Нацыянальная згода і міжканфесійны мір — залог стабільнасці і адзінства ў нашай краіне. Такое мірнае суіснаванне шматлікіх нацыянальнасцяў і канфесій на тэрыторыі невялікай Беларусі, чаго няма ў іншых краінах, стала магчымым дзякуючы выверанай і прадуманай дзяржаўнай палітыцы, апалагетам якой з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. З першага дня прэзідэнцтва беларускі лідар арыентуе людзей, аб’яднаных агульнай гісторыяй, культурай, каштоўнасцямі і тэрыторыяй пражывання, жыць у міры і згодзе.
«Падтрыманне міжнацыянальнага міру — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, і мы гэтым ганарымся. На беларускай зямлі ў міры і згодзе ў духу добрасуседства працуюць, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў. Тут усе яны становяцца нашымі, і нават маімі, як я часта кажу, — маімі рускімі, маімі ўкраінцамі, маімі палякамі. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды».
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі, 12 верасня 2024 года.
Сведчаннем нязменнасці гэтага курсу з’яўляецца ініцыяваны ў 1996 годзе кіраўніком дзяржавы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які па праве лічыцца адным з брэндаў нашай краіны. Кожны раз фестываль арганізоўваюць і праводзяць на працягу двух гадоў спачатку ў раёнах, затым у раённых цэнтрах, пасля чаго заключнае мерапрыемства праходзіць у сталіцы свята — Гродна. 30 гадоў таму, калі прымалася рашэнне аб правядзенні фестывалю, невыпадкова выбралі Гродзеншчыну — менавіта тут, на захадзе нашай краіны, стагоддзямі ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій. 5 і 6 чэрвеня горад на Нёмане прыме гасцей у 15-ы раз. Сёлета ў фінальным этапе фестывалю возьмуць удзел 800 прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцяў.
«Мы з глыбокай павагай адносімся да людзей любой нацыянальнасці»
Як звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік філіяла ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» у г. Гродна Алена СТАЛЬБОЎСКАЯ, гістарычна так склалася, што на тэрыторыі Гродзеншчыны заўсёды пражывалі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій. «Па гэтай прычыне заўсёды адчуваецца асаблівы настрой жыхароў рэгіёна, паколькі мы ўжо шмат стагоддзяў жывём разам, пад адным дахам, — адзначыла сенатар. — Пры гэтым жывём мірна, дружна».

Па словах парламентарыя, свайго роду змяшэнне некалькіх нацыянальнасцяў толькі ўзаемна абагачае адзін аднаго, робіць людзей яшчэ больш памяркоўнымі, дружалюбнымі.
«Мы з глыбокай павагай адносімся да прадстаўнікоў любой нацыянальнасці, — падкрэсліла Алена Стальбоўская. — І да жыхароў нашага горада, і да гасцей, што для нас, у цэлым для Рэспублікі Беларусь, вельмі важна. Мы праводзім палітыку аб’яднання, міралюбівую палітыку: і на знешнім контуры, і ўнутры краіны, што праяўляецца ва ўсіх нашых дзеяннях, культурных і сацыяльных мерапрыемствах. Вянцом усяго гэтага з’яўляецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца ў Гродне ўжо на працягу 30 гадоў. Сёлета ён праходзіць пад лозунгам — «30 гадоў аб’ядноўваем нацыянальнасці».
Член Савета Рэспублікі падкрэсліла, што для жыхароў Гродзеншчыны фестываль з’яўляецца вельмі важным і сімвалічным мерапрыемствам. «Толькі знаходзячыся тут, ты сапраўды разумееш, з якім трапятаннем, стараннем і душой гродзенцы падыходзяць да арганізацыі, падрыхтоўкі гэтага свята, — удакладніла Алена Стальбоўская. — Усё робіцца для таго, каб госці фестывалю адчулі любоў і павагу да прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі, жаданне жыць мірна і дружна пад адным дахам, абагачаючы адзін аднаго»
Па словах сенатара, падрыхтоўка да заключнага этапу фестывалю пачалася загадзя. Да стварэння святочнай атмасферы падключыліся многія жыхары горада, якія наводзяць парадак каля сваіх дамоў, падтрымліваюць чысціню вуліц, упрыгожваюць горад кветкамі. «Чакаем гасцей, шчыра запрашаем атрымаць асалоду ад гэтага цудоўнага свята», — сказала парламентарый.
Не менш важным мерапрыемствам гэтых дзён, як расказала Алена Стальбоўская, стане адкрыццё новай бальніцы, старт будаўніцтву якой даў кіраўнік дзяржавы. «Бальніца пабудавана значна хутчэй, чым гэта прадугледжвалася нарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва, — удакладніла яна. — Такі знакавы аб’ект яшчэ раз падкрэслівае, што ў нашай краіне, незалежна ад нацыянальнасці, важнае значэнне мае чалавек, справядлівыя адносіны да яго і клопат аб яго жыцці, здароўі, сацыяльных магчымасцях, прафесійнай рэалізацыі».
«У Беларусі ёсць месца ўсім»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА прыгадала словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што «для нас няма недружалюбных народаў і другарадных краін. Ведаю, што і да беларусаў ва ўсім свеце ставяцца з гасціннасцю і цеплынёй», якія з’яўляюцца яркім пацвярджэннем таго, што ў Беларусі ёсць месца ўсім. «Так, абсалютна ўсім, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, — удакладніла дэпутат. — Галоўнае, каб гэтыя людзі былі з мірнымі мэтамі і стваральнымі ідэямі».

Парламентарый падкрэсліла, што гэта пацвярджаецца і заканадаўствам, і рэальным жыццём, прычым не адно дзесяцігоддзе. «Пачынаючы з Асноўнага Закона краіны — Канстытуцыі, у якой дакладна сказана, што „дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь“, — канкрэтызавала Ірына Даўгала. — І гэты абавязак, без ілжывай сціпласці, наша дзяржава і наш Прэзідэнт выконваюць у поўным аб’ёме».
Па словах дэпутата, сёння ў нашай краіне ў міры і згодзе жывуць і працуюць, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей прадстаўнікі больш за 150 нацыянальнасцяў і 25 канфесій. «Беларусаў часта называюць талерантнымі, памяркоўнымі, аднак важным для ўсяго беларускага народа застаецца адно — міжканфесійны мір, які цяпер асабліва важны, — лічыць парламентарый. — Сувязь канфесій, сувязь рэлігій — гэта наша роднае. У адной сям’і ёсць і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты ці ўвогуле атэісты. Інакш мы не ўмеем жыць, і заўсёды так жылі».
- Знешнія ўзрушэнні і пагрозы, па меркаванні намесніка старшыні пастаяннай камісіі, толькі ўмацоўваюць сяброўства паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, канфесій і рэлігій у нашай краіне. «Калі паглядзець на гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, то мы перамаглі фашызм, бо не дзяліліся па нацыянальнасцях, — прывяла прыклад Ірына Даўгала. — Мы ўсе былі як родныя браты. І нашу агульную Перамогу не дзялілі на беларускую, армянскую, яўрэйскую, рускую або эстонскую. Гэтабыла наша Перамога. І цяпер аб’ядноўваемся не супраць кагосьці. Мы — за сваю краіну, за сваіх людзей, за росквіт абсалютна ўсіх і за агульнае дабро».
Невыпадкова, па словах дэпутата, у аснове станаўлення Беларусі як суверэннай дзяржавы быў пошук аптымальных шляхоў сумеснага пражывання і ўзаемнага ўзбагачэння розных этнасаў з іх культурнымі асаблівасцямі і дасягненнямі. «Сёння галоўнае багацце нашай краіны — гэта дакладная і дзейсная сістэма мірнага суіснавання розных нацыянальных традыцый, міжканфесійны мір, — акцэнтавала ўвагу парламентарый. — Стабільны этнаканфесійны мір у Беларусі — гэта рэальнасць, якая з’яўляецца адной з галоўных падстаў для гонару за нашу краіну. Фестываль нацыянальных культур, які, нягледзячы ні на якія ўзрушэнні і санкцыі, праводзіцца ў нашай краіне, з’яўляецца яскравым таму пацвярджэннем. Беларусь сардэчна адчыняе дзверы ўсім».
«Гэта наша духоўная ДНК»
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяны ІГНАЦЮК, калі мы гаворым пра «брэнд», мы часта маем на ўвазе нешта знешняе, створанае для прыцягнення ўвагі. Адным з брэндаў нашай краіны, як падкрэсліла парламентарый, з’яўляецца міжканфесійны мір.

«Міжканфесійны мір у Беларусі — гэта наша духоўная ДНК, — лічыць Таццяна Ігнацюк. — На працягу стагоддзяў на нашай зямлі побач жылі праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, іўдзеі і мусульмане. Гістарычная памяць беларусаў не ведае рэлігійных войнаў ці масавых прыгнётаў па прынцыпе веры. У гэтым сэнсе талерантнасць у нас не прыўнесена штучна заходнімі мадэлямі, а расце з глыбіні народнай мудрасці: заўсёды было больш важна сабраць ураджай і дапамагчы суседу, чым высвятляць, у якім храме ён моліцца».
Як акцэнтавала ўвагу сенатар, мір паміж канфесіямі не здарыцца сам сабой. «Ён узрошчваецца з дзяцінства, — заўважыла яна. — Калі мы не закладзём у сэрцы дзіцяці разуменне каштоўнасці іншага чалавека незалежна ад яго мовы ці веры, ніякія законы не дапамогуць. Менавіта таму сістэма адукацыі Беларусі стаіць на пазіцыях дакладнага ідэалагічнага і маральнага арыенціра. Мы вучым дзяцей любові да Радзімы і павагі да яе традыцый. Калі наша моладзь бачыць адноўленыя цэрквы і касцёлы, сінагогі і мячэці, яна ўбірае архітэктурны і культурны код згоды».
У сувязі з гэтым парламентарый нагадала адну вядомую прытчу: «Каб вырасціць дрэва, трэба дзесяцігоддзе, а каб вырасціць чалавека, трэба цярпенне пакаленняў». «І ў гэтым плане ўрокі гісторыі і грамадазнаўства ў нашых школах, праца нядзельных школ пры рэлігійных супольнасцях — усё гэта звёны аднаго трывалага ланцужка міру», — упэўнена Таццяна Ігнацюк.
Паводле яе слоў, у свеце, дзе рэлігійны фактар часта выкарыстоўваецца для раз’яднання і апраўдання канфліктаў, Беларусь дэманструе іншы шлях. «Гэта дэманстрацыя дзяржаўнай мудрасці, — падкрэсліла член Савета Рэспублікі. — Там, дзе некаторыя краіны ідуць па шляху „адмены культуры“ і секулярнага ціску, Беларусь наладжвае партнёрства. Дзяржава не баіцца размовы з царквой, бо ў нас агульныя мэты: моцная сям’я, маральная моладзь, здаровае грамадства. Пасыл Прэзідэнта просты і велічны: разнастайнасць канфесій — гэта багацце, а не пагроза. Можна сказаць смела: наш міжканфесійны мір мы нікому не аддадзім і заўсёды будзем яго прытрымлівацца».
Па словах сенатара, наш Прэзідэнт транслюе свету простую ісціну: Беларусь не шукае ворагаў. «Мы — дзяржава-захавальнік, — удакладніла Таццяна Ігнацюк. — Захавальнікі памяці, захавальнікі веры, захавальнікі міру. І мы не проста ганарымся гэтым брэндам. Мы ім жывём і перададзім яго будучым пакаленням як самую каштоўную спадчыну».
«МІжнацыянальная згода — гэта штодзённая праца»
Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр СОНГІН, Беларусь — адкрытая краіна для ўсіх, хто нясе ёй дабро. «За шматвекавую гісторыю мы ўжо напакутаваліся ад розных бед і ў розныя перыяды гісторыі, таму добразычлівасць, уласцівая нам, закладзена ў генах беларусаў, — канстатаваў дэпутат. — І гэта настолькі моцная энергетыка, што тыя прадстаўнікі нацыянальнасцяў, якія асіміляваліся ў нас, перанялі ген талерантнасці».

Па словах парламентарыя, трэба памятаць аб тым, што міжнацыянальная згода — гэта штодзённая праца. «І не толькі Прэзідэнта нашай краіны, дзяржаўных органаў, але і кожнага чалавека, які пражывае ў Беларусі, — удакладніў ён. — Міжнацыянальная згода і міжканфесійны мір залежаць ад таго, наколькі мы самі будзем прыкладаць сілы і намаганні, каб гэты мір захаваць. Ніхто за нас гэтага не зробіць. Наадварот, тым сілам, якія імкнуцца сёння „дапамагчы“ Беларусі, здзяйсняючы ў адносінах да нашай краіны дрэнныя рэчы, было б на руку, калі б адносіны паміж канфесіямі былі б ваяўнічымі».
Што датычыцца міжнацыянальнай згоды, дэпутат на свае вочы штодзённа бачыць, наколькі яна моцна ўкаранілася ў жыццё беларусаў. «Ніхто ў нас сёння не пытае ні на вуліцы, ні пры прыёме на працу, якой ты нацыянальнасці, — удакладніў Аляксандр Сонгін. — Галоўнае, каб ты нёс дабро, хацеў працаваць і жыць на карысць нашай дзяржавы. Шмат у гэтым кірунку зроблена Прэзідэнтам краіны. Упэўнены, што і далей ён будзе прытрымлівацца гэтай лініі як кіраўнік, які добра разумее, што такое міжканфесійная згода».
Парламентарый заўважыў, што асноўная маса святароў нашай краіны падтрымлівае пазіцыю нашай дзяржавы. «Гэта і віншаванні з дзяржаўнымі святамі, і згадванне падчас богаслужэнняў важных падзей у гісторыі Беларусі, і размовы наконт бяспекі грамадзян з мэтай перасцерагчы іх ад бяды, — канкрэтызаваў намеснік старшыні пастаяннай камісіі. — Мы бачым, што сёння дзяржава і царква ідуць уадным кірунку — у кірунку развіцця.
На розных дзяржаўных мерапрыемствах прадстаўнікі розных канфесій, асноўных канфесій, знаходзяцца разам. Мір і згода паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў і канфесій вельмі дорага каштуюць. У нас гэта ёсць. Каб захаваць гэта багацце, уласцівае нашай краіне, трэба штодзённа працаваць».
Вераніка КАНЮТА