У сераду дзверы Палаца Незалежнасці гасцінна расчыніліся перад прадстаўнікамі дзелавой і прафесійнай супольнасці. Усяго 140 прадпрымальнікаў, уласнікаў кампаній, кіраўнікоў і прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу змаглі на свае вочы ўбачыць месца, дзе прымаюцца найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні. У фінале экскурсантаў чакаў сюрпрыз — сустрэча з Прэм’ер-міністрам краіны.
Актыўныя і ініцыятыўныя
Ідэя арганізаваць такую экскурсію зыходзіла ад саміх беларускіх бізнесменаў. У прыватнасці ад дырэктара ТАА «ПНЕЎМАТЭХЦЭНТР» Аляксандра Матвейчава. Падчас наведвання Палаца Незалежнасці ён перадаў Прэзідэнту просьбу: вярнуцца сюды зноў з групай актыўных і ініцыятыўных прадпрымальнікаў — і кіраўнік дзяржавы ідэю падтрымаў.
— Арганізацыя экскурсій для прадпрымальнікаў — гэта тое, чым я займаюся ўжо паўтара года. Сёлета мне ўдалося трапіць у Палац Незалежнасці і я зразумеў, што гэтае месца дакладна трэба ўбачыць усім, — падзяліўся Аляксандр Матвейчаў. — Тут сабраліся людзі з майго асяроддзя — гэта прадпрымальнікі, уласнікі і топ-менеджары кампаній. Многія тут упершыню — убачыць Палац Незалежнасці было іх марай.
Адметна і тое, што на экскурсіі таксама прысутнічалі прадстаўнікі расійскага бізнесу, якія шчыльна працуюць з беларускім рынкам.
— Я ім прапанаваў далучыцца да гэтага мерапрыемства — і яны з задавальненнем пагадзіліся. Прыляцелі з іншай краіны мэтанакіравана, каб наведаць рэзідэнцыю Прэзідэнта, — дадаў Аляксандр Матвейчаў.
«Тут адчуваецца энергія вельмі моцнай асобы: нашага Прэзідэнта»
Нашу ўвагу прыцягнуў малады чалавек, які з цікавасцю разглядаў інтэр’еры палаца. Ім аказаўся дырэктар ТАА «ЭЛВІЕНТА ГРУП» Васіль Ануфрыеў.
— У мяне свой брэнд жаночага адзення, які быў адзначаны рознымі дзяржаўнымі і міжнароднымі ўзнагародамі. На дадзены момант працуе 6 рознічных крам. Мы ўсяляк стараемся развівацца для таго, каб быць яркім прадстаўніком якаснай беларускай вытворчасці, — расказаў ён.
У Палацы Незалежнасці прадпрымальнік упершыню. Рэзідэнцыя адразу ўразіла яго сваім маштабам.
— Тут адчуваецца энергія вельмі моцнай асобы: нашага Прэзідэнта. Адразу разумееш, наколькі гэты чалавек моцны і адказны. Гэта натхняе імкнуцца да большага ў сваёй сферы, — адзначыў ён.
Васіль Ануфрыеў перакананы, што бізнесменам і прадпрымальнікам важна не толькі браць у дзяржавы, але і аддаваць. Так, у 2022 годзе ён сам адкрыў у Нароўлі спартыўную залу.
— Заўсёды прыемна адчуваць станоўчую аддачу за сваю работу. Напрыклад, сёлета я атрымаў Дзяржаўную бізнес-прэмію «Кіраўнік года». Гэтая ўзнагарода вельмі каштоўная для мяне. Да таго ж я часта з’яўляюся спікерам: прапагандую здаровы лад жыцця і сямейныя каштоўнасці. Самае галоўнае, што хачу ўкласці ў сваіх слухачоў, у прыватнасці ў маладое пакаленне — гэта разуменне таго, што трэба працаваць, верыць у сябе і бачыць ва ўсім толькі добрае, — заключыў ён.
У сваю чаргу індывідуальны прадпрымальнік Ганна Кур’яновіч у асабістым блогу вучыць, як увасабляць мары ў рэальнасць.
— Я ўвесь час расказваю, што перад жанчынай могуць адчыніцца любыя дзверы, калі яна толькі гэтага захоча. Так атрымалася і са мной: я хацела трапіць у Палац Незалежнасці, агучыла гэтую думку — і вось я тут! — заявіла дзяўчына.
Па яе словах, рэзідэнцыя вельмі маштабная і канцэптуальная: кожную дэталь можна падоўгу разглядаць. А яшчэ яна ўпэўнена, што такія мерапрыемствы — цудоўная магчымасць пагутарыць з цікавымі людзьмі і даведацца, як яны праяўляюць сваю творчую ініцыятыву і прыносяць карысць грамадству.
Таксама нам удалося пагутарыць і з кіраўніком vip-абслугоўвання «Сбер Банка» Крысцінай Скуратовіч, якая з вялікай уцягнутасцю слухала цікавыя факты аб рэзідэнцыі Прэзідэнта.
— Мае чаканні цалкам апраўдаліся. Лічу, што Палац Незалежнасці і павінен быць такім маштабным і эфектным. Падчас экскурсіі даведалася вельмі шмат цікавых фактаў аб міжнародных перагаворах на самым высокім узроўні. Для нашай краіны вельмі значна, што ў нас ёсць такая гасцінная пляцоўка, — адзначыла дзяўчына.
Актуальныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы
Фінальным акордам экскурсіі стаў дыялог прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу з Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Сустрэча была арганізавана па даручэнні Прэзідэнта. Дарэчы, гэта быў сюрпрыз, і госці да апошняга не ведалі, што фармат мерапрыемства дасць магчымасць задаць усе хвалюючыя пытанні кіраўніку ўрада ў нефармальнай абстаноўцы.
Тэмы былі самымі разнастайнымі: справядлівая канкурэнцыя і абарона ўнутранага рынку, стымуляванне айчынных вытворцаў і кантроль якасці імпартаванай прадукцыі, развіццё фермерскіх гаспадарак і турызму, фінансаванне інавацыйных праектаў. Асобна Прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу прадпрымальнікаў на пытанні рэгулявання цэн, заўважыўшы, што тут неабходны адказны падыход і з боку прадпрымальнікаў. Таксама былі закрануты і такія надзённыя тэмы, як лічбавізацыя і ўкараненне штучнага інтэлекту ў вытворчасць.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара