Шмат гэта ці мала? Калі браць статыстыку, то мы прырастаем — тэмп росту больш за 140 % да леташняга ўзроўню. Пагаварылі з намеснікам міністра спорту і турызму Алегам Андрэйчыкам пра тэндэнцыі ў турыстычнай галіне, і ці зможам мы ў перспектыве пайсці па шляху Арабскіх Эміратаў, дзе турыстычная сфера стала адной з ключавых у папаўненні даходу краіны.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Задача пяцігодкі — зрабіць турызм нацыянальным праектам. Адкрыць свету нашы гісторыю, культуру і мову. Гэта індустрыя па значнасці і эканамічным патэнцыяле не саступае, напрыклад, машынабудаванню.
Падчас цырымоніі ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 25 сакавіка 2025 г.
Пабілі рэкорд удалага года
Як распавёў суразмоўца, летась экспарт турыстычных паслуг у Рэспубліку Беларусь склаў 268,1 мільёна долараў ЗША.
— Гэта быў рэкордны год, ён перасягнуў узровень дакавіднага 2019-га.
У цэлым 2019 год для нашай краіны быў вельмі паспяховы, таму што адбылося шмат значных падзей (ІІ Еўрапейскія гульні і шэраг іншых буйных мерапрыемстваў).
А што цяпер?
— Паводле папярэдніх вынікаў 8 месяцаў 2025-га, мы маем 255 мільёнаў долараў ЗША з тэмпам росту 141,9 % да аналагічнага ўзроўню мінулага года, — канстатаваў намеснік міністра.
Чаму ўжо можна падводзіць папярэднія вынікі і ацэньваць выніковасць цяперашняга турыстычнага сезона? На думку эксперта, гэтаму спрыяюць даныя за летні сезон, які з’яўляецца асноўным у нашай краіне (з улікам сезоннасці).
— Мы даволі нядрэнна адпрацавалі гэты перыяд, — падкрэслівае ён.
Хто да нас едзе? Дынаміка назіраецца па ўсіх краінах, традыцыйна гэта краіны СНД, але пачалі больш актыўна цікавіцца магчымасцямі адпачынку ў Беларусі і больш далёкія ад нас дзяржавы.
— Вельмі добра пайшлі кантакты з краінамі «далёкай дугі», — прыводзіць прыклад суразмоўца. — Напэўна, за апошнія гадоў 5-6 дакладна ў нас не было такога ўсплёску — рост 159 % за гэты перыяд.
Якія краіны ў топе?
— Тут і Кітай, і Індыя, і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, і іншыя краіны ўмацавалі свае пазіцыі ў экспартным плане. Гэтаму спрыяла, безумоўна, мноства прычын, але самае галоўнае, на мой погляд, — усталяванне авіяцыйнай лагістыкі. У нас стала больш авіярэйсаў з тым жа Кітаем — ужо цяпер выконваюцца палёты ў чатырох напрамках, нядаўна дадаўся рэйс на востраў Хайнань (горад Санья). Адкрыўся рэйс у В’етнам. Зразумела, што гэта ўплывае на выязны турызм, тым не менш паралельна патокі ўязнога турызму будуць павялічвацца. Таму гэта таксама вельмі важна, — падкрэсліў суразмоўца і патлумачыў. —
У нас была такая практыка, калі праз выязны турызм мы павялічвалі кантакты, завязвалі сувязі (у першую чаргу нашы тураператары, турбізнесы актыўна працавалі з партнёрамі з гэтых краін) і адпаведна павялічваліся патокі.
Як ідзе падлік турыстаў?
Цікавая дэталь — статыстычны ўлік. Мяжа з Расіяй у нас адкрытая, грамадзяне гэтай краіны могуць (і робяць гэта рэгулярна) бесперашкодна прыязджаць у Беларусь на адпачынак, які арганізавалі сабе самастойна, ці адлюстроўваюцца гэтыя лічбы ў статыстычным уліку?
— Нацыянальны статыстычны камітэт улічвае некалькі паказчыкаў. Прасцей вылічыць арганізаваных турыстаў, таму што гэта фіксаваная справаздачнасць арганізацый, якія прадастаўляюць турыстычныя паслугі. Але спецыфіка нашай краіны такая, што большая частка турпатоку ідзе праз беларуска-расійскую мяжу і тут існуюць розныя методыкі, — растлумачыў Алег Андрэйчык. — Па даных Белстата, па выніках мінулага года здзейснена 6 мільёнаў 600 тысяч паездак замежных турыстаў у Рэспубліку Беларусь. Сюды ўключаліся і арганізаваныя турпатокі, і турысты, якія пражывалі ў нас у сродках размяшчэння (гасцініцы, санаторыі, хостэлы), тут лічылі справаздачнасць арганізацый, якія прадастаўлялі экскурсійныя паслугі, паслугі харчавання і іншыя. Таму такі зборны механізм фарміруе гэту лічбу.
Плюс, па словах эксперта, існуе методыка, звязаная з дапаможным улікам турыстаў (дапаможны лік турызму Рэспублікі Беларусь), калі вядуцца маніторынгі.
— Ідзе выбарка патокаў на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і анкетавання ў сродках размяшчэння. Гэта методыка выкарыстоўваецца Сусветнай турыстычнай арганізацыяй, і такі ж падлік вядзецца ў іншых краінах свету, таму нам прасцей параўноўваць. Па выніках 2024-га ў нас зафіксавана 6 мільёнаў 600 тысяч паездак замежных турыстаў — гэта на мільён больш, чым у 2023 годзе. А значыць, за год мы прыраслі на мільён турыстаў, і такая дынаміка захоўваецца. Думаем, што сёлетні прырост складзе як мінімум паўтара мільёна чалавек.
Трэба разумець, што сёння турызм больш сыходзіць у вектар самастойных падарожжаў, і турысты, якія заязджаюць у Беларусь, лёгка карыстаюцца асабістым аўтатранспартам або, скажам, рэгулярнымі чыгуначнымі, аўтобуснымі, авіяцыйнымі рэйсамі, агрэгатарам браніравання жылля. З гэтым праблем няма.
— Мы бачым, што з году ў год працэнт суадносін арганізаваных турыстаў да агульнага аб’ёму турыстаў за кошт павелічэння аб’ёму індывідуальных турыстаў памяншаецца, — звярнуў увагу намеснік міністра. — Я казаў пра 6 мільёнаў 600 тысяч, а аб’ём арганізаваных турыстаў, якія да нас прыехалі, удзельнічалі ў паўнавартасных турах, — каля 350 тысяч. Гэта зусім іншая лічба. Але ж мы бачым статыстыку па гасцініцах, і яна таксама значна павялічылася (у нас мільёны размяшчэнняў па санаторна-курортных установах і гэтак далей). Таму такая асаблівасць сучаснага турызму ўласцівая ўсім краінам, асабліва з добрымі транспартнымі зносінамі, як у нас.
Планы на заўтра
Варта сказаць, што планы па экспарце турыстычных паслуг на перспектыву — амбіцыйныя.
— Ёсць праграма дзейнасці ўрада да 2029 года, праект Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2026–2030 гады, прапановы ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 5 гадоў, дзе мы плануем, што рост экспарту турыстычных паслуг да 2030-га павінен павялічыцца на 180 % ад узроўню 2025 года. Гэта значыць, як мінімум паўмільярда долараў мы будзем атрымліваць ад экспарту, — падзяліўся планамі Алег Андрэйчык.
Толькі лічбы
- Па выніках 2024-га ў Беларусь было здзейснена 6 мільёнаў 600 тысяч паездак замежных турыстаў — гэта на мільён больш, чым у 2023 годзе.
- Па выніках 8 месяцаў 2025-га экспарт турыстычных паслуг склаў 255 мільёнаў долараў.
- Тэмп росту — 141,9 % да аналагічнага ўзроўню мінулага года.
- Рост краін «далёкай дугі» за гэты перыяд — 159 %.
- Тэмп росту экспарту турыстычных паслуг да 2030 года павінен скласці 180 % ад узроўню 2025-га і дасягнуць сумы ў 0,5 мільярда долараў.
Вольга АНУФРЫЕВА