Top.Mail.Ru
148

Эксперт: У беларускага і цяперашняга амерыканскага кіраўніцтва супадаюць погляды на многія глабальныя праблемы сучаснасці

Такое меркаванне карэспандэнту zviazda.by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Алег Дзячэнка. 



— Тэлефонная размова лідараў Амерыкі і Беларусі выклікае аптымізм у справе аднаўлення двухбаковых доўгатэрміновых і стабільных міжнародных адносін, з’яўляецца перадумовай для паляпшэння амерыкана-беларускага дыялогу і адкрывае новыя перспектывы супрацоўніцтва паміж суверэннымі дзяржавамі, — упэўнены парламентарый.

Ён звяртае ўвагу, што ў сяброўскай гутарцы прэзідэнтаў пераважала не толькі рэгіянальная тэматыка, але абмяркоўвалася і міжнародная праблематыка, а таксама сітуацыя, якая складваецца ў свеце ў цэлым:

— Амерыканцы бачаць той вялікі ўклад, які зрабіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў справу забеспячэння міру на еўрапейскім кантыненце, у тым ліку ў стварэнні ўмоў для ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Украіны з самага пачатку яго ўзнікнення. 

Эксперт таксама адзначае, што ў беларускага і цяперашняга амерыканскага кіраўніцтва супадаюць погляды на многія глабальныя праблемы сучаснасці:

— Напрыклад, іх пазіцыі блізкія па пытанні ўмацавання традыцыйных маральных каштоўнасцяў з выкарыстаннем духоўнага патэнцыялу сусветных рэлігій. Беларусь і Злучаныя Штаты таксама могуць эфектыўна ўзаемадзейнічаць па многіх запатрабаваных сучасным жыццём напрамках міжнароднай палітыкі, уключаючы сферу процідзеяння экстрэмізму, барацьбу з тэрарызмам, наркатрафікам і пераадолення іншых праблем, якія хвалююць сусветную супольнасць.

Алег Дзьячэнка канстатуе той факт, што сёння да кансерватыўна думаючых амерыканцаў прыходзіць разуменне неабходнасці сыходу ад канфрантацыі і пераходу да разрадкі міжнароднай напружанасці, збавення ад згубнай спадчыны ранейшай Вашынгтонскай адміністрацыі і адмовы ад агрэсіўных знешнепалітычных памкненняў часткі амерыканскага палітычнага істэблішменту, звязаных з жаданнем пастаянна ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых краін. Ён нагадвае, што знешні доўг ЗША і без гэтых дарагіх знешнепалітычных авантур дасягнуў у бягучым годзе гістарычнага максімуму і перавысіў 36 трыльёнаў долараў. 

— Час патрабуе сумеснымі намаганнямі рашуча адмовіцца ад старых падыходаў, разарваць заганнае кола санкцыйных пакетаў, прыкрытых квятчастай «дэмакратычнай» фразеалогіяй і знайсці прынцыпова новыя шляхі да вырашэння наспелых міжнародных праблем, — падкрэслівае суразмоўца. — Бо ўсім відавочная безгрунтоўнасць і бесперспектыўнасць фінансава-эканамічных санкцый, якія ствараюць дадатковыя праблемы на дыпламатычным узроўні і не ўлічваюць рэалій сучасных сусветных працэсаў. Таму, перш за ўсё, трэба супрацоўнічаць у галіне эканомікі, што дазволіць кожным боку дадаткова атрымаць значныя выгады і перавагі. 

На яго думку, вяртанне ў Белы дом рэспубліканцаў аказала выцвярэжвае эфект на амерыканскую палітычную эліту, у якой з’явіўся гістарычны шанец заняцца аднаўленнем узаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з нашай краінай і аднаўленнем палітычнага дыялогу па самым шырокім спектры пытанняў міжнароднай палітыкі. 

— Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што ў ЗША ёсць палітычныя сілы, якія адэкватна разумеюць сітуацыю, якая складваецца, і гатовыя да больш шырокага выкарыстання дыпламатычных магчымасцяў для развіцця здаровых міждзяржаўных адносін на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Ды і Рэспубліка Беларусь заўсёды гатовая да дыялогу і добрых адносін са Злучанымі Штатамі, але не на шкоду свайму суверэнітэту і незалежнасці, — рэзюмаваў эксперт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю