Top.Mail.Ru

Эксперт: Устойлівасць грашова-крэдытнай палітыкі — упэўненасць кожнай беларускай сям’і ў заўтрашнім дні

Нядаўна Нацыянальным банкам былі апублікаваныя асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год. Іх роля — паказаць траекторыю дзеянняў рэгулятара па дасягненні мэтавых паказчыкаў, якія прапісаны ва ўказе Прэзідэнта. Паводле прагнозу інфляцыя складзе не больш за 7 %. Пры гэтым тэмп росту інвестыцыйнага крэдытавання павінен быць больш за 13 %. Гэта толькі невялікая колькасць лічбаў з дакумента. Але што ўсё гэта азначае для простага беларуса? Разабрацца, як працуюць фінансавыя рычагі краіны, дапамог у праграме «ПраГрошы» на «Першым інфармацыйным» першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр ЯГОРАЎ.


Беларусь выбрала свой шлях

— Калі казаць навуковай мовай, то грашова-крэдытная палітыка — гэта кіраванне грашовай прапановай у эканоміцы. Прапануюць грошы заўсёды банкі, але галоўная прапанова грошай — з боку Нацыянальнага банка. Таму, калі параўнаць краіну з жылым домам, то грашова-крэдытная палітыка — гэта такі кран з грашыма ў руках дзяржавы. Калі кран адкрыты, грошы танныя з прычыны нізкіх ставак, іх шмат, эканоміка расце, але цэны пачынаюць паўзці ўверх, — растлумачыў Аляксандр Ягораў. — І наадварот, калі кран закручваюць, крэдыты становяцца дарагімі, людзі менш трацяць, а цэны пры гэтым стабілізуюцца. 

Здавалася б, усё проста і зразумела, лічыць эксперт і пры гэтым падкрэслівае — у свеце дзве сотні краін, але пры гэтым грашова-крэдытная палітыка амаль ніколі не падобная адна на адну. Галоўная мэта пры правядзенні сваёй палітыкі — знайсці тую самую залатую сярэдзіну:

— У Беларусі гэта задача вырашаецца не проста сухімі разлікамі, а з улікам сацыяльнай справядлівасці — асновы нашай дзяржавы. Як часта адзначае Прэзідэнт, эканоміка павінна працаваць для людзей, а не людзі для эканомікі.

 

Беларусь, гледзячы на сусветны вопыт, выбрала свой суверэнны шлях:

— Наш Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што мы не можам дазволіць сабе раскошу стэрыльнай фінансавай сістэмы, дзе цэны не растуць, але і жыццё замірае. Мы разумеем, што ў нашых умовах грашова-крэдытная палітыка павінна быць стваральнай, а не проста кантралюючай. Наш Нацыянальны банк выкарыстоўвае манетарныя рычагі не для таго, каб сушыць эканоміку, а каб накіроўваць кроў, гэта значыць грошы, у тыя артэрыі, якія даюць рост усёй краіне.

Эксперт прызнаў, што ў гісторыі сучаснай Беларусі былі складаныя моманты:

— У 2011 годзе праз незбалансаванасць грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі мы сутыкнуліся з рэзкай дэвальвацыяй рубля і ўсплёскам інфляцыі. Але паглядзіце на вынік. Нават тады, прызнаўшы памылкі і адкарэктаваўшы курс, дзяржава не кінула людзей. Мы забяспечылі рост эканомікі нават у той турбулентны год. А заробкі беларусаў у рэальным выражэнні, гэта значыць іх пакупніцкая здольнасць, працягвалі расці. Гэта стала найважнейшай прышчэпкай для нашай фінансавай сістэмы. Менавіта тады мы навучыліся балансаваць паміж падтрымкай экспарту і стабільнасцю цэн, — звяртае ўвагу Аляксандр Ягораў. 

Не сумны набор лічбаў, а контуры жыцця беларусаў 

Беларусь імкнецца ісці па шляху стварэння, канстатуе топ-менеджар Нацбанка:

— Апошнія пяць гадоў сталі для нашай фінансавай сістэмы сапраўдным выпрабаваннем. І сёння мы можам упэўнена сказаць, мы яго вытрымалі. Мы не проста змагаемся з ростам цэн, мы таргетуем развіццё канкрэтных галін за кошт такіх праграм, як, напрыклад, «Адзін раён — адзін праект» або «Рэгіянальная ініцыятыва». Стаўкі па такіх праграмах, дарэчы, знаходзяцца на ўзроўні ад 6,5 % да 8 % гадавых. Дзяржава гатова ўкладвацца ў стварэнне вытворчасці, бо гэта аснова эканомікі.

Госць студыі ўзгадаў 2021-2022 гады: беспрэцэдэнтныя санкцыі, спробы заблакіраваць нашы рахункі, лагістычны хаос:

— У такіх умовах любая іншая краіна са свабодным рынкам і класічнымі мадэлямі немінуча звалілася б у гіперінфляцыю. Але дзякуючы рашэнням Прэзідэнта і кропкавай рабоце Нацыянальнага банка, мы не далі цэнам паляцець у стратасферу. Па выніках 2023 і 2024 гадоў мы засталіся ў рамках адназначных лічбаў інфляцыі, не дапусціўшы таго кашмару, які перажывалі многія краіны ў перыяд крызісу. 

Пры гэтым асноўныя намаганні банкаўскай сістэмы ў частцы крэдытавання ў гэтыя гады былі сканцэнтраваны на трох кірунках, адзначыў намеснік старшыні Праўлення Нацбанка і растлумачыў:

— Інвестыцыйнае крэдытаванне — для будучыні. Важную ролю тут адыгрываў Банк развіцця, кропкава адбіралі самыя эфектыўныя праекты. Другое — інтэграцыйныя праекты з Расійскай Федэрацыяй. І трэці кірунак — маштабная крэдытная падтрымка экспарту. І такая палітыка дала свой плён. Эканоміка расла, інвестыцыі сталі асноўным драйверам росту як бягучага ВУП, так і ВУП на пяцігодку наперад.

 

Аляксандр Ягораў нагадаў, што ВУП у доларах ЗША вырас з 61 мільярда долараў у 2020 годзе да 94 мільярдаў долараў у 2025-м. Экспарт таксама дэманстраваў толькі станоўчую дынаміку. І галоўнае, інфляцыя знаходзілася каля мэтавых параметраў 5-6 % гадавых.

Асаблівая падстава для гонару, на якой акцэнтаваў увагу топ-менеджар Нацбанка, — золатавалютныя рэзервы краіны, якія паставілі гістарычны рэкорд. За 2025 год яны павялічыліся на 5,5 мільярда долараў ЗША і на 1 студзеня 2026-га перавысілі 14,4 мільярда долараў:

— Гэта тая самая падушка бяспекі, якая дазваляе краіне адчуваць сябе ўпэўнена ў любых геапалітычных штормах. 

Таксама крэдытны партфель эканомікі вырас крыху больш чым на 11 %, што цалкам адпавядае прагнозным паказчыкам і тэмпам росту ВУП. Пры гэтым грашовая прапанова пашыралася ўмерана: рост склаў каля 15 %, што з аднаго боку дазволіла забяспечыць прадпрыемства неабходнымі рэсурсамі, не ствараючы залішняга ціску на валютны рынак. 

І самы важны вынік для кожнага з нас — інфляцыя па выніках 2025 года не перавысіла 7 %. Гэта дасягненне стала магчымым дзякуючы спалучэнню гнуткай грашова-крэдытнай палітыкі і дзяржаўнага кантролю за цэнаўтварэннем. 

— Мы даказалі, што можна развівацца і інвеставаць у будучыню, захоўваючы пры гэтым цэнавую стабільнасць і абараняючы даходы насельніцтва. Гэтай стратэгіі прытрымліваемся і ў бягучым, у 2026 годзе. Асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі — гэта не проста сумны набор лічбаў, гэта контуры нашага з вамі жыцця. 

Тры кіты стабільнасці 

І тут ёсць тры ключавыя кіты, на якіх стаіць дабрабыт кожнага беларуса.

Па-першае, гэта цэнавая стабільнасць. Інфляцыя запланаваная на ўзроўні не вышэй за 7 %. Што гэта значыць для простага абывацеля? 

— Гэта значыць, што нашы з вамі зберажэнні не ператворацца ў пыл, а паход у краму не стане квэстам па выжыванні. Дзяржава гарантуе, рэзкіх скачкоў не будзе, — запэўніў Аляксандр Ягораў. 

Па-другое, гэта інвестыцыйны рывок. Крэдытаванне інвестыцыйных праектаў павінна вырасці мінімум на 13 %. 

— Для простага чалавека — гэта новыя працоўныя месцы ў яго родным горадзе, гэта сучаснае абсталяванне на заводах, якое палягчае працу, і гэта новыя тавары пад маркай «Зроблена ў Беларусі», якімі мы зможам ганарыцца. Гэта паліва для нашага будучага росту, якое заліваецца ў бак эканомікі ўжо сёння, — растлумачыў спікер. 

І па-трэцяе, гэта даступнасць рэсурсаў. Працэнтныя стаўкі ў эканоміцы захаваюцца на бягучым узроўні, можа нават і знізяцца, што будзе залежыць ад развіцця сітуацыі. 

— Гэта той самы справядлівы баланс, пра які заўсёды гаворыць Кіраўнік дзяржавы. Стаўка досыць высокая, каб вашы ўклады ў банках прыносілі рэальны прыбытак. І ў той жа час досыць камфортная, каб эфектыўныя прадпрыемствы маглі будаваць новыя цэхі, а людзі планаваць буйныя пакупкі. Галоўнае, для інвестыцый і экспарту заўсёды будзе самая камфортная стаўка, — канстатуе эксперт. 

— Падводзячы рысу, важна зразумець галоўнае. Грашова-крэдытная палітыка — не проста табліца Нацыянальнага банка. Гэта падмурак нашага спакою. Калі мы кажам пра яе ўстойлівасць, мы насамрэч гаворым пра ўпэўненасць кожнай беларускай сям’і ў заўтрашнім дні, — падкрэслівае намеснік старшыні Праўлення Нацбанка. — Менавіта такая суверэнная і прагматычная палітыка з’яўляецца адзіным залогам доўгатэрміновага эканамічнага росту. Мы не імкнёмся за імгненнымі паказчыкамі, прыгожай інфляцыяй. Мы будуем сістэму, дзе фінансавая стабільнасць канвертуецца ў рэальны дабрабыт грамадзян. У новыя школы, сучасныя бальніцы і ўпэўненасць у будучыні нашых дзяцей.

Эксперт падкрэслівае: гісторыя апошніх пяці гадоў даказала, што беларуская мадэль працуе:

— Мы выстаялі ў шторм, захавалі парадак і працягваем рух наперад. Пакуль іншыя шукаюць выратавання ў чужых рэцэптах, мы давяраем свайму вопыту і рашэнням нашага Прэзідэнта. Таму што ўстойлівасць эканомікі — гэта і ёсць наш сапраўдны суверэнітэт.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю