Top.Mail.Ru

Эксперт: Праз цікавыя для грамадзян кароткатэрміновыя зберажэнні ў беларускую эканоміку можна прыцягнуць мільярды рублёў

Беларусы вельмі ашчадная нацыя. Схільнасць да накапленняў закладзена ў нас на генетычным узроўні. Не выключаю, што дзякуючы гэтай уласцівасці нацыі ўдалося выжыць і прайсці праз стагоддзі розных выпрабаванняў. Жаданне і ўменне назапашваць пацвярджаюць і статыстычныя даныя. Летась 16,6 % сваіх даходаў беларусы выкарыстоўвалі на зберажэнні і ўклады: гэта больш за 25 мільярдаў рублёў. Гэта той патэнцыял, які можна выкарыстоўваць як рэсурсную базу для маштабнай мадэрнізацыі краіны, якая неабходна. Але галоўнае пытанне, якім чынам гэтыя назапашванні грамадзян трансфармаваць у інвестыцыі, уцягнуць у эканоміку. 


Вядома, для інвестыцыйнага крэдытавання ў першую чаргу цікавыя доўгія грошы. Таму дзяржаўная палітыка нацэлена на павелічэнне дэпазітаў на год і больш. І па гэтым кірунку маюцца пэўныя поспехі. За мінулы год банкаўскія дэпазіты грамадзян у беларускіх рублях выраслі на 4,3 мільярда рублёў і дасягнулі адзнакі ў 15,2 мільярда рублёў. Гэта добрая дынаміка і выдатныя паказчыкі. 

Аднак факт заключаецца ў іншым: з 25 мільярдаў рублёў, якія грамадзяне са сваіх даходаў накіравалі на зберажэнні, апынуліся ў банках толькі крыху больш за 4 мільярды. Як бачыцца, патрабуе ўважлівага вывучэння пытанне лёсу астатніх назапашванняў — сумы ў больш чым 20 мільярдаў рублёў. Гэта вельмі важны момант. Эканоміцы неабходныя значныя рэсурсы для мадэрнізацыі. Кіраўніцтва краіны прыкладае значныя намаганні, каб прыцягнуць гэтыя сродкі. У тым ліку, і за кошт замежных крэдытных ліній. Між тым у нас унутры дзяржавы ёсць яшчэ ўласныя рэзервы. 

Несумненна, значная частка зберажэнняў грамадзян з’яўляецца па сваёй сутнасці адкладзенай купляй у той ці іншай форме. Многія беларусы прагматычна адкладаюць частку сваіх даходаў на рамонт кватэры, аўтамабіля, куплю рэчаў працяглага карыстання, медыцынскае абслугоўванне, адукацыю, адпачынак... У многіх ёсць той ці іншай таўшчыні падушка бяспекі: сродкі, якія ляжаць на неспадзяваныя выпадкі. Падазраю, што прыстойная частка гэтых сродкаў назапашваецца ў наяўным выглядзе. Па вялікім рахунку, нават не важна, у якой валюце: рублях, доларах, еўра або іншай. Важна, што гэтыя грошы ніяк не ўцягнутыя ў эканоміку. Чаму? 

Мабыць, для размяшчэння такіх зберажэнняў адсутнічаюць прывабныя для грамадзян інструменты. Яны, як бачыцца, павінны валодаць дзвюма ключавымі характарыстыкамі: прыносіць пэўны даход і з’яўляцца ліквіднымі, каб сродкамі ў любы момант можна было скарыстацца. Дэпазіты, асабліва безадзыўныя, прынамсі, другому крытэрыю не адпавядаюць. Як і аблігацыі. Ёсць паперы з нядрэннай прыбытковасцю. Але ці можна іх рэалізаваць імгненна? Купіць іх у банку не праблема, а прадаць? 

Не выключана, што менавіта з гэтай прычыны беларусы доўгі час мелі звычкай назапашваць сродкі ў замежнай валюце. І калі даходнасць такога размяшчэння ў апошнія гады з’яўляецца пытаннем дыскусійным і сумнеўным, то крытэрыю ліквіднасці валюта цалкам адпавядае. У любым абменным пункце, аддзяленні банка яе можна хутка ператварыць у беларускую наяўнасць калі не круглыя суткі, то, прынамсі, у дзённы час. 

На жаль, можна канстатаваць, што аналагічныя фінансавыя інструменты, так бы мовіць, адсутнічаюць. Чаму? Гэта тэма асобнага дыскурсу. Той жа банкаўскі сектар існуе ў парадыгме той рэгуляторыкі, якая ўстаноўлена ў дзяржаве. Зыходзячы з яе кожны банк выбудоўвае сваю бізнес-мадэль, стратэгію прыцягнення рэсурсаў. Напрыклад, на рэшткі па карткавых рахунках налічваюцца зусім сімвалічныя сотыя працэнты гадавых, якія кліент нават не заўважае. Маглі б банкі фарміраваць стымулы як мага даўжэй трымаць сродкі на разліковых рахунках? Маглі б. Чаму не робяць? Значыць, гэта нявыгадна ў рамках тых умоў, у якіх мы існуём. Добрыя яны ці дрэнныя — пытанне суб’ектыўнае. Галоўнае, ці адпавядаюць яны пастаўленым дзяржавай мэтам. 


Як бачыцца, неабходна паставіць стратэгічную задачу: максімальна ўцягнуць усе наяўныя фінансавыя рэсурсы ў публічны абарот. І паспрабаваць сфарміраваць спектр інструментаў, які б працаваў на розныя сегменты спажыўцоў. І тады назапашванні хатніх гаспадарак (з рознымі мэтамі) апынуцца ў публічным абароце. З гэтых ручаёў сфарміруюцца фінансавыя патокі, якія будуць здольныя задаволіць попыт на інвестыцыі. 

Сяргей ДУБКОЎ, старшыня праўлення ЗАТ «БСБ Банк», дацэнт кафедры банкаўскага бізнесу і фінансавых тэхналогій эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю