Top.Mail.Ru

Эксперты — аб моцным, як заўсёды мудрым выступленні Прэзідэнта і ролі нашай краіны ў міжнароднай архітэктуры бяспекі

«Беларусь заўсёды была і будзе донарам бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне».


Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на адкрыцці III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы стала цэнтральнай падзеяй гэтага маштабнага форуму і задало тон усёй наступнай рабоце. Эксперты — аб стратэгічна вывераным і своечасовым бачанні Кіраўніком дзяржавы шляхоў пераадолення крызісу ў міжнароднай архітэктуры бяспекі.

GOR_0971_result-1.jpg

«Нас не чуе толькі Захад»

Нагадаем, што сярод удзельнікаў форуму — прадстаўнікі больш як 40 дзяржаў і 7 міжнародных арганізацый, у тым ліку міністры замежных спраў, кіраўнікі інтэграцыйных аб’яднанняў, парламентарыі, аналітыкі і эксперты з Беларусі, Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, В’етнама, Вялікабрытаніі, Казахстана, Кітая, Індыі, Расіі, Італіі, Іспаніі, Сербіі, ЗША, Швейцарыі, Швецыі, Фінляндыі, Узбекістана і іншых краін.

Дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» падкрэсліў, што да цяперашняй канферэнцыі праводзіліся іншыя форумы падобнага ўзроўню з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і высокіх прадстаўнікоў многіх дзяржаў.

bblkfzbb8qjdzrjpem7l9fuh1c42w4o1-scaled.jpg

— Гэта паслядоўнасць падзей кажа аб сур’ёзнай сістэмнай рабоце — як з боку Беларусі, так і з боку міжнароднай супольнасці, прадстаўнікоў якой мы рады бачыць на нашай пляцоўцы. Гэта паказчык нашага паслядоўнага курсу на наладжванне сапраўднага дыялогу і аднаўленне добрасуседскіх адносін, — дадаў госць праграмы.

Як адзначыў Аляксей Бяляеў, Беларусь заўсёды была і будзе донарам бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне. А гэта канферэнцыя, адзначыў ён, — адна з ключавых для Беларусі міжнародных падзей.

III Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы паказвае, што свет чуе Беларусь, падкрэсліў эксперт:

— Нас не чуе толькі Захад! Але гэты самы Захад, на шчасце, сёння не складае большасці насельніцтва Зямлі. Гэта і ёсць той самы «залаты мільярд» з 8 мільярдаў, якія засяляюць планету.

Эксперт падкрэсліў, што Аляксандра Лукашэнку на канферэнцыі слухалі вельмі ўважліва:

— Побач са мной сядзела шмат замежных прадстаўнікоў, якія запісвалі тэзісы Прэзідэнта. У некаторых месцах падчас выступлення Кіраўніка дзяржавы нават апладзіравалі, хоць на канферэнцыях падобнага ўзроўню, дзе ідзе сур’ёзная аналітычная размова, апладысменты, у прынцыпе, непрымальныя. То-бок, гэта не нейкія пафасныя з’езды, не ўрачыстыя мерапрыемствы, гэта насамрэч рабочая дзелавая размова. І вось гэта проста дзіўна, што падчас рабочай дзелавой размовы па вельмі сур’ёзных і часам, скажам прама, страшных пытаннях (таму што наш Прэзідэнт казаў пра тое, што свет сёння стаіць на парозе рэальнай ядзернай катастрофы, ідуць ваенныя канфлікты) прадстаўнікі іншых краін слухалі з вялікім натхненнем. То-бок відаць было, што аўдыторыя сапраўды сабралася тая, якая падзяляе агульныя пасылы. Але пры гэтым у кожнага, вядома ж, ёсць сваё меркаванне.

Аляксей Бяляеў падкрэсліў: беларусы ніколі нікому не адмаўлялі ў праве выказацца, магчымасці агучыць свой пункт гледжання, як гэта прынята на Захадзе:

— Таму прамова Прэзідэнта па сваёй танальнасці была накіравана нашым апанентам. І ўсе, хто сабраліся ў зале, — нашы аднадумцы, якія падзяляюць асцярогі Аляксандра Лукашэнкі і падзяляюць яго пункт гледжання. І адначасова падтрымліваюць яго канкрэтныя прапановы, як нам ад гэтай бездані адысці.

«Людзі па ўсёй планеце хочуць міру»

У сваім магутным, як заўсёды мудрым выступленні Прэзідэнт пазначыў ключавыя прапановы краіны па мірным парадку дня. А менавіта: прадукты харчавання і лекі павінны быць па-за санкцыямі, крытычная міжнародная інфраструктура павінна быць пад надзейнай абаронай і пад міжнароднымі гарантыямі бяспекі. Важна пераадолець міграцыйны крызіс, і тут Беларусь заўсёды гатовая да супрацоўніцтва. Таксама неабходныя меры кантролю ў галіне штучнага інтэлекту, бо гонка тэхналогій ператварае штучны інтэлект у сапраўдную зброю — у гэтай сувязі наша краіна прапануе стварыць пояс лічбавага добрасуседства. 

yvzwf7lik7epc9qrzh3m2exameyiao2z.jpg

— У кожнай з прапаноў па мірным парадку дня — перажыванне за лёс, бяспеку нашага агульнага дома — і не толькі Еўразіі, але ў цэлым усёй планеты, а таксама імкненне да ўмацавання міжнароднай стабільнасці і прадухілення новых канфліктаў, — звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала Смаляк. — Агульны пасыл выступлення нашага лідара — гэта заклік да адказнасці і сумеснай пабудовы будучыні на падмурку павагі, даверу, дыялогу і супрацоўніцтва. І трэба падкрэсліць, што такая пазіцыя Кіраўніка дзяржавы, нашай краіны падтрымліваецца многімі разважлівымі палітыкамі ва ўсім свеце, многімі дзяржавамі. Толькі заходнія палітыкі, як дакладна ўказаў Аляксандр Лукашэнка, дагэтуль жывуць ва ўпэўненасці, што «сілай могуць прымусіць усіх прытрымлівацца сваіх інтарэсаў». Пара ім усвядоміць: не прымусяць! Больш за тое, іх інструменты ў выглядзе незаконных санкцый, узвядзення бар’ераў, закрыцця граніцы — у канчатковым выніку зброя супраць сябе саміх жа прамая дарога да самаізаляцыі ад свету. Бо глабальная большасць — за здаровы сэнс у вырашэнні міжнародных праблем. І як падкрэсліў наш Прэзідэнт, краіны Еўразіі і глабальнай большасці сапраўды могуць многае зрабіць у гэтым напрамку, важна толькі аб’яднацца ў адстойванні агульных інтарэсаў.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Вадзім Гігін канстатаваў, што ў ёмістым выступленні Прэзідэнта — сумленны аналіз рэальнага становішча спраў у свеце: ад разбору бягучай сітуацыі з закрыццём Літвой граніцы з Беларуссю (на злобу дня) да выразна сфармуляваных прынцыпаў дээскалацыі міжнароднай абстаноўкі.

41b607b715325b1de3652fd43182526f.jpg

— Гэта пазіцыя лідара незалежнай і суверэннай дзяржавы, упэўненай у сваіх сілах і перакананай у сваёй праваце, — падкрэслівае дэпутат. — Такая перакананасць абапіраецца на здаровы сэнс і разуменне таго, што людзі па ўсёй планеце хочуць міру. Мы даказалі, што можам сябе абараніць, не пойдзем ні на якія саступкі пад ціскам. Але мы гатовыя весці дыялог, бо толькі так і можна знайсці дарогу да міру. Захаду зроблена канкрэтная прапанова: давайце сумесна вырашаць наспелыя праблемы, а не займацца нагнятаннем напружанасці і гонкай узбраення.

Парламентарый звярнуў увагу на яшчэ вельмі важную частку выступлення: 

— Мала казаць пра шматпалярны свет, пра тое, што мы супраць санкцый, супраць ціску з боку Захаду. Патрэбныя канкрэтныя справы, дзеянні. А гэта азначае, што важна дэманстраваць салідарнасць на міжнароднай арэне, актыўна фарміраваць новае, больш справядлівае светаўладкаванне.

Выбар «эскалацыя або разрадка» для Мінска з’яўляецца відавочным 

izobrazhenie_2023-03-20_104833873.png

Мы па-ранейшаму працягваем заходнім візаві руку для дыялогу, але гэта зусім не рука таго, хто просіць, дапаўняе член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі:

— Выбар «эскалацыя або разрадка» для Мінска з’яўляецца відавочным. Беларуская дзяржава цвёрда заяўляе аб неабходнасці дээскалацыі, зніжэння канфліктнасці і пераходу да мірнага суіснавання. Пры гэтым Беларусь гатовая дамагацца сваіх мэт як палітыка-дыпламатычным шляхам, абапіраючыся на магчымасці саюзнікаў і пазіцыю дзяржаў глабальнай большасці, так і абараняць мір у нашай краіне ваеннымі сродкамі. 

У гэтым выпадку гаворка ідзе пра вымушаную абарону, падкрэслівае парламентарый:

— Аднак Аляксандр Лукашэнка свядома нагадаў: Дагавор аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй дазваляе нам выкарыстоўваць для абароны Саюзнай дзяржавы любыя інструменты, уключаючы ядзерную зброю. 

257683-01 (1).jpg

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Карпіцкі акцэнтуе ўвагу на тым, што курс на сілавы ціск і ўльтыматумы з боку Захаду даказаў сваю поўную безгрунтоўнасць:

— У гэтай сітуацыі ініцыятыва Мінска па стварэнні прасторы для прамога і прафесійнага абмену думкамі без прадузятых ацэнак і ціску — гэта не проста дыпламатычнае мерапрыемства, а апошні жыццёвы арыенцір для сусветнай дыпламатыі, якая тоне.

На яго думку, асаблівую сілу выступленню Прэзідэнта надае яго прагматычная накіраванасць:

— Гаворка ідзе не пра імгненныя тактычныя выгады, а пра салідарнае будаўніцтва новай архітэктуры бяспекі, заснаванай на прынцыпах роўнасці, узаемнай павагі і непадзельнай бяспекі для ўсіх. Заклік Аляксандра Рыгоравіча адмовіцца ад стэрэатыпаў і думаць пра будучыя пакаленні — гэта тая аснова, якая дазваляе перайсці ад рыторыкі канфрантацыі да пошуку практычных пунктаў судакранання.

Парламентарый выказаў упэўненасць, што цяперашняя канферэнцыя стане важкім укладам у стабілізацыю абстаноўкі ў Еўразіі і за яе межамі:

— Яна наглядна дэманструе, што Беларусь, прытрымліваючыся курсу Кіраўніка дзяржавы, не проста адаптуецца да зменаў, а актыўна фарміруе новую, больш справядлівую сістэму міжнародных адносін.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю