Top.Mail.Ru

Эксперты — аб неабходнасці і своечасовасці правядзення Галоўнакамандуючым комплекснай праверкі Узброеных Сіл і яе выніках

«Мір і суверэнітэт неабходна абараняць»

На мінулым тыдні тэма бяспекі гучала не толькі ў сераду, калі Галоўнакамандуючы сабраў нараду, на якой падвёў вынікі комплекснай праверкі Узброеных Сіл, Такі сур’ёзны экзамен беларускія ваеннаслужачыя трымалі ўпершыню ў гісторыі суверэннай краіны. Гаварыў Прэзідэнт пра бяспеку і падчас мерапрыемства, якое сведчыць аб мірным жыцці, — адкрыцці паліклінікі ў сталічным мікрараёне. І на пачатку гэтага тыдня бяспека зноў была галоўнай тэмай — на сустрэчы з кіраўніком АДКБ Аляксандр Лукашэнка згадаў і раптоўную праверку: «Задача была пастаўлена, як у вайну — як будзем дзейнічаць. Мы не хавалі: армія для таго і існуе (вы гэта добра ведаеце) для таго, каб абараніць інтарэсы дзяржавы. І да горшага варыянта трэба заўсёды рыхтавацца. Найлепшы, як гаворыць народ, сам прыйдзе».

«Мая адказнасць як Прэзідэнта, якога вы выбіралі, — абараніць вас і вашу сям’ю, вашых дзяцей. У гэтым прызначэнне любога прэзідэнта. Усе мы, беларусы, мы без вайны жывём, бо мы адзіныя. Мы прышчэпку атрымалі апошнюю ў 2020 годзе. Убачылі, адчулі, сербанулі, параўналі, зрабілі высновы. Мы бачым, хто зрабіў высновы, — ідзіце, жывіце, гэта ваша зямля. Я не маю права вас пазбавіць гэтага кавалка зямлі. Але калі вы прыйдзеце да нас ізноў са зброяй і паспрабуеце гэта ўсё перавярнуць, наракайце самі на сябе. Мы гэтага не дапусцім. І чаго б мне ні каштавала, я перш за ўсё выйду на абарону спакойнага і мірнага вашага жыцця».

Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця паліклінікі ў сталічным мікрараёне Уручча, 3 красавіка 2026 года.

Якое значэнне мае праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл у сучасных умовах і ці была б пры ўсіх недахопах беларуская армія такой баяздольнай і сучаснай, калі б не асаблівая ўвага да яе Галоўнакамандуючага, разважаюць эксперты.

«Гэта мэтанакіраваная дзейнасць кіраўніцтва дзяржавы на чале з Прэзідэнтам для таго, каб краіна магла спакойна развівацца»

Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Анатоль БУЛАЎКА адзначыў: «Кіраўніку дзяржавы як Галоўнакамандуючаму важна разумець, наколькі здольныя Узброеныя Сілы ў сучасных умовах быць, па-першае, гарантам бяспекі краіны, па-другое, у выпадку якой-небудзь агрэсіі або правакацыі адэкватна адрэагаваць», — растлумачыў дэпутат. Менавіта па гэтай прычыне, лічыць парламентарый, праверка насіла комплексны характар.


Прэзідэнт у чарговы раз паўтарыў, што ў Беларусі не хочуць вайны, але сваю армію мы павінны рыхтаваць да магчымай агрэсіі. «Да любой вайны можна рыхтавацца вечна, — лічыць Анатоль Булаўка. — Але калі годна да яе рыхтавацца, то вайна ніколі не пачнецца. Гэта разумеюць усе, у тым ліку простыя грамадзяне. Яны бачаць, якія намаганні дзяржава прыкладае для падтрымання Узброеных Сіл у стане боегатоўнасці. 

І нават тыя моманты, звязаныя з пэўнымі нязручнасцямі, калі войскі здзяйсняюць маршы па дарогах, успрымаюцца людзьмі з абсалютным разуменнем».

Па словах дэпутата, гісторыя не ведае прыкладаў, калі які-небудзь агрэсар спрабаваў наступаць або захапіць загадзя моцнага праціўніка. «Заўсёды імкнуцца папярэдне аслабіць, і потым ужо ў справу ўступаюць войскі, — удакладніў Анатоль Булаўка. — У нашай сітуацыі мы бачым два прыярытэты — гэта эканоміка і бяспека, якім кіраўнік дзяржавы ўдзяляе самую пільную ўвагу. Менавіта дзякуючы такому падыходу і Узброеныя Сілы паказваюць годны вынік, нават пры ўсіх тых недахопах, якія агучваў кіраўнік дзяржавы. І эканоміка дэманструе сваю ўстойлівасць у вельмі складаных умовах, калі нашы, скажам так, непартнёры спрабуюць усімі сіламі нас максімальна аслабіць».

Парламентарый перакананы: наўрад ці наша армія была б такой баяздольнай і сучаснай, калі б не ўвага да Узброены Сіл асабіста Аляксандра Лукашэнкі. «Менавіта тая ўвага, якая ўдзяляецца Узброеным Сілам, у цэлым сілавому блоку краіны, з’яўляецца генератарам, які дазваляе адпавядаць сучасным выклікам і пагрозам, — падкрэсліў Анатоль Булаўка. — Таму праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл — гэта абсалютна не разавае і невыпадковае мерапрыемства. Гэта мэтанакіраваная дзейнасць кіраўніцтва дзяржавы на чале з Прэзідэнтам для таго, каб краіна магла спакойна развівацца, каб бяспека была падмацавана наборам сіл і сродкаў, высокападрыхтаваным персаналам, сучаснымі ўзбраеннямі і ваеннай тэхнікай. Мы гэтым шляхам ідзём, менавіта таму сёння жывём пад мірным небам».

«Словы Прэзідэнта пацвярджаюць рашучасць Беларусі абараняць свае граніцы і інтарэсы»

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ГАРОШКІН канстатаваў, што падчас маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл таксама былі адпрацаваны пытанні ўзаемадзеяння розных родаў войск, праверана ўпраўленне, лагістыка і ўзровень індывідуальнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых.


Парламентарый звяртае ўвагу, што сустрэчы кіраўніка дзяржавы з ваеннаслужачымі, якая напярэдадні адбылася ў Палацы Незалежнасці, быў агучаны аналіз вынікаў праверкі. 

«Адзначаны як станоўчыя вынікі, так і недахопы, якія неабходна аператыўна ўстараніць. Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць пастаянна ўдасканальваць баявую падрыхтоўку, зыходзячы з сучасных патрабаванняў да вядзення баявых дзеянняў, мадэрнізаваць узбраенне і ваенную тэхніку, падтрымліваць высокі маральна-псіхалагічны дух у войсках».

Сенатар падкрэсліў, што словы Прэзідэнта аб тым, што моцная і баяздольная армія нам неабходна не для таго, каб ваяваць, а для таго, каб не дапусціць вайны на нашай зямлі, пацвярджаюць рашучасць Беларусі абараняць свае граніцы і інтарэсы. Аляксандр Гарошкін заўважыў, што вынікі праверкі лягуць у аснову далейшага ўдасканалення нашай арміі.

«Супакойваць сябе тым, што мы не ўцягнуты ў вайну, калі вакол вайна, — найвышэйшая ступень легкадумнасці і халатнасці»

Як звярнуў увагу ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр ШПАКОЎСКІ да такога кшталту мерапрыемстваў вучэбна-баявой падрыхтоўкі варта адносіцца максімальна адказна і сур’ёзна. «Чаму гэта неабходна менавіта цяпер, абсалютна відавочна: міжнародная абстаноўка і абстаноўка непасрэдна па перыметры беларускай граніцы, мілітарызацыя краін НАТА (Літвы, Латвіі і Польшчы), канфлікт на тэрыторыі Украіны, які працягваецца з высокай інтэнсіўнасцю, — удакладніў ён. — Больш за тое, з Кіева гучаць даволі агрэсіўныя антыбеларускія заявы. Назапашванне сіл і сродкаў узброеных сіл Украіны каля нашых граніц захоўваецца. Натуральна, усе гэтыя фактары павышаюць узровень ваеннай небяспекі для Беларусі».


У гэтай сувязі, па словах дэпутата,неабходна праводзіць вучэбна-баявыя мерапрыемствы, праверачныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. «Тут размова ідзе і аб фактары раптоўнасці, і аб неабходнасці манеўранай перакідкі войск у шматлікія рэгіёны краіны, дзе практычна на маршы падраздзяленні Узброеных Сіл павінны ўладкоўвацца і ажыццяўляць дзеянні па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, жыцця і спакою мірных грамадзян Беларусі», — канкрэтызаваў Аляксандр Шпакоўскі.

Дэпутат звярнуў увагу на тое, наколькі дакладна кіраўнік дзяржавы падыходзіць да ацэнкі сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўкі. «Так, мы жывём у рэжыме мірнага часу, але ваенным прапаноўваецца аб мірным часе забыць, — удакладніў Аляксандр Шпакоўскі. — Ступень ваеннай пагрозы нарастае. Для Беларусі супакойваць сябе тым, што мы не ўцягнуты ў вайну, калі вакол вайна, — вышэйшая ступень легкадумнасці і халатнасці. Мы і не самасупакойваемся. Але кіраўнік дзяржавы палічыў не лішнім пра гэта нагадаць афіцэрам і асабоваму складу Узброеных Сіл».

Па меркаванні Аляксандра Шпакоўскага, грамадзянам нялішнім будзе памятаць аб каштоўнасці міру і аб тым, што гэта каштоўнасць не даецца сама па сабе. «Мір і суверэнітэт неабходна абараняць, — падкрэсліў ён. — Неабходна быць гатовымі да гэтага штодзённа і штогадзінна. Асабліва ў сучасных умовах, калі мы бачым, што больш ніякіх стрымліваючых фактараў не існуе. Войны сталі звычайным інструментам вырашэння палітычных праблем, таму трэба быць напагатове пастаянна, у тым ліку грамадзянскім, выконваючы адказна свой абавязак па месцы асноўнага працаўладкавання. І не забываць, што мір і суверэнітэт у сучасных умовах каштуюць вельмі дорага».

«Мы павінны ведаць свае слабыя месцы, каб мець магчымасць іх выправіць»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэя КРЫВАНОСАВА, для самай маштабнай праверкі ў гісторыі суверэннай Беларусі быў абраны незвычайны фармат. «Выключыўшы са звыклага ланцужка Міністэрства абароны і Генштаб, Галоўнакамандуючы асабіста прыводзіў воінскія часці ў гатоўнасць, — нагадаў сенатар. — Гэта новая мадэль кіравання для сітуацыі, калі часу на разварушванне няма».


Сенатар заўважыў, што падчас нарады Прэзідэнт не стаў абыходзіць і вострыя вуглы, падкрэсліўшы, што праблемы ў арміі ёсць, але не хацелася б паказваць іх ворагу. «Мы павінны ведаць свае слабыя месцы, каб мець магчымасць іх выправіць», — канстатаваў парламентарый.

Па яго словах, галоўная выснова, якая прагучала па выніках нарады: гатоўнасць да вайны — гэта тое, што ад вайны ўтрымлівае. «Калі мы здольныя адказаць, нас не крануць, — падкрэсліў Андрэй Крываносаў. — Беларусь не выказвае агрэсію, але і не будуе ілюзій, бо мірнага часу ў класічным разуменні сёння няма. І тое, як правялі гэту праверку, — раптоўна, без патуранняў, з сумленным поглядам на недахопы — паказвае, што ў нашай краіне да гэтага ставяцца без фармалізму. Узброеныя Сілы павінны быць гатовы абараніць краіну ў момант, калі прамаруджванне будзе каштаваць занадта дорага».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю