З 1 сакавіка пачаў дзейнічаць Указ № 74 «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». У ім гаворка ідзе аб пашырэнні паўнамоцтваў старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню і ўзмацнення іх адказнасці за стан спраў у рэгіёне. Сваім меркаваннем аб ролі гэтага дакумента ў жыцці грамадства падзялілася аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Кацярына ЧАРОЎСКАЯ:
— Безумоўна, усе мерапрыемствы, ініцыіраваныя гэтым дакументам, у першую чаргу накіраваны на павышэнне эфектыўнасці ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання і выканання задач абвешчанай пяцігодкі якасці (2025–2029 гады). Таму нарошчванне ўплыву кіраўнікоў мясцовых выканкамаў датычыцца ў першую чаргу падзення бюракратычных бар’ераў у тых сферах, якія не адзін год патрабуюць навядзення парадку. Гэта скароціць шлях ад прыняцця рашэння да яго рэалізацыі.
Акрамя гэтага, новы падыход будзе спрыяць эканоміі мясцовых бюджэтаў. Спрашчэнне, а галоўнае, патанненне парадку ліквідацыі аварыйных будынкаў — добры стымул разгарнуць маштабную работу ў гэтым кірунку.
Для Гродзенскай вобласці працэс асабліва актуальны ў сельскай мясцовасці, паколькі тут адзначаецца высокі бал урадлівасці глеб, і вяртанне зямель у сельскагаспадарчы абарот будзе мець адчувальны эканамічны эфект.
Зараз аб праве выканаўчых органаў улады ў прыцягненні грамадзян, супрацоўнікаў арганізацый і прадстаўнікоў бізнес-супольнасці да ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый. Мы тут бачым не толькі вырашэнне пытанняў, якія датычацца навядзення парадку. Гэта сур’ёзны крок да ўмацавання грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах.
Уцягванне прадстаўнікоў розных сфер і супольнасцяў у адзіны стваральны працэс фарміруе ў іх агульнае разуменне мэт і шляхоў іх дасягнення. Менавіта да такога кансалідаванага грамадства, здольнага да самамабілізацыі ў мэтах вырашэння ўласных запытаў, мы ідзём у адпаведнасці з Асноўным Законам нашай краіны.
Што да ўдзелу кіраўнікоў рэгіёнаў у фарміраванні топ-менеджменту арганізацый рознай формы ўласнасці і права генерыраваць прамыя распараджэнні, гэты момант выклікаў найбольш жывую цікавасць і вялікую колькасць трактовак. Нагадаю, што дадзенае пашырэнне паўнамоцтваў уводзіцца на фоне ўзмацнення адказнасці тых жа старшынь раённых выканаўчых камітэтаў: указам прадугледжваецца персанальная адказнасць за ўсе падобныя рашэнні і прадпісанні. Гэта сур’ёзны стрымлівальны фактар.
Зараз аб невідавочным. Сёння перад мясцовай уладай базавага ўзроўню стаіць задача па фарміраванні актуальнага партфеля перспектыўных інвестпраектаў, які б гарантаваў паскоранае эканамічнае развіццё на тэрыторыі рэгіёнаў. Ад таго, наколькі эфектыўна ўлада спрацуе ў гэтым кірунку, залежыць дабрабыт людзей і, як вынік, будучыня беларускай глыбінкі. Вырашэнне такіх задач патрабуе прамога дыялогу паміж адміністрацыямі раёнаў і бізнесам. Гатоўнасць яго ўдзельнікаў ісці насустрач інтарэсам адзін аднаго стане каталізатарам узаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Для складання працоўнага плана як мінімум на пяцігодку кіраўніцтву раёнаў і гарадскіх адміністрацый неабходна быць упэўненымі ў непахіснасці дасягнутых цяпер дамоўленасцяў — а гэта ўжо зона асобасных якасцяў і кампетэнцый. Цяпер у прадстаўнікоў дзяржавы з’явіліся механізмы ўплыву на гэты фактар, што добра.
Своеасаблівай кампенсацыяй за пабудову вертыкальных сувязяў паміж прадстаўнікамі мясцовай улады і дзелавымі коламі стане аптымізацыя сістэмы бюракратычных працэдур. А гэта спрашчэнне ўкаранення новых бізнес-ідэй, папаўненне спіса прэферэнцый, сумесная работа па пошуку новых працоўных рэсурсаў і многае іншае. Кажучы простымі словамі, часам для нармальнай плённай работы не хапае банальнага ўзаемаразумення. Новы ўказ дае магчымасці для яго паспяховага пошуку.