Партнёрства, заснаванае на прынцыпах павагі і ўзаемнай выгады
Беларусь пашырае сваю прысутнасць і ўзмацняе пазіцыі на гэтай частцы планеты. Аб гэтым сведчыць серыя міжнародных мерапрыемстваў, якія днямі адбыліся ў Палацы Незалежнасці. У панядзелак Аляксандр Лукашэнка ў ходзе сустрэчы з намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам абмеркаваў перспектывы супрацоўніцтва нашай краіны са сваім другім гандлёвым партнёрам пасля Расіі. У той жа дзень упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін адбыліся беларуска-ганскія перагаворы на найвышэйшым узроўні. Падчас афіцыйнага візіту ў нашу краіну Прэзідэнта Ганы Джона Драмані Махамы прайшлі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах, у выніку чаго быў падпісаны шэраг найважнейшых дакументаў, накіраваных на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва.
Сабралі найбольш яркія цытаты беларускага лідара, агучаныя ім на пачатку вельмі прадуктыўнага тыдня, якія датычацца ўзаемадзеяння Беларусі з Кітаем і Ганай. Асноўныя пасылы кіраўніка дзяржавы абмеркавалі разам з экспертамі.
«Беларусь і Кітай дэманструюць прыклад таго, як краіны могуць будаваць партнёрства»
«Мы вельмі задаволены, што ў свой час Гасподзь дапамог нам сарыентавацца менавіта на Кітайскую Народную Рэспубліку».
(Падчас сустрэчы з намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам, 8 чэрвеня 2026 г.).
Аналізуючы візіт намесніка Старшыні КНР у Мінск, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр ГАРОШКІН робіць выснову, што гэта не проста чарговы этап у развіцці двухбаковых адносін, а пацвярджэнне іх стратэгічнага характару і трываласці.

«Беларусь і Кітай дэманструюць прыклад таго, як краіны могуць будаваць партнёрства, заснаванае на ўзаемнай павазе, даверы і агульных інтарэсах, — адзначыў сенатар. — Шчырае сяброўства, праверанае часам, і дакладнае бачанне будучыні адкрываюць перад дзвюма краінамі шырокія перспектывы для далейшага супрацоўніцтва, садзейнічаючы іх развіццю і ўмацаванню на міжнароднай арэне. Гэты візіт — яшчэ адно сведчанне таго, што беларуска-кітайскае сяброўства будзе працягвацца і паглыбляцца, адказваючы выклікам часу і адкрываючы новыя гарызонты для ўзаемавыгаднага партнёрства».
Аляксандр Гарошкін падкрэсліў, што ў кантэксце глабальных трансфармацый, калі многія традыцыйныя альянсы падвяргаюцца выпрабаванням, беларуска-кітайскія адносіны вылучаюцца сваёй стабільнасцю і паступальным развіццём. «Гэта партнёрства, заснаванае на прынцыпах узаемнай выгады і павагі, становіцца ўсё больш значным не толькі для саміх краін, але і для фарміравання больш збалансаванага светапарадку», — удакладніў ён.
Асаблівае значэнне, па словах сенатара, мае той факт, што Кітай, будучы адной з вядучых сусветных дзяржаў, удзяляе такую пільную ўвагу развіццю адносін з Беларуссю. «Гэта сведчыць аб прызнанні Мінска як надзейнага і стратэгічна важнага партнёра, здольнага зрабіць свой унёсак у рэалізацыю глабальных ініцыятыў, — заўважыў парламентарый. — У сваю чаргу для Беларусі гэта партнёрства адкрывае доступ да перадавых тэхналогій, інвестыцыйных рэсурсаў і шырокіх рынкаў, што з’яўляецца крытычна важным для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян».
Далейшае развіццё супрацоўніцтва нашай краіны з Кітаем, на думку члена Савета Рэспублікі, можа быць накіравана на стварэнне сумесных высокатэхналагічных кластараў, развіццё лагістычных хабаў, а таксама на рэалізацыю праектаў у галіне «зялёнай» эканомікі і аднаўляльных крыніц энергіі. «Беларусь, валодаючы развітой прамысловай базай і выгадным геаграфічным становішчам, можа стаць ключавым звяном у рэалізацыі кітайскіх ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне глабальных ланцужкоў паставак і развіццё транскантынентальных транспартных калідораў, — удакладніў ён. — Акрамя таго, паглыбленне гуманітарных сувязяў, уключаючы адукацыйныя, культурныя і навуковыя абмены, будзе садзейнічаць фарміраванню трывалай асновы для доўгатэрміновага партнёрства, заснаванага на ўзаемаразуменні і даверы паміж народамі. Развіццё турызму, як уязнога, так і выязнога, таксама можа стаць важным фактарам умацавання двухбаковых кантактаў».
Аляксандр Гарошкін рэзюмаваў, што чарговы візіт кіраўніка такога высокага рангу з Кітая з’яўляецца не проста пацвярджэннем існуючага ўзроўню супрацоўніцтва, але і магутным імпульсам яго далейшага развіцця. «Беларусь і Кітай, абапіраючыся на трывалы фундамент сяброўства і ўзаемнага даверу, упэўнена глядзяць у будучыню, гатовы да новых сумесных здзяйсненняў і ўмацавання сваіх пазіцый на міжнароднай арэне, — лічыць сенатар. — Упэўнены, што гэты візіт — яскравае сведчанне таго, што праверанае часам беларуска-кітайскае сяброўства будзе мацнець і адкрываць новыя гарызонты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».
«У нас вельмі прадуманая лінія ў развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі»
«Галоўнай філасофіяй нашага руху ў Афрыку, работы ў Афрыцы з’яўляецца тое, што мы не неакаланіялісты. Мы ідзём да вас як сябры».
(У заяве перад прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў беларускага лідара з Прэзідэнтам Ганы, 8 чэрвеня 2026 г.).
Як звярнуў увагу ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ, Афрыка ў цэлым выклікае інтарэс у Беларусі. «Гэта тлумачыцца тым, што мы сапраўды вельмі зручныя партнёры для многіх афрыканскіх краін з пункту гледжання палітыкі, — удакладніў ён. — Але самае галоўнае, у нас ёсць эканамічны, тэхналагічны патэнцыял, які запатрабаваны ў Афрыцы».

Супрацоўніцтва з Ганай — сведчанне таго, што Беларусь ідзе ў Заходнюю Афрыку. «Гана — вельмі цікавая, важная краіна, — падкрэсліў дэпутат. — Дастатковая колькасць насельніцтва — больш як 35 мільёнаў чалавек. Гана вельмі багатая на прыродныя рэсурсы: золата, алмазы, іншыя карысныя выкапні. У гэтай краіне структурыравана эканоміка. Каля паловы насельніцтва Ганы занята ў сельскай гаспадарцы, што даволі зручна для Рэспублікі Беларусь. Мы валодаем тэхналогіямі, перш за ўсё падыходамі па комплексным вырашэнні задач харчовай бяспекі».
Сяргей Рачкоў звярнуў увагу на прынцып работы беларускага лідара падчас яго ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах. «Ён заўсёды вельмі актыўны і эфектыўны, — канкрэтызаваў парламентарый. — Калі казаць на дыпламатычным жаргоне, пасля такіх камандзіровак Аляксандр Лукашэнка заўсёды „прывозіць“ у Беларусь прэзідэнтаў асобных краін. Як правіла, пасля такіх сустрэч двух лідараў значна актывізуюцца абсалютна ўсе аспекты двухбаковага супрацоўніцтва. Перш за ўсё гандлёва-эканамічнага».
Па словах старшыні пастаяннай камісіі, Беларусь валодае тэхналогіяй выбудоўвання адносін і супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. «Мы заўсёды ідзём па шляху найперш стварэння камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве: гэта механізм міжурадавага ўзаемадзеяння, які павінен рэалізоўваць дамоўленасці на найвышэйшым узроўні, — патлумачыў Сяргей Рачкоў. — Адбыліся грунтоўныя перагаворы двух прэзідэнтаў, прынята шмат рашэнняў, і вельмі важна іх цяпер увасабляць у жыццё». Па яго словах, падрыхтоўка дарожнай карты, якая з’яўляецца механізмам, прапанаваным Аляксандрам Лукашэнкам, дазваляе дасягаць вынікаў у супрацоўніцтве з любой краінай.
Па меркаванні дэпутата, наперадзе ў беларусаў вельмі паспяховая работа з Ганай. «У нас вельмі прадуманая лінія ў развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, — канстатаваў ён. — Мы не хапаемся за кожную краіну. Урад вызначыў пэўныя канкрэтныя пункты ўваходу ў Афрыку. Перш за ўсё гэта Егіпет, Алжыр, Зімбабвэ».
Пры гэтым, як падкрэсліў Сяргей Рачкоў, беларусы не каланізатары. «Мы прыходзім у краіны Афрыкі найперш як партнёры, якія гатовы аказаць садзейнічанне ў развіцці эканомікі, іншых галінах, у якіх Беларусь моцная, дзе мы маем і свае ноу-хау, напрацоўкі, — адзначыў парламентарый. — Беларусь прыйшла ў Афрыку з доўгатэрміновай перспектывай. Магчыма, часам мы і не пачынаем вельмі хутка, а пачынаем з таго, што неабходна нашаму партнёру. Выбудоўванне найперш гандлёва-эканамічных адносін суадносіцца з двухбаковым рухам. І сёння нашы партнёры ўвесь час падкрэсліваюць, што хочуць не толькі купляць у нас, а і разам ствараць сумесны прадукт, які можна прадаваць у суседнія краіны або нават на іншыя кантыненты. Такім чынам Беларусь уваходзіць і ў Гану. Таму гэтыя кантакты, міжасобасныя адносіны, перш за ўсё двух лідараў, вельмі дарагога вартыя, і яны, як правіла, задаюць танальнасць, даюць імпульс супрацоўніцтву. І важна, што першыя асобы заўсёды ажыццяўляюць жорсткі кантроль, а кантроль заўсёды карысны».
«Найвышэйшы ўзровень палітычнага дыялогу — надзейная аснова для паступальнага развіцця ўзаемадзеяння»
«Вы на нас можаце разлічваць як на самых надзейных сяброў і прыхільнікаў».
(Падчас сустрэчы з намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам, 8 чэрвеня 2026 г.).
Як звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ала СМАЛЯК, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам у чарговы раз пацвердзіў стратэгічнае партнёрства Беларусі і Кітая, якое дае магчымасць паслядоўна пашыраць двухбаковае супрацоўніцтва і рэалізоўваць маштабныя сумесныя ініцыятывы ва ўсіх ключавых сферах.

«Беларусь і Кітай дэманструюць устойлівую дынаміку ўзаемадзеяння па шырокім спектры кірункаў, — канстатавала сенатар. — І найважнейшым фактарам развіцця двухбаковых адносін застаецца высокі ўзровень даверу і ўзаемаразумення, які склаўся паміж кіраўніцтвам краін».
Як нагадала член Савета Рэспублікі, рэгулярныя кантакты на найвышэйшым узроўні дазваляюць не толькі вызначаць далейшыя арыенціры супрацоўніцтва Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі, але і ўзгадняць падыходы да ключавых пытанняў міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.
«Найвышэйшы ўзровень палітычнага дыялогу — надзейная аснова для паступальнага развіцця ўзаемадзеяння паміж урадамі, парламентамі, рэгіёнамі дзвюх краін, а таксама для рэалізацыі сумесных праектаў у самых розных сферах, — пераканана сенатар. — Беларусь паслядоўна пацвярджае стратэгічны курс на развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Шматгадовае ўзаемадзеянне нашых краін дало магчымасць сфарміраваць высокі ўзровень палітычнага даверу і забяспечыць дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных сувязяў».
Сёння беларуска-кітайскія адносіны, па словах парламентарыя, адрознівае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, што стварае шырокія магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва ў прамысловасці, інвестыцыйнай сферы, навуцы, тэхналогіях і іншых кірунках. Пры гэтым, па словах Алы Смаляк, патэнцыял, рэзервы для развіцця партнёрства Беларусі і Кітая вельмі шырокія.
«І нашы сумесныя ініцыятывы дапамагаюць і будуць дапамагаць умацоўваць эканамічныя, гуманітарныя сувязі, ствараць новыя магчымасці для нашых дзяржаў, — лічыць член Савета Рэспублікі. — Вельмі важна, што асновай такога двухбаковага ўзаемадзеяння застаюцца ўзаемная павага, практычная арыентаванасць і гатоўнасць Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі выступаць надзейнымі партнёрамі».
«Беларусь выбудоўвае адносіны з афрыканскімі партнёрамі і саюзнікамі так, каб кантакты насілі ўзаемавыгадны характар»
«Гэта пачатак вялікага сяброўства і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва».
(Падчас перагавораў з Прэзідэнтам Ганы Джонам Драмані Махамам, 8 чэрвеня 2026 г.).
Па словах члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандра ШПАКОЎСКАГА, агучаных ім у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё», у апошнія гады міжнародная павестка Беларусі вельмі насычаная.

«Гэта сведчыць аб росце ўплыву нашай дзяржавы на міжнароднай арэне, — канстатаваў ён. — Акрамя таго, гэта пацвярджае, што планы нядобразычліўцаў Беларусі па міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Мінска разбіты дашчэнту. Мы неаднаразова гаварылі аб тым, што свет не абмяжоўваецца калектыўным Захадам (і там у нас захоўваюцца пэўныя кантакты, прычым дастаткова высокага ўзроўню), але планета значна шырэйшая, чым глабальны Захад. Ёсць дзяржавы Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Больш за тое цэнтры эканамічнага развіцця перамяшчаюцца менавіта ў гэтыя рэгіёны, і Афрыканскі кантынент у гэтым плане — адзін з самых перспектыўных. Хоць і праблемы ў Афрыцы існуюць: гэта голад, тэхналагічнае адставанне. Заходнія дзяржавы зацікаўлены ў тым, каб як мага даўжэй працягнуць існаванне Афрыкі ў залежным стане, а ў Беларусі — зусім іншыя падыходы».
Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што Беларусь выбудоўвае адносіны з афрыканскімі партнёрамі і саюзнікамі так, каб кантакты насілі ўзаемавыгадны характар. «Пунктам уваходу для Беларусі і хрэстаматыйным прыкладам, безумоўна, стала Рэспубліка Зімбабвэ, дзе наша краіна ўдзельнічае ў праграме мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, — адзначыў дэпутат. — Цяпер намячаецца чацвёртая хваля механізацыі аграпрамысловага комплексу гэтай дзяржавы, і яе прадстаўнікі на самым вышэйшым узроўні пацвярджаюць, што дзякуючы беларуска-зімбабвійскім кааперацыйным праектам і падтрымцы нашай краіны Зімбабвэ ўдалося вырашыць пытанне харчовай бяспекі, поўнасцю забяспечыць патрэбы ў пшаніцы. Аналагічныя праекты мы гатовы рэалізоўваць і ў іншых краінах у залежнасці ад іх патрэб».
Паводле слоў парламентарыя, візіт Прэзідэнта Ганы звязаны ў тым ліку з яго цікавасцю да сельскагаспадарчай галіны. «Ён наведваў выстаўку „Белагра“, выказаў станоўчыя ўражанні, планы вельмі сур’ёзныя, — канкрэтызаваў Аляксандр Шпакоўскі. — Натуральна, перагаворы з кіраўніком дзяржавы завяршылі гэтыя прапрацаваныя на тэхнічным узроўні дамоўленасці».
Дэпутат расказаў, што ў Беларусі дзейнічае Праграма дзеянняў урада па развіцці супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі на 2026–2030 гады. «Акрамя таго, у 2024 годзе аб’ём гандлю з краінамі Афрыкі вырас у чатыры разы (у параўнанні з 2023 годам), — удакладніў ён. — У 2025 годзе — практычна ў чатыры разы ў параўнанні з 2024-м. Так мы паступальна выконваем задачу, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, — выйсці на аб’ёмы ўзаемнага гандлю ў 1–1,5 мільярда долараў ЗША. Ужо зараз на Афрыку прыпадае практычна 3,5 % знешнегандлёвага абароту Беларусі. Хтосьці скажа, мала. Але я нагадаю, што толькі некалькі гадоў таму гэта было 1,5 %».
Вераніка КАНЮТА, Наталля КАПРЫЛЕНКА