Top.Mail.Ru

Экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі разгледжаны законапраекты, накіраваныя на павышэнне нацбяспекі і адказнасці за забруджванне навакольнага асяроддзя

Дактыласкапічны кантроль і «дарагое» смецце

Такая форма, калі найважнейшыя для краіны заканадаўчыя рашэнні праходзяць праз своеасаблівы «фільтр», добра сябе зарэкамендавала. Прыцягненне шырокага кола спецыялістаў да абмеркавання нарматыўных прававых актаў дазваляе прымаць узважаныя і абдуманыя рашэнні, усебакова разглядаць прапанаваныя навацыі, ацэньваць патэнцыйныя рызыкі ад іх рэалізацыі на практыцы. З пачатку працы экспертнага савета разгледжана 317 дакументаў, 90 з іх падтрымана без заўваг.

Дзейнічаць на апярэджанне 

Праект Закона «Аб змяненні законаў» прадугледжвае карэкціроўку законаў «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», «Аб Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь», «Аб органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь», «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь». Унясенне змяненняў і дапаўненняў абумоўлена выкананнем даручэння Прэзідэнта аб пачатку правядзення з 1 красавіка 2026 года органамі пагранічнай службы ў ходзе ажыццяўлення пагранічнага кантролю абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі замежных грамадзян, якія перасякаюць Дзяржаўную граніцу Беларусі. 

Законапраектам, ключавая сутнасць якога — забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, прадугледжана правядзенне дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пералікам асоб, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі. Гэта паўплывае і на падтрыманне грамадскай бяспекі, зніжэнне ўзроўню злачыннасці і крыміналізацыі грамадства.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА падтрымала меркаванне экспертаў аб тым, што ўводзіць дактыласкапічную рэгістрацыю ў дачыненні да замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі нашай краіны трэба як мага хутчэй. «Расце колькасць грамадзян, якія прыязджаюць сюды, і сярод іх ёсць тыя, хто здзяйсняе правапарушэнні, — заўважыла спікер. — Цяперашняя абстаноўка абавязвае, і людзі да гэтага ставяцца з велізарным разуменнем». 

За выкінутую паперку — адказнасць рублём 

Другое пытанне, якому ўдзялілі ўвагу члены экспертнага савета, — карэкціроўка палажэнняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях з мэтай узмацнення або ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з неналежным утрыманнем населеных пунктаў, тэрыторый ляснога фонду, іншых тэрыторый. 

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дапаўняецца асобным артыкулам (16.46) аб адказнасці за невыкананне карыстальнікамі зямельных участкаў або водных аб’ектаў абавязку па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці асобных відаў раслін з устанаўленнем штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь. Паўнамоцтвамі па складанні пратаколаў і разгляду такіх спраў надзяляюцца органы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

  • Павышаецца верхні парог штрафу за забруджванне лесу адходамі або сцёкавымі водамі: з 10 базавых велічынь у дзеючай рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — з 25 да 100, на юрыдычную асобу — з 50 да 1000 базавых велічынь. Павышаецца памер штрафу за выкіданне смецця, іншых прадметаў з транспартнага сродку: ён складзе ад дзвюх да 10 базавых велічынь (цяпер — ад адной да дзвюх).

Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея МАСЛЯКА, устаноўленыя на бягучы момант штрафныя санкцыі недастаткова матывуюць людзей, якія праязджаюць па аўтадарогах краіны, выкідаць смецце ў прызначаныя для гэтага месцы. «Пачасціліся факты захламлення адходамі тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог, што прыводзіць да фінансавых выдаткаў, звязаных з работамі па ачыстцы тэрыторый, — канкрэтызаваў міністр. — Усяго за 2024 год пры ўборцы паласы адводу рэспубліканскіх аўтамабільных дарог вывезена больш за 6 тысяч тон адходаў». 

Нягледзячы на шырокую работу, якую праводзіць Мінпрыродыстэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, назіраецца рост колькасці інвазійных раслін (у прыватнасці, баршчэўніку Сасноўскага і сумніку канадскага), якія з’яўляюцца небяспечнымі для здароўя чалавека. 

У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ паведаміў, што эксперты ўнеслі прапанову азнаёміць людзей з інвазійнымі відамі раслін, а ўжо потым выносіць прадпісанне, калі гэтыя расліны не будуць прыбраны з падпарадкаванай ім тэрыторыі. Па яго словах, звычайныя людзі, тыя ж жыхары вёсак часта не ведаюць, як выглядае, скажам, баршчэўнік Сасноўскага. «Меры ўзмацнення жорсткасці павінны суправаджацца тлумачальнай работай, — перакананы сенатар. — Неабходна прыйсці да чалавека, паказаць, расказаць і выдаць прадпісанне. Калі ж меры не будуць прынятыя, тады ўключыцца механізм адміністрацыйнай адказнасці».

Міхаіл Русы падкрэсліў, што законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці» з’яўляецца часткай агульных намаганняў па навядзенні парадку на ўсёй тэрыторыі краіны ў рамках патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. Ён дадаў, што прадугледжана павелічэнне адказнасці за забруджванне лясоў, прылеглых тэрыторый і тэрыторый прадпрыемстваў. 

Прыняцце законапраекта з улікам дапрацовак забяспечыць мясцовым органам улады, кантралюючым органам, іншым кампетэнтным установам істотныя інструменты для захавання прыроднай прыгажосці краіны. «Самае галоўнае разумець: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць, — заўважыў Міхаіл Русы. — Таму трэба пачынаць з сябе, каб не дапускаць наступстваў, якія потым давядзецца ўстараняць». 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю