Top.Mail.Ru

Эксклюзіў, даступны кожнаму. Старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба аб летнім сезоне-2026

Прэзідэнцкі спартыўны клуб актыўна рыхтуецца да летняга сезона, у якім будзе рэалізаваны шэраг унікальных праектаў. У першую чаргу гэта «Спорт для ўсіх — 2026», запуск чакаецца ў пачатку чэрвеня. Лакацыі вызначаны, віды актыўнасцей пашыраны. Аб сюрпрызах і ключавой ідэі ўсіх ініцыятыў расказаў старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка, паведамляе БелТА.


— «Спорт для ўсіх», які мінулым летам быў запушчаны ў сталіцы ў новым фармаце, набыў вялікую папулярнасць. Пачынаючы гэты праект, вы чакалі, што будзе такі эфект?

— Мы спадзяваліся на гэта — і трапілі ў кропку. Прычына простая: з кожным годам мяняецца партрэт спартыўнага беларуса. Цяпер гэта не толькі актыўныя людзі маладога і сярэдняга ўзросту, якія рэгулярна выходзяць на прабежкі, ходзяць у басейны, залы. Гэта яшчэ і прыхільнікі актыўнага даўгалецця, што не можа не радаваць. Мы хацелі даць магчымасць займацца ўсім жадаючым бясплатна ў добрай кампаніі. І жаданне беларусаў супала з нашай прапановай.

— У спісе ініцыятыў праекта нямала незвычайных: сайклінг, табата, цыгун. Чым было абумоўлена рашэнне нараўне з прывычнымі актыўнасцямі ўключыць і малавядомыя?

— Займацца трэба з задавальненнем. Мы разумеем: тое, што падыходзіць аднаму, можа не падысці другому. Або могуць быць проціпаказанні да пэўнага віду спорту. Таму ў нас такі шырокі выбар — ад класічнага інтэлектуальнага віду спорту шахмат да сапраўды яшчэ не раскручаных у нашай краіне і не масавых.

Наша мэта — не толькі прадаставіць выбар, а адкрыць людзям новыя напрамкі, якія раней маглі здавацца складанымі, дарагімі або недаступнымі. Мы робім эксклюзіў даступным для кожнага! Таму калі ў мінулым годзе ў спісе актыўнасцей было больш за 30 відаў, то ў гэтым будзе ўжо як мінімум 40. Кожны павінен знайсці сябе і займацца з радасцю і карысцю і для цела, і для ментальнага стану.


— Чым асабіста вас здзівіў праект «Спорт для ўсіх»?

— Па-першае, маштабам. У мінулым сезоне да нас далучыліся 20 тыс. удзельнікаў, мы правялі больш за 3 тыс. трэніровак. Па-другое, уключанасцю — людзі займаліся пры любым надвор’і. Яны не спяшаліся паехаць на дачу ў суботу і аддавалі перавагу актыўнаму адпачынку ў выхадныя. І па-трэцяе, той атмасферай, якая суправаджае ўсе нашы актыўнасці. І ўдзельнікі, і трэнеры — учора незнаёмыя адзін аднаму людзі — былі на адной хвалі: энергіі, пазітыву, дружбы.

— Вы гаварылі, што 80 працэнтаў удзельнікаў «Спорту для ўсіх» — жанчыны. Ці можна скласці агульны партрэт удзельніцы праекта?

— Пазітыўныя і энергічныя, яны ўсюды паспяваюць: выхоўваюць дзяцей, маюць поспех у кар’еры і знаходзяць час для сябе. Ім не важны лічбы ў пашпарце: сярод нашых удзельніц ёсць і студэнткі, і маладыя маці, і актыўныя лэдзі элегантнага ўзросту. Гэта жанчыны, адкрытыя новаму, улюбёныя ў жыццё. Гавораць, калі жанчына шчаслівая — яна можа аддаваць рэсурс навакольным. І мы асабліва рады дарыць нашым цудоўным беларускам гэты рэсурс. Лічыце, што гэта інвестыцыя ў нашых дам у Год беларускай жанчыны.

— Многія дзяўчаты, магчыма, і хацелі б паўдзельнічаць, але баяцца пачаць (па розных прычынах: няма кампаніі, няма фізічнай падрыхтоўкі, з-за няўпэўненасці ў сабе). Што вы можаце ім параіць і чаму ўсё ж такі трэба пераадолець свае страхі і прыйсці на лакацыі?

— Параіць я хачу адно: прыйсці адзін раз! Я ўпэўнены, што за ім будзе і наступны. Такіх гісторый — «прыйшла і засталася» — вельмі шмат. Што датычыцца няўпэўненасці ў сваёй форме, то тут няма праблем: нашы трэніроўкі разлічаны на людзей абсалютна рознага ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі, таму ўсе сумненні трэба пакінуць. На ўсіх лакацыях працуюць прафесійныя трэнеры, яны заўсёды дапамогуць і падкажуць.


— Не сакрэт, што ўдзельнікі праекта «Спорт для ўсіх» актыўна пакідаюць зваротную сувязь, у тым ліку і ў сацыяльных сетках. Нейкія іх пажаданні і прапановы ўвасоблены ў жыццё?

— У нас вельмі актыўныя ўдзельнікі, мы ўвесь час з імі на сувязі ў сацыяльных сетках. Мінулым летам адразу па ходзе сезона мы дабавілі новыя напрамкі — жаночую ёгу, здаровую спіну, джампінг. Пасля фіналу праекта спыталі нашых удзельнікаў, што яны хацелі б бачыць летам 2026 года. Магу сказаць, што пры падрыхтоўцы лета-2026 мы ўлічылі пажаданні: з’явіцца больш трэніровак па джампінгу, Stick Rock, табаце і ёзе, дабавяцца сілавыя трэніроўкі на пляжы Цнянскага вадасховішча і новыя напрамкі на ўсіх лакацыях у цэлым. У новым сезоне з улікам зваротнай сувязі ад удзельнікаў выбраны пляцоўкі праекта, і ў выніку іх стала больш — 6. Яны зручна размешчаны і будуць працаваць з пачатку лета і да канца верасня. Мы чуем людзей, інакш нельга, бо праект для іх і дзеля іх.

— Прэзідэнцкі спартыўны клуб адкрыты цікавым ідэям. «Ліга храбрых» — праект, які стартаваў у 2022 годзе з ініцыятывы Беларускай федэрацыі барацьбы і атрымаў усебаковую падтрымку Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, — цяпер рэалізуецца на вельмі высокім узроўні і мае вялікую каштоўнасць для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву. Якім крытэрыям павінна адпавядаць ідэя праекта, каб яна была падтрымана?

— У цэлым крытэрый адзін, і ён сугучны галоўнай місіі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — дапамагчы пераадолець няпросты шлях да поспеху, ажыццявіць мару і выхаваць будучых чэмпіёнаў. Мы адкрываем дзверы ў спорт для ўсіх жадаючых. Калі гэта «Ліга храбрых», то ў вялікі спорт, калі гэта «300 талентаў для Каралевы», то гэта пошук юных талентаў, а калі размова пра «Спорт для ўсіх», то гэта шлях да здаровага і энергічнага спосабу жыцця. У кожным праекце мы даём магчымасці.

— Так, гэта праўда, мэтавая аўдыторыя ў кожнага праекта свая. «Скураны мяч», «Мяч над сеткай», «Снежны снайпер», «Імклівы мяч» накіраваны на падрыхтоўку рэзерву для вялікага спорту. «Спорт для ўсіх» матывуе людзей займацца спортам на аматарскім узроўні, а Special Olympics працуе над развіццём інклюзіі ў спорце. Якія яшчэ напрамкі плануе ахапіць Прэзідэнцкі спартыўны клуб для папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў краіне?

— Мы пастаянна развіваемся: запускаем анлайн-ініцыятывы і рэалізуем маштабныя спартыўныя праекты ўжывую. У гэтым годзе навінак шмат. Напрыклад, на спартыўных пляцоўках Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па ўсёй краіне стартаваў конкурс-марафон «Спорт і Двор». Глядзіце ўмовы і прымайце ўдзел — прызавы фонд даволі сур’ёзны! Таксама мы перафармаціравалі рэспубліканскі эксперыментальны праект па адборы адораных дзяцей для заняткаў спортам «Алімпійскі талент». Зусім хутка пройдзе вядомы велакарнавал «Viva Ровар», арганізатарам якога мы выступілі. А летам даём старт праекту «Дай пяць!» — спаборніцтвам сярод дзяцей і падлеткаў па дысцыплінах сучаснага пяцібор’я. У чэрвені ў абсалютна новым фармаце і на новай лакацыі пад адкрытым небам пройдуць здымкі 5-га сезона тэлевізійнага экстрым-шоу «Героі», а ва Ушачах адбудзецца фестываль экстрэмальных відаў спорту. У ліпені запрашаем усіх на фестываль вулічных відаў спорту Minsk Urban Fest у сталічным парку імя Уга Чавеса. Акрамя таго, мы сталі афіцыйнымі партнёрамі Федэрацыі фіджытал-спорту і Беларускай медыялігі. Паралельна актыўна рэалізуецца наш адукацыйны праект «Акадэмія развіцця», дзе мы сумесна з федэрацыямі праводзім семінары не толькі для трэнераў, але і для суддзяў.

— «Снежны снайпер», «Залатая шайба», «Скураны мяч» — праекты, гісторыя якіх вылічаецца дзесяцігоддзямі, і сваёй папулярнасці яны не губляюць. У чым сакрэт?

— Сакрэт у запатрабаванасці. Многія хочуць выходзіць на вялікі лёд і спартыўныя арэны, займацца з прафесіяналамі, гуляць у дружнай камандзе, мець аднадумцаў. І нават калі яны ў будучым не стануць алімпійскімі чэмпіёнамі, гэта не перашкаджае ім быць часткай спартыўнага руху і набыць новых сяброў. А мы толькі рады дапамагаць увасабляць мары, а ў праектах — выхоўваць дысцыпліну, стойкасць духу, надзейнасць — усё, што дае чалавеку спорт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю