Ва ўмовах бурнага развіцця індустрыі сучасных чайных напояў імкліва расце сусветная папулярнасць матчы — парашка з прапаранага і тонка здробненага зялёнага чаю. У першым квартале гэтага года правінцыя Чжэцзян (Паўднёва-Усходні Кітай) экспартавала каля 1242 тон матчы на суму 140 млн юаняў, што ў 8 разоў перавышае паказчык за аналагічны перыяд мінулага года, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн.
У спецыялізаваным магазіне ў раёне Юйхан горада Ханчжоу (адміністрацыйны цэнтр правінцыі Чжэцзян) нават у звычайны будны дзень няма свабодных месцаў. З моманту адкрыцця ўстановы ў студзені 2025 года яго выручка няўхільна расце. Напрыклад, у майскія святы тут прадавалі па 200-300 порцый напояў у дзень, а марожанае з матчы стала абсалютным хітом — больш за 500 порцый штодзень.
Намеснік дырэктара адной з кампаній па вытворчасці арганічнай прадукцыі ў Чжэцзяне Чжоў Янба расказаў, што ў 2025 годзе прадпрыемства вырабіла больш за тысячу тон матчы, а рост як у грашовым, так і ў аб’ёмным вылічэнні перавысіў 80%. З-за ажыятажнага попыту тэрмін выканання новых заказаў павялічыўся да 2-3 месяцаў. На прадпрыемстве ў павеце Уі горада Цзіньхуа першая партыя парашку гэтага года была вельмі хутка распрададзена, а высокі попыт працягвае падштурхоўваць цэны ўверх.
Кітай з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам матчы. У 2025 годзе аб’ём вытворчасці ў краіне перавысіў 12 тысяч тон, што складае каля 70% сусветнага рынку. У сувязі з ростам попыту ўсё больш чайных прадпрыемстваў і фермераў пераходзяць на вытворчасць гэтай сыравіны.
Так, у павеце Уі каля 80% чаяводаў пераарыентавалі свае плантацыі з традыцыйнага ліставага чаю на сыравіну для матчы. Гэта тлумачыцца больш высокай прыбытковасцю: калі звычайны вясновы чай закупляецца па 2,5 юаня за кілаграм, то сыравіна для матчы — па 8-10 юаняў, а арганічная — да 15 юаняў.
«Глабальны трэнд на здаровы лад жыцця — галоўная прычына выбухнога поспеху матчы як «суперфуду», — адзначыў заснавальнік аднаго з профільных брэндаў Ван Цзюньхуа.