У Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі стартаваў тыдзень, прысвечаны Дню беларускай навукі, паведамілі БелТА ва ўстанове адукацыі.
Напярэдадні для навучэнцаў авіяцыйных класаў прайшла азнаямленчая экскурсія па вучэбных карпусах БДАА і інтэлектуальная гульня «Навукаманія».
Мерапрыемствы будуць праходзіць да 23 студзеня. Для іх удзельнікаў правядуць тэматычныя інтэлектуальныя гульні, адкрытыя дыялогі і лекцыі з удзелам запрошаных вядучых вучоных. Таксама арганізавана выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў.
Праграма таксама ўключае прэзентацыі праектаў і іншыя фарматы прафесійнага ўзаемадзеяння.
Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі — адзіная ў Беларусі ўстанова адукацыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі. На факультэце грамадзянскай авіяцыі прадстаўлены такія спецыяльнасці, як «тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў» (прафілізацыі: «паветраныя судны і рухавікі» і «бартавыя авіяцыйныя сістэмы»), «арганізацыя паветранага руху» (прафілізацыі: «кіраванне паветраным рухам», «лагістыка авіяцыйных перавозак», «забеспячэнне бяспекі на паветраным транспарце»), «беспілотныя авіяцыйныя комплексы» (прафілізацыя «эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў (грамадзянскай авіяцыі)»), «лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі».
У БДАА ёсць аддзяленне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, куды школьнікі паступаюць пасля 9-га класа. Тут вучацца спецыялісты па шасці спецыяльнасцях — будучыя тэхнікі па абслугоўванні паветраных суднаў, радыёэлектроннага бартавога, наземнага, святлотэхнічнага абсталявання, тэхнікі-механікі. Большасць спецыяльнасцей інтэграваны з факультэтам грамадзянскай авіяцыі. Навучэнцы па ўнутраным экзамене могуць паступаць на факультэт на завочную форму, дзе, ужо працуючы, маючы прафесію, — атрымліваць вышэйшую адукацыю.
Нядаўна ў БДАА з’явілася новае структурнае падраздзяленне, у якое ўваходзяць сектар навуковых даследаванняў, лабараторыі авіяцыйнага матэрыялазнаўства, беспілотных авіяцыйных сістэм і авіярухавікабудавання. Акадэмія мае сучаснае абсталяванне, лётныя трэнажоры, дзе курсанты набываюць неабходныя кампетэнцыі.