрабавалі сяляне выступаць супраць такога становішча. Як пісала «Звязда», вельмі моцны сялянкі рух разгарнуўся ў 1932-1933 гадах, адно з масавых выступленняў было ў раёне вёскі Асташына. Сялянскія паўстанні жорстка падаўляліся, але людзі не мірыліся з сацыяльнай несправядлівасцю.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю