Беларускі аграрны сектар упэўнена выйшаў у экспартныя лідары. Летась на замежныя рынкі было пастаўлена прадуктаў харчавання на суму больш за 10 мільярдаў долараў. Яшчэ адносна нядаўна гэта задача здавалася настолькі амбіцыйнай, што ўяўлялася амаль невыканальнай. Каштоўнасць дасягнення не толькі ў прытоку валюты ў краіну, паляпшэнні за кошт прысутнасці на знешнім контуры фінансава-эканамічнага паказчыка прадпрыемстваў. Прысутнасць за мяжой з’яўляецца адным з стымулаў і драйвераў развіцця айчыннага харчовага рынку з пункту гледжання ключавых характарыстык: якасць, асартымент, інавацыйныя рашэнні.
Беларусь адносна невялікая краіна. І ўтрымацца на хвалі канкурэнцыі ў такім спецыфічным сектары, як аграрны, досыць праблематычна. Кажучы аб’ектыўна, унутраны рынак адносна вузкі, не дае шырокага манеўру для эксперыментаў з новымі відамі прадукцыі, нішавымі распрацоўкамі. Акрамя таго, адносна невялікая ёмістасць асобных сегментаў не дазваляе дасягаць сінергіі маштабу, які неабходны як для фарміравання даступнай цаны на паліцы, так і для атрымання прымальнага фінансава-эканамічнага выніку ў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і перапрацоўшчыкаў.
Дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Піліпук перакананы: менавіта экспарт стаў адной з асноў высокай канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі. У тым ліку — і на ўнутраным рынку. Экспартныя рынкі вялікія, ёмістыя, адрозніваюцца найшырэйшай дыверсіфікацыяй. У тым жа Кітаі ў кожнай катэгорыі прысутнічаюць сотні і тысячы гульцоў з усяго свету. І выходзячы на знешні контур нашы кампаніі бачаць і адчуваюць сусветныя і рэгіянальныя тэндэнцыі, трымаюць руку на пульсе тэндэнцый трансфармацыі попыту, тэхналагічных змяненняў. Нямала новых прадуктаў спачатку абкатваліся на знешніх рынках, а потым ужо паступалі на ўнутраны. У тым ліку, і па гэтай прычыне доля айчыннай малочнай і мясной прадукцыі ў беларускіх рознічных продажах набліжаецца да ста працэнтаў. Хоць ёсць канкурэнцыя, мы не закрытыя для знешніх гульцоў. Асабліва з краін — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

Калі казаць пра сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы, то аграпрамысловы комплекс з’яўляецца адным са слупоў устойлівасці нашай эканомікі. Па-першае, у гэтым кірунку зроблены сур’ёзны зачын. Загадчык кафедры тэхналогій і механізацыі жывёлагадоўлі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый Грыгор’еў адзначае, што па развіцці сродкаў вытворчасці айчынная жывёлагадоўля знаходзіцца на высокім сусветным узроўні. І не саступае Ізраілю і ЗША — адным з лідараў. У той жа Усходняй Еўропе яшчэ эксплуатуецца шмат старых ферм з далёка не перадавымі тэхналогіямі. У Беларусі за два дзесяцігоддзі тэхналагічнае абсталяванне кардынальна змянілася. Каля 1800 ферм аснашчаны новым абсталяваннем з лічбавымі рашэннямі. Краіна вырабляе асноўныя кармы, ёсць сістэма племянной жывёлагадоўлі. Іншае пытанне, што гэтыя магчымасці неабходна эфектыўна выкарыстоўваць, што адбываецца не заўсёды. Нездарма Кіраўнік дзяржавы пастаянна гаворыць аб тэхналагічнай дысцыпліне. Там, дзе яна выконваецца, надоі на адну карову перавышаюць 10 тысяч кілаграмаў малака за лактацыю. Па выніках года сярэдні паказчык па краіне перавысіў 6,5 тысячы кілаграмаў. Гэта нядрэннае дасягненне — за дваццаць гадоў прадукцыйнасць малочнай жывёлы павялічылася амаль у два разы (у 2005 годзе адна карова давала 3,7 тысячы кілаграмаў). Але патэнцыял у нашай жывёлагадоўлі яшчэ вялікі. І яго грэх не выкарыстоўваць.

Па-другое, у свеце попыт на прадукты харчавання альбо стабільны, альбо расце. АПК (як і нямала іншых традыцыйных галін) у апошнія гады недаінвесціраваны ў глабальным маштабе. Капіталы цягнуліся ў бок высокатэхналагічных модных трэндаў, якія моцна пераацэненыя (але гэта — іншая гісторыя). І, як ні парадаксальна, але з чыста эканамічнага пункту гледжання і фінансавага выніку аграрны сектар сёння ўжо выглядае не менш (магчыма, і больш) прывабна. Вектар руху сусветных фінансаў можа змяніцца ў бок традыцыйных галін. Але любыя інвестыцыі патрабуюць часу для іх рэалізацыі. І ў гэтых адносінах Беларусь знаходзіцца ў выйгрышным становішчы.
Па-трэцяе, сельская гаспадарка з пункту гледжання фарміравання дабаўленай вартасці па ўсім доўгім ланцужку вытворчасці з’яўляецца лідзіруючай галіной у беларускай эканоміцы. Несумненна, яшчэ ёсць некаторыя вузкія месцы, у якіх існуе пэўная залежнасць ад імпартных паставак, але ў аснове сваёй аграрыі выкарыстоўваюць прадукцыю айчынных кампаній: машынабудаўнічых, вытворцаў угнаенняў, абсталявання для ферм... А новая рэальнасць светагаспадарання прадугледжвае максімізацыю дабаўленай вартасці пад сваёй юрысдыкцыяй. Гэтым займаюцца сёння ўсе краіны па меры сваіх магчымасцяў. І ў самай яркай сваёй форме моду задаў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, які і пернікам, і пугай (апошняй — часцей) імкнецца загнаць вытворчасць назад на тэрыторыю ЗША.
У разрэзе гэтага трэнду сельская гаспадарка для Беларусі з’яўляецца самай перспектыўнай галіной з пункту гледжання падаўжэння ланцужкоў дабаўленай вартасці. І гэтыя працэсы ідуць. У тым ліку, актыўна асвойваюцца новыя віды абсталявання і тэхнікі, паглыбляецца іх лакалізацыя. Напрыклад, актыўна вядуцца работы па стварэнні беларускіх даільных робатаў, у сабекошце якіх інтэлектуальны складнік (праграмнае забеспячэнне) займае да 20 %. А ў частцы IT-тэхналогій у нас ёсць нядрэнныя кампетэнцыі.
У гэтым разрэзе добрая дынаміка экспарту прадуктаў харчавання стварае базу для развіцця не толькі аграрнага і перапрацоўчага сектара, але і валодае высокім мультыплікатыўным эфектам для шырокага спектра сумежных галін. У тым ліку высокатэхналагічных. Беспілотны транспарт, дроны і іншыя складаныя рашэнні яшчэ не з’яўляюцца масавымі (і ў нас, і ў свеце), але пачынаюць ужо выходзіць на палі. І фарміраваць попыт на інавацыйную і высокатэхналагічную прадукцыю.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ