Асноўнымі тэмамі размовы Прэзідэнта з мэрам Мінска, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці, сталі эканамічнае развіццё сталіцы з акцэнтам на прамысловасць, удасканаленне транспартнай і дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва і добраўпарадкаванне горада. Асобным блокам былі абмеркаваны кадравыя пытанні.
«Галоўнае — перспектывы»
Найперш Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Кухарава з шостай гадавінай з дня яго прызначэння старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. «Як звычайна, можна пэўныя падвесці вынікі, — заўважыў Прэзідэнт. — Але галоўнае не вынікі, галоўнае — перспектывы».
Таму першае пытанне, якое беларускі лідар адрасаваў мэру сталіцы, датычылася эканамічнага развіцця Мінска. «Ёсць эканоміка — значыць, ёсць развіццё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Твая эканоміка — гэта не столькі сельская гаспадарка, хаця ты ўкладваешся (у гэту сферу. — „Зв“.), дзякуй, сваім бюджэтам мінскім і ў некаторыя комплексы, якія ты будуеш. Гэта дзясятак, напэўна, па рэспубліцы. І гэта не першы год».
Аднак, як звярнуў увагу Прэзідэнт, галоўным у Мінску з’яўляецца прамысловасць. У гэтай сувязі ён пацікавіўся сітуацыяй у гэтай галіне, канкрэтнымі праблемнымі прадпрыемствамі, якія недапрацоўваюць і з якімі неабходна ўзмацніць работу.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні заслухаў даклад Прэм’ер-міністра. «Быццам бы ўсё нядрэнна складваецца, — заўважыў беларускі лідар. — Але гэта ў сярэднім, у цэлым нібыта карціна нядрэнная. Але ёсць прадпрыемствы, якія працуюць ні хістка ні валка — слаба працуюць. І ў прамысловасці Мінска пытанні ёсць».
Гаворачы аб эканамічным развіцці сталіцы, Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад вопыт стварэння і функцыянавання Мінскага гарадскога тэхнапарку. «Гэта нядрэнная рэч, людзі туды прыходзяць, нядрэнна працуюць, — канстатаваў ён. — Як ідзе будаўніцтва такіх тэхнапаркаў? Мы вызначалі, што не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне трэба развіваць сетку такіх тэхнапаркаў».
«Добраўпарадкаванне — пытанне вельмі важнае»
Асобна зайшла размова аб функцыянаванні будаўнічага комплексу сталіцы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Мінск у гэтым плане варушыцца: будуюцца дарогі, жыллё, культурныя ўстановы, у тым ліку ажыццяўляецца рэканструкцыя Нацыянальнага мастацкага музея і будаўніцтва Нацыянальнага музея Беларусі.
«Ну, а як з іншымі пытаннямі будаўніцтва? — пацікавіўся беларускі лідар. — Ты мне перадаў нарэшце схему будаўніцтва асноўных транспартных сувязяў Мінска. Гэта вельмі важна для мінчан і не толькі. Для ўсёй краіны, бо ў Мінск шмат людзей прыязджае.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што, калі праязджае па Мінску, у яго складваецца часам жудаснае ўражанне ад убачанага. «Стаіць дом — быццам нічога, перад домам — сквер да праезнай часткі, — канкрэтызаваў ён. — Добра, прыгожа, але гэта рэдкасць. А ў іншых выпадках — гэта акіян аўтамабіляў».

Пры гэтым, як удакладніў Прэзідэнт, нямала сярод іх брудных машын. «Ну, не вельмі хораша, калі дзевяціпавярховы будынак патанае ў чарадзе гэтых аўтамабіляў, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нікуды не падзенемся ад аўтамабіляў. Але трэба думаць, што нам рабіць з гэтымі стаянкамі. Перад домам, каля дома ўсё-ткі людзі павінны дыхаць чыстай прыродай: дрэвы, кусты, кветкі, клумбы і гэтак далей».
Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву Мінска падумаць, як разгрузіць прыдамавыя тэрыторыі ад вялікай колькасці асабістага аўтатранспарту. «Паступова, не заўтра, не забаронамі, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — А прыбраць гэтыя стаянкі куды-небудзь далей. Каб людзі маглі, асабліва дзеткі, выйсці, старыя — пасядзець на лавачцы. Таму добраўпарадкаванне — пытанне, асабліва для Мінска, вельмі важнае».
Гаворачы аб сферы будаўніцтва, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у мэра сталіцы, ці хапае ў гэтай галіне працоўных рук і што ў перспектыве плануецца будаваць у Мінску. «Канцэптуальна вызначана Прэзідэнтам: Мінск не павінен задыхнуцца, сцягваць людзей у Мінск нельга з рэгіёнаў», — нагадаў сваё ранейшае даручэнне кіраўнік дзяржавы.
«Трэба думаць, каго падтрымаць, каго падцягнуць і глядзець на вытворчасць»
Закранаючы кадравае пытанне, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Уладзіміра Кухарава, як у сталіцы працуюць людзі. Акрамя таго, ён пацікавіўся, што ў гэтай сувязі трэба дапрацаваць, паглядзець.
«Ведаю, што па характары ты чалавек дабрак (усім — усё добра), але, напэўна, ёсць і недахопы, — заўважыў Прэзідэнт. — Асабліва — кадры. Ёсць чалавек нармальны, кіраўнік — там ёсць і рух пэўны наперад, і вынік. Калі яго няма — значыць, руху не будзе».
Уладзімір Кухараў далажыў, што эканоміка Мінска працуе стабільна. Забяспечана выкананне паказчыкаў па тэмпу росту валавога рэгіянальнага прадукта — 102,2 %. Уклад мінскага ВРП у ВУП краіны — 32 %.
«Прыстойна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, арыентуючы старшыню Мінгарвыканкама на далейшы эканамічны рост. Задачу выходзіць на больш высокі ўзровень Прэзідэнт ставіць для ўсёй эканомікі Беларусі. За студзень — ліпень гэтага года ВУП павялічыўся на 2,1 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
«Трэба да канца года дацягваць да 3 % (рост ВУП па выніках гэтага года. — „Зв“.), а табе (у Мінску. — „Зв“.) 3,5 % пастарацца, трэба выйсці на гэта», — канкрэтызаваў беларускі лідар.
Па словах старшыні Мінгарвыканкама, выконваецца паказчык па росце заработнай платы. Па яго словах, сярэдні намінальны заробак па Мінску па выніках першага паўгоддзя складае 3878 беларускіх рублёў. «Гэта дастаткова высокі ўзровень, — заўважыў ён. — Мы будзем рабіць усё для таго, каб яго ўтрымліваць».
«Утрымліваць трэба гэты ўзровень, але не фарсіраваць, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Бо зарплата, вялікія грошы рана або позна прывядуць да інфляцыі. А інфляцыя ў Мінску — гэта па ўсёй краіне разыдзецца: мы будзем гэтыя грошы „з’ядаць“ ростам цэн. Узровень сярэдні добры. Трэба думаць, каго падтрымаць, каго падцягнуць і глядзець на вытворчасць».
Па словах Прэзідэнта, не павінна атрымацца так, што даходы насельніцтва неймаверна растуць, а вытворчасць падае. «Дзякуй богу, ні ў Мінску, ні ўвогуле па рэспубліцы гэтага няма, — удакладніў ён. — Але за гэтым трэба назіраць: каб прадукцыйнасць працы была высокай. І абавязкова дабаўляць за кошт прадпрыемстваў, якія слаба працуюць».
«Галоўны прынцып — грошы павінны быць зароблены», — падкрэсліў Уладзімір Кухараў. Па яго словах, каэфіцыент росту заработнай платы адносна росту прадукцыйнасці працы вытрымліваецца для таго, каб не дапусціць пэўных збояў на валютным рынку, бо гэта прывядзе да інфляцыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што старшыня Мінгарвыканкама нясе персанальную адказнасць за развіццё сталічных прадпрыемстваў. «Не забывай, што прадпрыемствы ў Мінску — гэта перш за ўсё твае прадпрыемствы, потым Мінпрама, урада і гэтак далей, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта ўсё тваё. Так, як і ў іншых рэгіёнах».
Гаворачы аб інвестыцыйнай актыўнасці ў сталіцы, Уладзімір Кухараў праінфармаваў, што рост інвестыцый па выніках паўгоддзя забяспечаны на 10 %. У асноўным за кошт будаўнічай галіны. На бягучым этапе, па яго словах, у Мінску ўзводзіцца больш за 700 аб’ектаў. Сярод іх — жыллё, сацыяльныя аб’екты, аб’екты тэхнапарку.
Старшыня Мінгарвыканкама звярнуў увагу на інвестыцыйную актыўнасць замежных інвестараў. У якасці прыкладу ён прывёў кампанію, якая будуе ў сталіцы жыллёвы комплекс «Паўночны бераг». Унёсак гэтай замежнай кампаніі ў скарбонку горада — каля 500 мільёнаў долараў. «Мы працягваем далей працаваць з інвестарамі, якія будуюць прадпрыемствы ў горадзе», — дадаў Уладзімір Кухараў.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт крытычна заўважыў, што значная доля інвестыцый фарміруецца за кошт будаўніцтва сацыяльных, а не вытворчых аб’ектаў. «Усё ж інвестыцыі ў стварэнне вытворчасцяў адстаюць ад жылля і іншых», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.
Даслоўна
Эфектыўная работа сталічных прадпрыемстваў і прывабнасць паркінгаў, стаянак
Па словах старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра КУХАРАВА, які па выніках даклада Прэзідэнту адказаў на пытанні журналістаў, прамысловасць з’яўляецца важным аспектам для эканомікі горада Мінска.
«13 % — яе ўклад у валавы рэгіянальны прадукт, — канкрэтызаваў ён. — Мы разам з Міністэрствам прамысловасці сур’ёзна працуем над работай кожнага прадпрыемства, бо за любым прадпрыемствам стаяць людзі. Вядома, мы павінны забяспечыць стабільнасць у калектывах, выкананне ўсіх тых заданняў, якія даведзены да прамысловых прадпрыемстваў горада Мінска. Работа вядзецца сістэмна. Мы бачым, што дынаміка нядрэнная ў гэтым годзе. Але, вядома, няма яшчэ тых вынікаў, якія мы б хацелі бачыць».
Невыпадкова, па словах мэра Мінска, работа ў гэтым кірунку будзе працягнута і з Міністэрствам прамысловасці, і з працоўнымі калектывамі. «Для таго, каб па выніках года забяспечыць выкананне ўсіх тых задач, якія даведзены да прадпрыемстваў», — патлумачыў ён.
Уладзімір Кухараў адзначыў, што сталічныя ўлады аказваюць садзейнічанне прадпрыемствам. «Інавацыйны фонд горада Мінска аказвае падтрымку для ўкаранення новых тэхналогій, закупцы новага абсталявання, — канкрэтызаваў ён. — Усе прамысловыя прадпрыемствы горада Мінска экспартаарыентаваныя: каля 75 — 80 % іх прадукцыі ідзе на экспарт. Натуральна, каб канкурыраваць на рынках, прадпрыемствы павінны пастаянна абнаўляць абсталяванне, укараняць новыя тэхналогіі. Гэта павінна даць сур’ёзны вынік».
Гаворачы аб планах па павышэнні прывабнасці паркінгаў і стаянак, старшыня Мінгарвыканкама праінфармаваў, што на паркінгах і стаянках сталіцы застаюцца свабоднымі больш як 20 тысяч месцаў. Але тым не менш, людзі аддаюць перавагу паркоўкам, якія размешчаны бліжэй да дому. «Сёння будаўніцтва новага жылля плануем і праектуем так, каб дваравыя тэрыторыі былі без машын, — удакладніў мэр сталіцы. — Гэта важна, бо гэта і зялёная зона, і месцы для адпачынку, і дзіцячыя пляцоўкі. Якія павінны быць бяспечнымі».

Уладзімір Кухараў адзначыў, што гарадскімі службамі былі прапрацаваны схемы па парковачнай прасторы Мінска. У цэнтры сталіцы дзейнічаюць платныя паркоўкі, што, па яго словах, дазволіла стабілізаваць сітуацыю і навесці парадак у цэнтральнай частцы горада, дзе нярэдка тыднямі і месяцамі стаялі некаторыя аўтамабілі, чым стваралі сур’ёзныя праблемы.
«Такая ж работа праводзіцца ў спальных раёнах па перамяшчэнні на ўстаноўленыя паркоўкі грузавікоў, якія раней займалі месцы ў дварах, не даючы магчымасць грамадзянам пакінуць там свае легкавыя аўтамабілі, — удакладніў старшыня Мінгарвыканкама — Ужо пабудаваны і будзем працягваць будаўніцтва стаянак для грузавых аўтамабіляў для таго, каб іх са спальных раёнаў максімальна перамясціць у прамысловую частку горада».
Уладзімір Кухараў расказаў, што для павышэння прывабнасці паркінгаў дзяржаўнаму аб’яднанню «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» пастаўлена задача па абсталяванні электразараднымі комплексамі паркінгаў і стаянак. «У горадзе імкліва расце колькасць электрамабіляў: ужо каля 30 тысяч, — канкрэтызаваў мэр сталіцы. — Да 2030 года іх будзе больш за 100 тысяч.
Таму сёння стаіць задача будаўніцтва электразарадных комплексаў. Мы падрыхтавалі і ў бліжэйшы час прымем канцэпцыю электразарадных станцый у горадзе, якая ўпарадкуе сістэму размяшчэння, каб яны раўнамерна размяркоўваліся не толькі ў цэнтры горада, але і па мікрараёнах, спальных раёнах. Акцэнт на стаянкі, паркінгі, паркоўкі. Гэта, вядома, створыць дадатковую прывабнасць стаянак і паркінгаў, якія, на жаль, пакуль не запоўнены».