Роўна два гады таму, 25 лютага 2024 года, у Беларусі ўпершыню ў гісторыі нашай суверэннай дзяржавы прайшоў адзіны дзень галасавання. Гэта падзея ўжо заняла сваё пачэснае месца ў гісторыі і заслугоўвае глыбокага асэнсавання
Пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, 25 лютага 2024 года.«Ідзе пэўная перабудова, пакаленні мяняюцца. Гэта вельмі сур'ёзнае мерапрыемства. Асабліва ў момант мадэрнізацыі нашай улады. Нас могуць пакрытыкаваць: нейкая слабая мадэрнізацыя. Але мы заўсёды казалі, што ўсюды ўсе працэсы павінны насіць эвалюцыйны характар. Калі пайсці рэзка — таксама можна зараз, але гэта рэвалюцыя. Ліміт рэвалюцый мы і расіяне ўжо вычарпалі. Да чаго гэта можа прывесці — Украіна. Яны таксама ліміт вычарпалі, але паспрабавалі ў 2014—2015 годзе, «майданулі». Вось да чаго прывялі гэтыя рэзкія павароты. Таму мы спакойна ідзём, мадэрнізуючы сваю сістэму».
Адзіны дзень галасавання лагічна завяршыў першы этап электаральнага цыкла па фарміраванні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, які пачаўся ў лістападзе 2023 года. Несумненна, ён стаў найважнейшым фактарам умацавання народнага адзінства і замацавання палітычнага кансэнсусу, дасягнутага ў беларускім грамадстве на рэферэндуме па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю. Ды і сам гэты дзень уключаны ў Асноўны Закон і згаданы ў ім двойчы, што вельмі паказальна. У артыкуле 67 сказана: «Выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзін дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага». Больш за тое — у раздзеле ІX «Заключныя і пераходныя палажэнні» ў артыкуле 147 запісана: «Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання, дэпутатаў мясцовых Саветаў дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага 2024 года».
Такім чынам, правядзенне адзінага дня галасавання ў лютым 2024 года стала адным з найважнейшых этапаў эвалюцыйнага пераўтварэння палітычнай сістэмы Беларусі. Шляхам галасавання адначасова было выбрана каля 13 тысяч дэпутатаў усіх узроўняў.
Палітычная сістэма краіны з этапу перазарузкі выйшла ў прынцыпова новай якасці. І важкае ўмацаванне электаральнага суверэнітэту стала адной са значных характарыстык гэтай новай якасці, падкрэсліваюць эксперты.
«Спрыяльныя ўмовы для актыўнага ўдзелу ў выбарах»

Намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Наталля КАРПОВІЧ нагадвае юрыдычную гісторыю ўвядзення адзінага дня галасавання:
— Канстытуцыйную мэтазгоднасць увядзення адзінага дня галасавання адзначыў Канстытуцыйны Суд. У рашэнні ад 7 кастрычніка 2021 года Канстытуцыйным Судом указана на скарачэнне арганізацыйных і фінансавых выдаткаў пры правядзенні выбараў у адзіны дзень галасавання, стварэнне дадатковых выгод для выбаршчыкаў, умоў для больш якаснай работы выбарчых камісій усіх узроўняў, — адзначыла Наталля Карповіч. — На думку Канстытуцыйнага Суда, адначасовае правядзенне выбараў дэпутатаў дазваляе таксама грамадска-палітычным сілам краіны планамерна рыхтавацца да выбарчага працэсу. Выбіраючы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, выбаршчыкі могуць адначасова ўбачыць і ацаніць усю «дэпутацкую вертыкаль», тых кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць і абараняць іх інтарэсы на ўсіх узроўнях дзяржаўнай улады.
Пры падрыхтоўцы праекта змяненняў у Канстытуцыю для вынясення яго на рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага 2022 года ў Канстытуцыйную камісію некаторымі грамадзянамі ўносілася прапанова ўстанавіць абавязковасць удзелу выбаршчыкаў у галасаванні, каб павысіць узровень іх адказнасці за рэалізацыю сваіх выбарчых правоў.
— У шэрагу краін такая абавязковасць галасавання сапраўды мае месца, — падкрэсліла намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда. — Аднак у Рэспубліцы Беларусь адну з асноў выбарчай сістэмы складае Палажэнне Канстытуцыі аб свабодзе выбараў. Таму вышэйназваная прапанова не была падтрымана членамі Канстытуцыйнай камісіі.
Тым не менш, адгукаючыся на меркаванне грамадзян, распрацоўшчыкі праекта змяненняў у Канстытуцыі прапанавалі ўдакладніць, што адзіны дзень галасавання будзе праходзіць у апошнюю нядзелю лютага.
— Такі дзень у канцы зімы быў абраны для найбольшага камфорту выбаршчыкаў, каб грамадзяне маглі паўдзельнічаць у выбарах без шкоды для іншых заняткаў, напрыклад, звязаных для многіх беларусаў з пачаткам вясновых работ на прысядзібных участках альбо з надыходам летняга адпускнога сезона, — патлумачыла эксперт.
— Важна, што адзіная выбарчая кампанія дазволіла таксама ў найбольшай ступені сканцэнтраваць увагу прадстаўнічых органаў улады на патрэбах, якія непасрэдна хвалююць людзей. Вельмі высокай была актыўнасць выбаршчыкаў і ў адзіны дзень галасавання, які адбыўся 25 лютага 2024 года, — канстатавала Наталля Карповіч. — Такім чынам, увядзенне адзінага дня галасавання пашырае спрыяльныя ўмовы для актыўнага ўдзелу грамадзян у выбарах пры забеспячэнні найбольш эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў і іншых рэсурсаў на правядзенне выбараў.
«Гэта былі правільныя ўзважаныя рашэнні»

Гаворачы аб адзіным дні галасавання, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена БАЛДОЎСКАЯ прывяла некалькі аргументаў на карысць дадзенага фармату:
— Па-першае, такі фармат выбараў спрыяе эканоміі бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на арганізацыю правядзення выбараў. Па сутнасці, фармат адзінага дня галасавання — гэта правядзенне ў рамках адной кампаніі двух выбараў. Мы фарміруем і мясцовыя Саветы дэпутатаў, і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Па-другое, адзначыла яна, адзіны дзень галасавання дазваляе больш аптымальна выкарыстоўваць чалавечыя рэсурсы:
— Неабходна ўлічваць, што на выбарах дэпутатаў задзейнічана каля 70 тысяч членаў выбарчых камісій. Пры выбарчых камісіях крэдытуюцца каля 45 тысяч нацыянальных назіральнікаў, у выбарах удзельнічаюць і кандыдаты ў дэпутаты, і давераныя асобы, і грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у рабоце ініцыятыўных груп і збіраюць подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў. Гэта значыць, задзейнічана досыць вялікая колькасць нашых грамадзян у перыяд арганізацыі правядзення выбараў.
Па-трэцяе, фармат адзінага дня галасавання і павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прадстаўнічых органаў да 5 гадоў дазволіў увогуле аптымізаваць выбарчы працэс, патлумачыла Алена Балдоўская:
— Калі раней у нашай краіне практычна штогод праводзілася выбарчая кампанія, то цяпер у нас ёсць часавы зазор, які дазваляе нам зрабіць аналіз праведзенай работы, вывучыць меркаванні з рэгіёнаў, з месцаў і распачаць дзеянні, якія накіраваны на ўдасканаленне выбарчага заканадаўства.
Звароты і водгукі, якія датычацца мінулых выбарчых кампаній, ў Цэнтральную выбарчую камісію не паступаюць.
— І цяпер, ужо маючы за плячыма вопыт правядзення выбараў дэпутатаў і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, мы выдатна разумеем, што гэта былі правільныя ўзважаныя рашэнні, — рэзюмавала Алена Балдоўская.
«Мабілізацыя грамадства»

У гэтым упэўнены дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолаг Аляксей БЯЛЯЕЎ. Не сакрэт, што розныя выбары прыцягваюць розную ўвагу грамадзян, тлумачыць ён:
— Традыцыйна высокая цікавасць да выбараў Прэзідэнта, крыху менш — да выбараў дэпутатаў парламента, а дэпутаты мясцовых Саветаў чамусьці ва ўсіх краінах свету прыцягваюць да сябе найменшую цікавасць выбаршчыкаў. Сумяшчаючы дзве выбарчыя кампаніі, праводзячы пры гэтым адпаведную інфармацыйную падрыхтоўку, мы значна мабілізуем электарат. Грамадзяне ідуць з большай ахвотай, ведаючы, што адначасова будуць выбары ў два тыпы органаў дзяржаўнай прадстаўнічай улады. Тым самым мы дасягаем больш высокай яўкі — гэта, можна сказаць, адметная электаральная тэхналогія. Ад гэтага рэальна залежыць, хто і як будзе працаваць у органах народнага прадстаўніцтва, што ў інтарэсах саміх жа грамадзян Рэспублікі Беларусь, — заўважае эксперт.
Акрамя эканоміі дзяржаўных сродкаў і электаральнай мабілізацыі, важным момантам з’яўляецца тое, што сумяшчэнне выбараў дазваляе сінхранізаваць дзейнасць органаў вярхоўнай заканадаўчай улады ў асобе парламента, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых Саветаў.
— У нас фактычна ў адзін і той жа час у гэтыя органы ўлады прыходзяць палітычныя сілы з прыкладна аднолькавым палітычным бэкграўндам, з аднолькавай палітычнай арыентацыяй. Гэта значыць, мы выбіраем дэпутатаў ад розных грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, розных палітычных партый.
Ключавы элемент грамадзянскай актыўнасці

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына ЗЕНКЕВІЧ звярнула ўвагу на асаблівасць гэтага дня для мясцовых Саветаў:
— У гэты дзень адбыліся выбары дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў — ад сельскіх Саветаў да парламента, у які ўвайшлі 17 прадстаўнікоў Гомельскай вобласці. 5 сакавіка распачаў сваю дзейнасць Гомельскі абласны Савет дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
У красавіку быў вызначаны склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. З 1 да 10 красавіка прайшлі выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і ад грамадзянскай супольнасці, і 24–25 красавіка ўпершыню ў Беларусі адбылося пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў канстытуцыйным статусе. Менавіта тут кіраўніком дзяржавы быў выказаны ключавы пасыл: «Час выбраў нас!»
Удзел у выбарах — ключавы элемент грамадзянскай актыўнасці і дзяржаўнага будаўніцтва, лічыць сенатар. «Гэта не толькі канстытуцыйнае права, але і маральны абавязак грамадзяніна перад сваёй краінай. Гэта асноўны законны спосаб прамога ўдзелу ў кіраванні справамі дзяржавы, бо менавіта ў адзіны дзень галасавання адбываецца вызначэнне курса развіцця краіны, і кожны грамадзянін ўплывае на тое, якімі будуць прыярытэты дзяржавы ў сацыяльнай сферы, эканоміцы і знешняй палітыцы», — адзначыла Кацярына Зенкевіч.
«Не проста каляндарная дата, а стратэгічны прарыў»

Член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Анжаліна СЫРАМЯТНІКАВА пераканана, што адзіны дзень галасавання, які прайшоў ў Беларусі два гады таму, — крок да народнага адзінства і электаральнага суверэнітэту:
— 25 лютага 2024 года быў дэбют адзінага дня галасавання — новаўвядзенні, народжаныя рэферэндумам 2022 года, калі Канстытуцыя замацавала апошнюю нядзелю лютага за выбарамі ўсіх узроўняў. Беларусь стварыла сістэму, дзе зручнасць, эканомія і празрыстасць ідуць поплеч. Наступны адзіны дзень галасавання ў Беларусі пройдзе 25 лютага 2029 года. Упэўнена, да гэтай даты палітычная сістэма адужэе, арганізацыя стане яшчэ больш вывастранай, а пяцігодка якасці прынясе важкія эканамічныя вынікі — для ўсіх нас, — падкрэсліла Анжаліна Сырамятнікава. — Як бачым, увядзенне адзінага дня галасавання — не проста каляндарная дата, а стратэгічны прарыў, які аб’ядноўвае намаганні грамадзян, дзяржавы і назіральнікаў.
Эканамічны і інфарматыўны эфект

Упершыню праведзены ў Беларусі 25 лютага 2024 года, адзіны дзень галасавання быў пэўным эксперыментам, хоць і канстытуцыйна замацаваным. Бо гэта не столькі тэхнічная, колькі палітычная кампанія, падкрэслівае член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Анжаліка КУРЧАК. Парламентарый упэўнена, што кожны выбаршчык убачыў эканамічны і інфарматыўны эфект такой рэформы. Важным момантам, на яе думку, стала і тое, што такі фармат выбараў спрыяў росту прававой і электаральнай культуры:
— На сустрэчах з насельніцтвам заўважаю, што грамадзяне, асабліва моладзь, глыбей сталі ўнікаць у выбарчы працэс і лепш разумець структуру ўлады і размеркаванне паўнамоцтваў паміж дэпутатамі розных узроўняў. Па прыёмах грамадзян, якія нярэдка задаюць пытанні мясцовага значэння, бачу, што яны ведаюць дэпутатаў Мінгарсавета. Выбранне дэпутатаў усіх узроўняў адначасова станоўча адбілася на арганізацыі нашага ўзаемадзеяння па сумесным вырашэнні праблем выбаршчыкаў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, працуючы па лакальных пытаннях, вывучаюць праблемы прававога рэгулявання і шляхі ўдасканалення заканадаўства.