У Мінску ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій прайшла канферэнцыя «Комплексная ацэнка эфектыўнасці лічбавізацыі сельскагаспадарчых арганізацый». Удзел у ёй прыняў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў, перадае БелТА.
Перад пачаткам мерапрыемства Юрый Назараў азнаёміўся з абноўленай тэхнічнай базай ведамаснага офіса лічбавізацыі, уключаючы цэнтр кібербяспекі.
«Мы пабудавалі гэта спецыяльна для стварэння ўмоў для нашага Цэнтра інфармацыйных тэхналогій. Раней яго супрацоўнікі былі размеркаваны па розных памяшканнях і лакацыях Мінска. Цяпер галіновы офіс лічбавізацыі, створаны ў адпаведнасці з указам, зможа працаваць у камфортных умовах», — расказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Ён адзначыў, што работа сістэмы пачыналася з лічбавізацыі працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. «Мы завяршылі „Гісторыю поля“ ў раслінаводстве — алічбавалі ўсе палі. Гэта дазволіла нам ацаніць рэальныя маштабы выкананых работ. Таму што часам у нас здараліся прыпіскі па плошчы, а за імі — дадатковыя выдаткі на паліва, заработную плату і гэтак далей. Мы ўкаранілі GPS-навігацыю і ўжо бачым вынік — напрыклад, скараціўся крадзеж паліва. У жывёлагадоўлі мы навялі парадак і ўкаранілі лічбавую жывёлагадоўлю. Зараз разглядаем магчымасць перайсці на больш сучасную платформу. Дзякуючы лічбавізацыі мы ведаем выдаткі на кармавую адзінку, сабекошт малака, разумеем, над чым трэба працаваць, каб наша прадукцыя была больш канкурэнтаздольнай і прыбытковай. Сёння мы абмяркоўваем сукупны эканамічны эфект ад укаранення лічбавізацыі, паглядзім, куды рухацца далей», — праінфармаваў Юрый Назараў.