III Міжнародная спецыялізаваная экалагічная выстава Ecology Expo пад дэвізам «Зялёныя інавацыі для ўстойлівай будучыні» пачала работу ў Мінску, паведамляе БелТА.
Мінскі міжнародны выставачны цэнтр тры дні будзе сустракаць гасцей са сферы аховы навакольнага асяроддзя. У выставе Ecology Expo з 19 па 21 жніўня прымуць удзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, міністэрстваў і ведамстваў з краін блізкага і далёкага замежжа, беларускіх і замежных прадпрыемстваў і міжнародных арганізацый, вучоныя. Яны абмяркуюць ключавыя пытанні развіцця зялёнай эканомікі, абмяняюцца перадавым вопытам і прадэманструюць дасягненні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Выстава адлюструе такія тэмы, як экалагічныя тэхналогіі, адходы і другасная сыравіна, экатранспарт, экаасяроддзе, экахарчаванне і экаўпакоўка, экатурызм, экалагічная адукацыя і асвета, навуковыя даследаванні ў сферы экалогіі, ахова і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў. Па кожным з тэматычных кірункаў плануецца экспазіцыйная частка для нагляднага прадстаўлення рэалізаваных паспяховых праектаў і найноўшых тэхналагічных трэндаў, а таксама правядзенне дыскусійных пляцовак. Акрамя таго, будзе арганізавана работа экакірмашу.

Таксама запланавана работа трох інтэрактыўных пляцовак, на якіх у займальнай гульнявой форме будзе прадэманстравана экалагічная дзейнасць устаноў адукацыі, маладзёжных паслоў Мэт устойлівага развіцця, экаваланцёраў, маладзёжных аб’яднанняў. Будуць прэзентаваны сістэмы экалагічнага выхавання дзяцей і моладзі і педагагічныя практыкі ў галіне экалогіі, паспяховы вопыт і актуальныя падыходы да правядзення заняткаў для максімальнага ўключэння моладзі ў экалагічны рух, павышэння экалагічнай культуры і фарміравання ў цэлым экалагічна дружалюбнага ладу жыцця.
На палях выставы будзе насычаная дзелавая праграма. У яе ўвайшлі наступныя пункты: адкрытае пасяджэнне Каардынацыйнага савета па пытаннях абыходжання з адходамі пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навукова-практычная канферэнцыя аб далейшым развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб’ектаў, дыялогавая пляцоўка аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер на рэалізацыю дзяржаўнай і міжнароднай палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Тэма яшчэ адной дыялогавай пляцоўкі — «Трэці вызначальны на нацыянальным узроўні ўклад Рэспублікі Беларусь у Парыжскае пагадненне».
Таксама запланаваны круглыя сталы па такіх тэмах, як фарміраванне экалагічнай адказнасці ў бізнесе праз сацыяльна-адукацыйныя ініцыятывы ў рэгіёне, экалагічны турызм, перспектывы і тэндэнцыі развіцця, а таксама семінар па лічбавізацыі галіны экалогіі і прыродакарыстання.
Як адзначылі ў Мінпрыроды, мэты Ecology Expo — стварэнне ўнікальнай прасторы для дэманстрацыі інавацый і абмену вопытам, перадавымі вытворча-тэхналагічнымі дасягненнямі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павышэнне эканамічнай аддачы ад экалагічна дружалюбных тэхналогій за кошт комплекснага падыходу па іх укараненні і выкарыстанні, шырокамаштабная дэманстрацыя высокатэхналагічных інавацыйных распрацовак і гатовых рашэнняў. Выстава стане вітрынай інавацыйных рашэнняў у сферы аховы навакольнага асяроддзя.
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі.