Top.Mail.Ru

Эксперт: аб'ём тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб у Беларусі перавысіў 25 мільярдаў рублёў

Стваральны цыкл

Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні Праўлення Нацбанка Аляксандр ЯГОРАЎ у аўтарскай праграме «Пра грошы» на «Першым інфармацыйным».

Рублёвыя ўклады выраслі ў тры разы

Па даных Нацыянальнага банка, аб’ём тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб у Беларусі перавысіў адзнаку ў 25 мільярдаў рублёў, прычым звыш 70 % сродкаў грамадзяне размяшчаюць у нацыянальнай валюце.

Як расказаў топ-менеджар рэгулятара, у Беларусі дзейнічаюць два фундаментальныя правілы, якія абараняюць і асобнага ўкладчыка, і эканоміку ў цэлым.

— Першае правіла — стапрацэнтная дзяржаўная гарантыя. Калі ў ЗША ці Еўропе закон абараняе зберажэнні выключна да пэўнай планкі, то ў нас дзейнічае спецыяльны закон аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб. Прынцыповая розніца — у Беларусі вяртанне ўкладаў грамадзянам гарантавана дзяржавай на ўсе 100 %, без якіх-небудзь лімітаў па суме і ў рублях, і ў валюце. Для гэтага створана дзяржаўнае агенцтва па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў, куды банкі рэгулярна адлічваюць абавязковыя рэзервы.

Ёсць і другі бок медаля — устойлівасць самой банкаўскай сістэмы. У 2015 годзе Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 уклады ў Беларусі падзялілі на два зразумелыя тыпы. Адзыўныя (грошы можна забраць у любы момант па першым патрабаванні, але працэнтная стаўка па іх сціплая) і безадзыўныя сродкі (размяшчаюцца на дакладна абумоўлены тэрмін без права датэрміновага зняцця, але наўзамен банк плаціць укладчыку максімальны інвестыцыйны даход).

— Логіка тут абсалютна празрыстая. За адмову ад імгненнага доступу да грошай укладчык атрымлівае павышаную прыбытковасць, а банк атрымлівае надзейны, прадказальны рэсурс, які можна спакойна накіраваць на мадэрнізацыю прамысловых гігантаў, сельскую гаспадарку ці будаўніцтва жылля. І гэты баланс спрацаваў. Сёння звыш 70 % тэрміновых рублёвых дэпазітаў грамадзяне трымаюць менавіта на безадзыўной аснове на тэрмін ад аднаго года, — растлумачыў Аляксандр Ягораў.

Ён падкрэсліў: сістэма атрымала ўстойлівыя доўгія грошы, а людзі — надзейную даходнасць:

— Менавіта ў апошнія гады адбыўся істотны рост рублёвых дэпазітаў, якія з пачатку 2023 выраслі амаль у тры разы.

Разумнае зберажэнне

Калі інфляцыя ў краіне складае ўмоўна 5-6 %, як у Беларусі, а банк прапануе па безадзыўным рублёвым укладзе на тэрмін ад года стаўку 12,5 % гадавых, якая чыстая выгада Рэальная даходнасць каля 6 % гадавых чыстага прыросту капіталу. Пры гэтым, згодна з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, калі вы трымаеце сродкі на безадзыўным укладзе ў беларускіх рублях тэрмінам ад аднаго года або ў валюце ад двух гадоў, вашы працэнтныя даходы цалкам вызвалены ад падаходнага падатку.

А цяпер пакладзіце гэтыя ж грошы дома ў канверт. Пры сярэдняй гадавой інфляцыі нават у 5 % 

праз пяць гадоў пакупальніцкая здольнасць адкладзенай сумы скароціцца амаль на чвэрць. Вы быццам бы пералічваеце тыя ж самыя купюры, але на іх можна купіць ужо на чвэрць менш бензіну, малака ці квадратных метраў жылля.

— Што такое зберажэнні грамадзян для Беларусі? — задаецца пытаннем эксперт і тлумачыць. — Гэта суверэнны інвестыцыйны рэсурс. Калі ў краіне развіта культура ўнутраных зберажэнняў, дзяржаве і прадпрыемствам не трэба ісці па пазыкі да міжнародных фінансавых фондаў і згаджацца на палітычныя ўльтыматумы знешніх крэдытораў. Грошы, якія Беларусь паклала на дэпазіт, ператвараюцца ў абаротныя сродкі для набыцця камплектуючых для БелАЗа, у крэдыты для будаўніцтва новых вытворчасцяў і ў іпатэку. Гэта замкнёны стваральны цыкл. Гаспадаром у нашым фінансавым доме становіцца беларускі народ.

Маркер даверу да фінансавай сістэмы

Топ-менеджар Нацбанка расказаў у эфіры яшчэ адзін цікавы факт: сёння больш за 65 % усіх новых дагавораў банкаўскага ўкладу адкрываюцца анлайн, без фізічнага візіту ў аддзяленне:

— Гэта выдатны маркер дэбюракратызацыі банкаўскага сектара і лічбавізацыі грамадства. Пару клікаў у мабільным дадатку і вашы грошы пачынаюць працаваць.

Падводзячы вынік, ён адзначыў:

— Макраэканамічная статыстыка фіксуе найважнейшы структурны зрух — упэўненую дэвалютызацыю зберажэнняў. Той факт, што сёння 86 % усіх рахункаў беларусаў адкрыты ў нацыянальнай валюце, сведчыць пра многае. Гэта аб’ектыўны маркер даверу грамадзян да фінансавай сістэмы сваёй дзяржавы. Але за гэтымі сухімі макраэканамічнымі лічбамі хаваецца нешта глыбока асабістае. Давер да эканомікі краіны заўсёды пачынаецца з павагі да ўласнай працы. Па сутнасці, грошы — гэта не проста купюры або нулі на банкаўскім рахунку, гэта матэрыяльны эквівалент вашага незаменнага часу, вашых нерваў, намаганняў і таленту. І ставіцца да гэтай часткі свайго жыцця трэба адпаведна — прагматычна і беражліва.

У тэму

Якія стаўкі актуальныя цяпер?

Працэнтныя стаўкі па дэпазітах і крэдытах, усталяваныя ў жніўні, захоўвалі прывабнасць зберажэння ў беларускіх рублях і крэдытную актыўнасць у эканоміцы.

Як паведамілі ў Нацыянальным банку, найвышэйшы ўзровень ставак заўважаны па безатзыўных дэпазітах фізічных асоб у беларускіх рублях на працягласць больш за тры гады. У жніўні сярэдняя працэнтная стаўка па іх склалася на ўзроўні 14,2 % гадавых.

У цэлым, па новых рублёвых укладах насельніцтва сярэдняя працэнтная стаўка склала 10,7 % гадавых.

Стаўкі на крэдытным рынку паступова змяншаюцца. У жніўні сярэдняя працэнтная стаўка па новых рынкавых крэдытах, якія выдадзены банкамі юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце, склала 10,1 % гадавых (10,5 % у ліпені 2026 года), фізічным асобам — 14,1 % гадавых (14,3 %).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю