Як беларускія медыкі ламаюць стэрэатыпы аб анкалогіі, расказаў намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Маўрычаў, паведамляе БелТА.
Сяргей Маўрычаў падкрэсліў, што анкалогія даўно ўжо не прыгавор. У рэспубліцы з усіх захварэлых 60 працэнтаў — людзі, якія знаходзяцца пад наглядам 5 гадоў і больш, гэта значыць жывуць 5 гадоў і больш з такім дыягназам.
Паводле слоў эксперта, беларусы — адны з лепшых у свеце па выяўленні раку шыйкі маткі на ранніх стадыях.
«Рак цела маткі ў нашай краіне мае высокую захваральнасць, але ў 80 працэнтах выяўляецца на першай стадыі захворвання. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у свеце. І гэта заслуга не анколагаў, таму што мы атрымліваем пацыента ўжо з дыягназам. Гэта заслуга нашых гінеколагаў першаснага звяна, якія пры самым малым падазрэнні выконваюць выскрабанне поласці маткі або гістэраскапію з біяпсіяй, устанаўліваюць дыягназ такім чынам, і на 80 працэнтаў ён выяўляецца на першай стадыі», — сказаў Сяргей Маўрычаў.
Ён звярнуў увагу, што аддзяленне анкагінекалогіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі з’яўляецца вядучым у лячэнні такіх паталогій. У студзені 2021 года Еўрапейскае таварыства гінекалагічнай анкалогіі прызнала аддзяленне Еўрапейскім цэнтрам хірургіі распаўсюджанага раку яечнікаў.
Сяргей Маўрычаў — урач у чацвёртым пакаленні. На яго думку, якасная медыцына — гэта тэхналогіі, каманда, у нейкай ступені апантанасць работай у гэтай каманды, аснашчэнне і іншыя складнікі.
«Калі параўнаць у рамках СНД хаця б постсавецкія рэспублікі, калі мы гаворым пра аснашчанасць камп’ютарнымі тамографамі, МРТ, то мы на вельмі высокім узроўні аснашчаны. У нас ёсць малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенезу, якая з’яўляецца найбуйнейшай у Еўропе. І нашы магчымасці маюць нават не ўсе вядучыя расійскія цэнтры. Што датычыцца прамянёвай тэрапіі, то аснашчэнне лінейнымі паскаральнікамі ў нас даволі высокае. У нас 25 лінейных паскаральнікаў, у той час як у некаторых краінах аднаго нават няма. Гэта дае магчымасць нашым грамадзянам атрымліваць анкалагічную дапамогу на высокім узроўні, — адзначыў Сяргей Маўрычаў. — Што датычыцца хірургіі, доступы з дапамогай лапараскапіі ўжо замацаваліся пры некаторых паталогіях. І пры некаторых паталогіях 50-60 працэнтаў аперацый выконваецца лапараскапічным доступам».
Таксама ў РНПЦ выкарыстоўваецца ўнікальнае абсталяванне, якое дае магчымасць лячыць пухліны галаўнога мозга, — гама-нож.