У сучасным свеце злаўмыснік не можа знікнуць з месца злачынства, не пакінуўшы слядоў. Больш за тое, з сённяшнімі магчымасцямі знайсці і затрымаць яго часта ўдаецца цягам сутак ці нават гадзін. Эксперт-крыміналіст з 15-гадовым стажам Іна ФІНСКАЯ, якая адной з першых прыязджае на месца злачынства і працуе там, дзе часам не кожны мужчына змог бы, упэўнена, што няма ідэальных злачынстваў. Знайсці злодзея па дарожцы слядоў, якая выведзе да яго дома, па адбітках пальцаў і нават у свой выхадны затрымаць групу злачынцаў, якіх даўно шукалі, — усё гэта было ў яе практыцы. Па пакінутых на месцы слядах яна можа скласці нават прыкладны сцэнарый, па якім адбылося злачынства і, партрэт злачынцы, хоць і без загадак у такой прафесіі не абыходзіцца.
Па гарачых слядах
Сёння Іна Фінская працуе на пасадзе намесніка начальніка аддзела крыміналістычных улікаў упраўлення крыміналістычных экспертыз і ўлікаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці. Аднак марыць аб прафесіі эксперта-крыміналіста пачала яшчэ са школы.
— Недзе з сёмага класа я вырашыла, што хачу быць міліцыянерам, як тата, Віталь Паўлавіч Гуга. Ён таксама падпалкоўнік, служыў ва Упраўленні ўнутраных спраў па Брэсцкай вобласці і заўсёды быў для мяне прыкладам доблесці, адвагі, гонару, — гаворыць Іна Фінская.
Па праграме абмену яна скончыла Маскоўскі ўніверсітэт МУС у 2012 годзе па спецыяльнасці «Судовая экспертыза» і вярнулася ў родны Брэст, дзе працавала ў экспертна-крыміналістычным аддзеле Ленінскага РАУС.
— Калі я прыйшла служыць, мне пашчасціла з начальнікам аддзела — Леанідам Рыгоравічам Пульманам, вялікім прафесіяналам сваёй справы. Я толькі скончыла ВНУ, і ён не адразу паставіў мяне на дзяжурствы, а даў невялікі час асвоіцца. Прывозіў мяне на месцы здарэння, напрыклад, на забойства, дзе ўжо працавала група. Сам даваў парады эксперту: «Ты гэта зірні, вось тут паглядзі...» Многае расказваў у працэсе, каб мне было лягчэй, калі я паеду як эксперт у складзе групы і самастойна буду прымаць рашэнні. За гэта я яму вельмі ўдзячная.
І хутка Іна пачала працаваць самастойна — заступаць на сутачныя дзяжурствы ў складзе следча-аператыўнай групы. На практыцы гэта нярэдка азначала, што ў 8 гадзін раніцы група з’язджала з аддзела і вярталася туды толькі бліжэй да ночы. Для юнай дзяўчыны няпростая праца.
— Былі такія суткі, калі агляд ішоў за аглядам: крадзеж, узрыў гранаты, рабаванне ў магазіне... Ты забываеш пра ўсе свае патрэбы, у такі час мозг працуе па-іншаму: табе трэба выканаць задачу, прычым максімальна аператыўна, — расказвае суразмоўніца.
Працаваць эскперту-крыміналісту нярэдка прыходзіцца ў складаных умовах надвор’я — пад дажджом, які змывае доказы, ці ў мароз. Прычым гэта карпатлівая праца на месцы здарэння цягам некалькіх гадзін.
— Асабіста мне цяжка даюцца моцныя маразы. Памятаю, на вуліцы мінус 30, тры гадзіны ночы і нас выклікалі на крадзеж з машыны. У мяне на руках тканінныя пальчаткі, паверх — гумавыя, якія толькі прыцягваюць холад. Пальцы стынуць, а працаваць мне трэба як раз рукамі. Перад намі стаіць задача раскрыць злачынства ў дзяжурныя суткі, а гэта магчыма, калі я знайду адбіткі, — дзеліцца Іна Фінская.
Дарэчы, раскрыць злачынства па гарачых слядах удаецца вельмі часта і тут вядучая роля належыць менавіта эксперту, які знойдзе сляды.
— Добра, калі праца прыносіць вынік у дзяжурныя суткі. Прывяду банальны выпадак, аднак ён паказвае, як эфектыўна спрацавала ўся група. Мужчына захацеў выпіць у кампаніі, пазнаёміўся на вуліцы з жанчынай, запрасіў яе да сябе ў атэль. Калі гаспадар заснуў, жанчына пакінула пакой з яго кашальком. Ён звярнуўся ў міліцыю. Я знайшла некалькі адбіткаў, адразу паехала ў аддзел, база выдала супадзенне. Мы назвалі прозвішча, і аператыўнікі ўжо ведалі, куды ехаць і дзе шукаць гэту жанчыну. А гэта быў яшчэ той час, калі не было агульнай сістэмы відэаназірання. На працягу гадзіны жанчыну даставілі ў аддзел.
Прафесійная інтуіцыя
Прафесія эксперта-крыміналіста няпростая для прадстаўніц прыгожай паловы і яшчэ па шэрагу прычын. Адзін толькі крыміналістычны чамадан, пастаянны спадарожнік судовых экспертаў, важыць з усім начыннем да 25 кілаграмаў. Абавязковым атрыбутам з’яўляецца зброя, як і ўменне ёй карыстацца. Навыкамі стральбы Іна авалодала яшчэ ў гады вучобы ва ўніверсітэце — падчас штодзённых заняткаў агнявой падрыхтоўкай страляць даводзілася з рознага віду зброі.
Дапамагаюць у рабоце і тэарэтычныя веды, прычым у самых, на першы погляд, безнадзейных выпадках. І, безумоўна, прафесійнае чуццё.
— Увечары гаспадары высадзілі маленькія туі, а раніцай убачылі, што за ноч іх скралі. Хаджу па гэтым участку, думаю, што тут рабіць. На дарозе пясочак, на ім шмат розных слядоў. Зацікавіў мяне адзін з іх, вырашыла прайсціся па гэтай дарожцы. Ішла кіламетры два — і прыйшла да чалавека ў двор. А там усё ў гэтых туях. Падчас вучобы нам расказвалі пра дарожку слядоў, і вось у маёй практыцы яна «стрэліла».
Тут увогуле трэба сказаць, што без прафесійнай інтуіцыі крыміналісту не абысціся, нават у выхадны дзень. Аднойчы Іна Фінская затрымала злачынцаў, якія сталі галаўным болем для ўсяго раёна.
— Неяк была ў гасцях у сяброў. Стаяла зіма, я выйшла на вуліцу і чакала іх побач з домам. Раён з новабудоўлямі, я прагульваюся і бачу, што два хлопцы калупаюцца ў падвале, нешта адтуль выцягваюць. «Стаяць, міліцыя!» — кажу я ім. Яны спалохаліся, схапілі веласіпеды і пачалі з’язджаць. Аднаго з іх мы з маімі сябрамі затрымалі, другі паспеў уцячы. Выклікалі групу. Гэта аказалася банда наркаманаў, якія «чысцілі» ўвесь раён — кралі з падвалаў. Ніяк іх не маглі злавіць, і вось так затрымалі выпадкова.
Аднак сказаць, што ніякіх загадак у прафесіі для Іны не засталося, было б перабольшваннем. Тым больш што некаторыя выпадкі інакш як дзіўнымі не назавеш.
— Мы прыехалі на крадзеж з кватэры. Сітуацыя своеасаблівая: з аднаго боку, у пацярпелых быццам бы нічога не прапала, але парадак быў парушаны, і пры гэтым было пранікненне з узломам замка. Гаспадары дакладна не маглі сказаць, што ў іх прапала. Кватэра не самая чыстая, але не асацыяльная. Я апрацавала ўсе прадметы ў кватэры спецыяльным парашком, але не магла знайсці прыдатных адбіткаў рук. Нарэшце на адной з бутэлек знаходжу вялікі прыгожы «палец». Яго мы адразу адправілі на даследаванне, а раніцай нам кажуць, што супадзенняў няма. Пасля яго доўга кантралявалі, і адбітак так ні з кім не супаў. Для мяне загадка да гэтага часу, хто пабываў у той кватэры, — кажа крыміналіст.
Псіхалагічная ўстойлівасць, уседлівасць, уважлівасць, крытычнасць, аб’ектыўнасць, уменне працаваць не па шаблоне — якасці, без якіх эксперту-крыміналісту не абысціся. Да таго ж гэта тая праца, якую нельга пакінуць за дзвярыма, сышоўшы дадому.
— Ад той жа почырказнаўчай экспертызы, якая павінна высветліць, хто паставіў подпіс, скажам, пад завяшчаннем, залежыць лёс чалавека, таму ты гэтым жывеш увесь час, пакуль праводзіш экспертызу і робіш высновы, — гаворыць Іна Фінская. — Аднак такая наша работа. Яшчэ ў 18 гадоў, калі я прынесла прысягу, я дакладна зразумела, што значыць служыць закону, Радзіме і свайму народу.
Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ