У сераду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання паведаміла, што ў Беларусі намалацілі першы мільён тон збожжа. І гэта больш чым проста лічбы. Гэта дабрабыт краіны. Сельская гаспадарка і сітуацыя на палях заўсёды ў полі зроку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — гэта не сакрэт. Але ў перыяд уборачнай кампаніі ўвага ўзрастае ў разы. І не проста так, бо ўборачная — гэта не толькі шматгадзінная праца тысяч людзей па ўсёй краіне (што і так шмат), але і, як адзначыў кіраўнік дзяржавы на нядаўняй селектарнай нарадзе, — найважнейшы этап сельскагаспадарчых работ, які вызначыць вагу рэспубліканскага каравая сёлета. Разам з экспертамі разбіраліся, чаму беларускі выбар «ваяваць на хлебных палях» — адзіны правільны варыянт.
Падмурак суверэнітэту і незалежнасці
«У Беларусі ўборачная кампанія мае асаблівае значэнне, і Прэзідэнт Беларусі не раз падкрэсліваў, чаму ён асабіста ўдзяляе ёй столькі ўвагі. Сёння мы бачым, якая непрадказальная геапалітычная абстаноўка, а сусветныя рынкі схільныя да ваганняў. Таму здольнасць нашай краіны самастойна забяспечваць сябе асноўнымі прадуктамі харчавання з’яўляецца падмуркам суверэнітэту і незалежнасці. Беларусь імкнецца да самадастатковасці ў вытворчасці збожжа, бульбы, агародніны і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Паспяховая ўборачная кампанія гарантуе, што на сталах беларусаў заўсёды будзе дастаткова хлеба, мяса, малака і іншых жыццёва важных прадуктаў. Гэта не толькі пытанне камфорту, але і пытанне нацыянальнай бяспекі. Калі краіна можа пракарміць сябе, яна становіцца менш уразлівай перад знешнім ціскам і эканамічнымі крызісамі», — адзначыў Аляксандр Гарошкін, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. Цытату кіраўніка дзяржавы «Лепш ваяваць на хлебным полі» сенатар назваў метафарай устойлівасці і самадастатковасці. «Ваяваць на хлебным полі» — гэта не пра літаральныя ваенныя дзеянні, а пра ўменне беларускага народа забяспечыць сябе ўсім неабходным, быць незалежнымі ад знешніх паставак і мець трывалы тыл. Гэта інвестыцыя ў будучыню, у стабільнасць і дабрабыт кожнага грамадзяніна", — падсумаваў Аляксандр Гарошкін.

Аб’ектыўную рэальнасць скарэкціруе дысцыпліна
Іван Маркевіч, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, амаль усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Ён вылучыў тры прынцыповыя аспекты, неабходныя для паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі, на якія на нядаўняй селектарнай нарадзе зважаў і кіраўнік дзяржавы. Гэта поўная гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі, гнуткая арганізацыя працы (неабходнасць прымянення нестандартных рашэнняў для кампенсацыі іншых рызык, уключаючы работу ў некалькі змен і максімальнае выкарыстанне светлавога дня), эфектыўнае стымуляванне ўсіх удзельнікаў жніва. «Дзяржава ў поўным аб’ёме выканала свае абавязацельствы па забеспячэнні ўборачнай кампаніі. Тэхніка падрыхтавана, ГЗМ і запчасткі завезены, фінансаванне забяспечана. Цяпер справа за непасрэднымі выканаўцамі — ад кіраўнікоў гаспадарак да кожнага механізатара, — заўважыў Іван Маркевіч. — Гістарычны вопыт даказвае: беларускія аграрыі здольныя вырашаць самыя складаныя задачы. Упэўнены, што і сёлета, мабілізаваўшы ўсе рэсурсы і захоўваючы зададзены Прэзідэнтам настрой, дасягнуць не толькі планавых паказчыкаў, а і больш высокага іх узроўню».
Уборачная кампанія — сам па сабе працэс адказны і няпросты. Не абыходзіцца і без праблем, вядома. Галоўнае іх не замоўчваць, не ўтойваць, а разам вырашаць. Таму, збіраючы нарады, заслухоўваючы даклады, выязджаючы ў палі, Аляксандр Лукашэнка заклікае не бравіраваць дасягненнямі, а гаварыць аб праблемах і недахопах.
«Прэзідэнтам былі вылучаны ключавыя асаблівасці правядзення жніва. Аб’ектыўная рэальнасць, якую нам падае надвор’е, павінна быць скарэкціравана дысцыплінай і правільна выбудаванай стратэгіяй уборкі ўраджаю. Менавіта ў такіх умовах і праяўляецца наш прафесіяналізм і стойкасць. Сучасны ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі дыктуе неабходнасць укаранення новых тэхналогій і строгага захавання працоўнай дысцыпліны. У цэлым паспяховая ўборачная кампанія патрабуе комплекснага падыходу, які спалучае ў сабе гатоўнасць інфраструктуры, прафесіяналізм супрацоўнікаў і кантроль усіх этапаў работ», — падкрэсліў Аляксандр Багель, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага»
Сёлета, вядома, надвор’е падкінула аграрыям новы выклік. Веснавыя замаразкі, нізкія тэмпературы і праліўныя дажджы зусім не спрыяюць рабоце ў палях. Але скардзіцца на надвор’е і апраўдваць праблемы толькі ім — недапушчальна, падкрэслівае Прэзідэнт. У рэшце рэшт пры правільным падыходзе любыя рызыкі можна і трэба мінімізаваць.
«Патрабаванні кіраўніка дзяржавы абсалютна справядлівыя: ва ўмовах непрадказальнага надвор’я і жорсткіх тэрмінаў патрэбна мабілізацыя ўсіх рэсурсаў, кантроль выканання тэхналагічнай дысцыпліны і персанальная адказнасць кіраўнікоў усіх узроўняў. Ключавыя моманты, што патрабуюць неадкладнага кантролю: тэхніка і яе своечасовы рамонт, наяўнасць паліва, сушка збожжа, дысцыпліна і кадры, якія павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, уключаючы матывацыю. Упэўнены, што традыцыйная беларуская арганізаванасць і працавітасць дазволяць паспяхова завяршыць уборачную ў вызначаныя тэрміны», — канстатаваў Андрэй Балыш, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў.

«Усё залежыць ад арганізацыі працы напярэдадні і падчас уборачнай кампаніі. Там, дзе тэхніка знаходзіцца ў поўнай гатоўнасці да палявых работ, забяспечана гаручым і запаснымі часткамі, дзе сельгаспрадпрыемствы ўкамплектаваны кваліфікаванымі механізатарамі, а зернесушыльныя комплексы ўжо сёння гатовы прыняць збожжа новага ўраджаю, — там уборачная пройдзе якасна і без страт. А гэта, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, найважнейшая на сённяшні дзень дзяржаўная задача. Для вырашэння яе ў апошнія дзесяцігоддзі былі выдаткаваны значныя фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы, якія дазволілі вывесці айчынную сельскую гаспадарку на новы тэхналагічны ўзровень, — звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Фармацыя“ Людміла Сапега. — Дзякуючы ўкараненню найноўшых тэхналогій нароўні з захаваннем найлепшага, што існавала ў аграрным сектары СССР, Беларусь дасягнула значных поспехаў на постсавецкай прасторы. І не толькі забяспечыла ўласную харчовую бяспеку, але і ператварыла экспарт прадуктаў харчавання, якія вызначаюцца высокай якасцю, у вельмі прыбытковы артыкул бюджэту. Пацвярджаючы тым самым ключавы тэзіс, вылучаны Аляксандрам Лукашэнкам падчас нарады, — лепш жаць хлеб, чым ваяваць. Прычым, лепш для ўсіх у гэтым свеце».

Хлеб — сімвал жыцця і міру
Магчыма, параўнанне мірнай уборкі ўраджаю і вайны не самае правільнае. Але ж і там, і там перамагае той, хто лепей падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад світання да світання, звяртаў увагу Прэзідэнт. Член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар Інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Ірына Петрусевіч падкрэсліла, што заклік кіраўніка дзяржавы змагацца на хлебнай ніве, каб не ваяваць на полі бою, сёння як ніколі актуальны. «Гэта не проста прыгожая метафара, а глыбокае разуменне таго, што харчовая бяспека і стабільнасць — падмурак міру і дабрабыту. І менавіта цяпер, у перыяд уборачнай кампаніі, гэта разуменне павінна трансфармавацца ў канкрэтныя дзеянні і максімальную ўвагу да сельскагаспадарчага сектара. Хлеб — не проста прадукт харчавання. Гэта сімвал жыцця, працы, ураджаю і, у канчатковым выніку, міру. Ураджай — гэта вынік карпатлівай працы земляробаў, іх сувязі з зямлёй і прыродай, — адзначыла сенатар. — Гісторыя памятае мноства прыкладаў, калі недахоп харчавання станавіўся прычынай сацыяльных выбухаў. Таму сёння хлеб, сабраны працавітымі рукамі беларускіх аграрыяў, — гарантыя таго, што краіна зможа пракарміць сваё насельніцтва. Беларусь здольная забяспечыць сябе харчаваннем. Адзін з прыярытэтаў нашай дзяржавы, непарушны і вечны, — забеспячэнне народа базавымі жыццёвымі дабротамі, у першую чаргу — хлебам. У гэтым простым, але глыбокім паняцці крыецца сапраўдны сэнс патрыятызму».
- Нязменнае патрабаванне Прэзідэнта — не страціць ні адзінага каласка, ні аднаго зярнятка падчас уборкі. Прынамсі, каму як не аграрыям дэманстраваць краіне ўзор гаспадарлівасці. Ды і збожжа для нас — прадукт сапраўды стратэгічны. Гэта ў першую чаргу хлеб, які ўсяму галава. Але не толькі. Гэта ўніверсальная сыравіна, з якой можна атрымаць мноства карысных і неабходных прадуктаў для чалавека і жывёлы, што важна не толькі для Беларусі, але і для іншых (калі не ўсіх) краін свету. «Нашы прадукты добра ведаюць і любяць далёка за межамі Беларусі. Скажу больш. Ва ўмовах незаконных фашысцкіх беспрэцэдэнтных санкцый, якія апошнія гады ўводзяцца супраць нашай дзяржавы, менавіта экспарт сельгаспрадукцыі даў астатнім галінам магчымасць адаптавацца да новай сітуацыі і пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту», — заявіў Прэзідэнт на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў на «Дажынках-2024» у Мікашэвічах.
«Даступнасць якасных прадуктаў харчавання — аснова здароўя нацыі і сацыяльнай стабільнасці. Ураджай, сабраны своечасова і з мінімальнымі стратамі, дазваляе стрымліваць рост цэн і забяспечваць харчаваннем усе рэгіёны краіны. Гэтаму стратэгічна важнаму перыяду кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу, — адзначыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік філіяла ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь“ у Гродне Алена Стальбоўская. — Ураджай — наша сіла, наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Ігнараванне гэтай задачы можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, падрываючы эканамічную стабільнасць і ставячы пад пагрозу дабрабыт грамадзян. Надвор’е — капрызнае і кожны год ставіць перад аграрыямі новыя выклікі. Але ніякія ўмовы надвор’я не могуць служыць апраўданнем для невыканання пастаўленых задач. Граматнае планаванне, аператыўнае рэагаванне на змены, выкарыстанне сучасных тэхналогій — вось што дазваляе дамагчыся максімальных вынікаў нават у самых складаных умовах».
Час высокай адказнасці
Аляксандр Лукашэнка неаднойчы казаў, што галоўнае багацце нашай краіны — людзі. І адзін з самых каштоўных складнікаў гэтага багацця, безумоўна, аграрыі. Якія вырошчваюць культуры, клапоцяцца аб іх, збіраюць ураджай і нясуць адказнасць за тое, каб краіна не засталася галоднай. «Падчас уборачнай кампаніі мы бачым, якая важная зладжаная работа ўсіх удзельнікаў аграрнага сектара. Гэта час высокай адказнасці, калі кожны дзень на полі — гарантыя
будучага ўраджаю і харчовай бяспекі краіны. Уборачная — не толькі збор збожжа, але і пацвярджэнне таго, што праца і намаганні аграрыяў даюць рэальныя вынікі. Важна захоўваць тэмп, кантраляваць якасць і не дапускаць збояў, каб завяршыць кампанію паспяхова і падрыхтавацца да наступнага года. Гэта работа паказвае сілу і патэнцыял нашага аграпраму, а таксама веру ў будучыню Беларусі», — падкрэсліла Алена Хаміцэвіч, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў.

Па традыцыі, усю пашану аграрыі атрымліваюць пасля ўборкі (падчас яе ў іх няма часу на ўрачыстасці) — «Дажынкі» ўжо сталі беларускім брэндам. Але і ў такія гарачыя месяцы Прэзідэнт патрабуе падтрымліваць людзей, клапаціцца аб іх. Гэтым актыўна займаюцца і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і мясцовыя ўлады, і прадстаўнікі дэпутацкага корпуса.
«Уборка ўраджаю — важны і адказны этап у сельскай гаспадарцы, і ўсебаковая падтрымка аграрыяў мае першараднае значэнне ў забеспячэнні харчовай бяспекі і эканамічнага дабрабыту нашай краіны. У гэты перыяд неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдзельнікаў жніва: забяспечыць бесперабойную работу і своечасовы рамонт тэхнікі, бяспечныя ўмовы працы і адпачынку, якія напрамую ўплываюць на хуткасць і якасць уборкі, а таксама на здароўе і дабрабыт людзей, занятых у такой важнай справе. Гэта комплексная задача, якая патрабуе зладжанай работы мноства спецыялістаў і арганізацый, ад эфектыўнасці якой будзе залежаць канчатковы вынік — своечасовы збор ураджаю без страт», — гаворыць Алег Цылько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні.
«На дадзены момант уборачная кампанія праходзіць у цэлым арганізавана ў большасці рэгіёнаў. Пачаты масавыя работы па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, а таксама рапсу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца своечасовай уборцы ў раёнах з рызыкай перастою культур. Стан тэхнікі ў асноўным здавальняючы. У сітуацыі, якая склалася, усім беларусам на месцах трэба праявіць дысцыпліну, адказнасць і прафесіяналізм», — падзяліўся назіраннямі Уладзімір Паўлоўскі, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, маладзёжнай і сямейнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў.
Развітая сельская гаспадарка, якая забяспечвае харчовую бяспеку краіны, — гэта ўсё вялікая палітыка, накіраваная на клопат аб людзях. І не толькі ў пытаннях харчавання, але і ў цэлым спакойнага і мірнага жыцця. «Чалавецтва неаднаразова сутыкалася з сітуацыямі, калі канфлікт або адсутнасць харчавання прыводзілі да сур’ёзных сацыяльна-палітычных узрушэнняў у дзяржаве і грамадстве. І наша задача — забяспечыць ключавы базіс, які дасць нам магчымасць далей развіваць наша грамадства ў тых няпростых умовах, што складваюцца па ўсім свеце», — нагадаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. А палітычныя інтарэсы заўсёды падмацоўваюцца эканамічнымі. На гэта таксама звярнуў увагу эксперт: «Прэзідэнт пастаянна акцэнтуе ўвагу: наша задача — не проста пастаўляць сельгаспрадукцыю як сыравіну, а забяспечваць глыбокую перапрацоўку, каб прыбавачная вартасць была максімальнай. Менавіта стварэнне гатовых тавараў і іх экспарт даюць нам магчымасць добра зарабляць і спрыяюць росту дабрабыту грамадзян».
Валерыя СЦЯЦКО