Дырэктыва № 11, якую Прэзідэнт падпісаў 2 красавіка, — бадай што, самая папулярная сёння тэма не толькі ва ўладных кабінетах, але, як кажуць, і ў народзе. Яе палажэнні закранаюць не толькі пытанні функцыянавання органаў улады і дзяржаўных арганізацый, але і выканальніцкую дысцыпліну, якая датычыцца літаральна ўсіх без выключэння. Як неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт, менавіта ад яе, ад таго, наколькі адказна і якасна кожны на сваім месцы выконвае свае абавязкі, у многім залежыць і дабрабыт краіны ў цэлым, і яе суверэнітэт. «Далейшае павышэнне якасці жыцця ў нашай краіне — гэта сумесная работа дзяржаўных органаў усіх узроўняў, арганізацый незалежна ад формы ўласнасці і грамадзян, — гаворыцца ва ўступнай частцы дакумента. — Добрасумленным, адказным, творчым стаўленнем да службовых абавязкаў, высокапрадукцыйным выкарыстаннем працоўнага часу кожны з нас робіць свой унёсак у агульны дабрабыт і ўстойлівасць краіны. Выканальніцкая дысцыпліна з’яўляецца адным з ключавых фактараў гатоўнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый аператыўна і эфектыўна рэалізоўваць пастаўленыя задачы». «Рэалізацыя пастаўленых на пяцігодку якасці задач па ўсебаковым пераўтварэнні дзяржавы і грамадства патрабуе кардынальнага павышэння эфектыўнасці функцыянавання сістэмы органаў дзяржаўнай улады, кіраўніцкай дзейнасці, узмацнення выканальніцкай дысцыпліны, сацыяльна адказных адносін кожнага да працы», — гаворыцца ў дырэктыве. Для гэтага дакументам прадугледжаны пэўныя меры і захады, якія варта разгледзець падрабязна.
- У прыватнасці, дырэктывай вызначана дзяржорганам і службовым асобам не дапускаць умяшанне ў кампетэнцыю іншых дзяржорганаў і службовых асоб, г. зн. акрэслены канкрэтны функцыянал, які замацоўваецца за кожным з органаў дзяржкіравання.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі з гэтай нагоды ў эфіры «Альфа-Радыё» звярнуў увагу, што ў аснове любых паспяховых і эфектыўных кіраўніцкіх дзеянняў дзяржавы знаходзіцца, у першую чаргу, выканальніцкая дысцыпліна, субардынацыя, службовая этыка і гэтак далей.
— І разам з тым дысцыпліну не варта блытаць з арганізацыяй бясконцых праверак, нарад, розных кантрольных мерапрыемстваў з боку вышэйстаячых інстанцый, альбо перакрыжаванага кантролю. Гэта крыху іншае.
Наадварот, калі адбываецца празмернае нагнятанне алармісцкіх настрояў бясконцымі нарадамі, працоўнымі групамі, лятучкамі і да т. п., гэта ўносіць у работу органаў дзяржаўнай улады непатрэбныя бязладдзе і хаос, растлумачыў Аляксандр Шпакоўскі:
— У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы Дырэктывай № 11 імкнецца дабіцца павышэння якасці эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне, што будзе садзейнічаць рэалізацыі тых амбіцыйных задач, якія вызначаны на найбліжэйшую пяцігодку.
Акрамя таго, Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што падобнага роду дырэктыўныя дакументы не нараджаюцца на пустым месцы:
— Яны нараджаюцца на аснове раней атрыманай і старанна прааналізаванай інфармацыі. У пэўных ведамствах, арганізацыях, у тым ліку на месцах, крыху перабіраюць з бюракратыяй.
Ён нагадаў пра існаванне яшчэ адной дырэктывы Прэзідэнта аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, якая не заўсёды выконваецца ў поўнай меры:
— А часам, наадварот, колькасць разнастайных бюракратычных «рагатак» у працэсе дзяржаўнага кіравання вырасла ў параўнанні з ранейшымі гадамі. У гэтай сувязі, вядома, неабходна навядзенне парадку. Калі мы ўпарадкуем сістэму прыняцця рашэнняў, дзяржаўнага кіравання, пазбавім дзяржслужачых ад неўласцівых ім функцый і перавядзём усе гэтыя працэдуры ў больш аператыўны рэжым, гэта не значыць, што мы адмаўляемся ад дадзеных інструментаў. Таму мы імкнёмся знізіць колькасць падобных сустрэч. Такі падыход уяўляецца правільным і адаб’ецца вельмі спрыяльна на дзяржаўным кіраванні.
Дырэктывай вызначана, што адной з галоўных задач аптымізацыі кіраўніцкай дзейнасці з’яўляецца выключэнне неабгрунтаванага правядзення нарад, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце; спыненне фарміравання і функцыянавання саветаў, камісій, груп, іншых структур, акрамя непасрэдна прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка адзначыў з гэтай нагоды, што ёсць рознага кшталту камісіі, сам факт стварэння якіх даволі сумнеўны:
— За формай не заўсёды стаіць змест, таму ад тых камісій, якія не адпавядаюць па сваёй форме зместу, трэба адмовіцца. У бытнасць намеснікам старшыні райвыканкама я ўзначальваў каля 17 такіх камісій. Калі нават па адной на месяц праводзіць, то гэта атрымліваецца практычна праз дзень, а то і кожны дзень.
На думку парламентарыя, асноўны сэнс гэтага рашэння заключаецца ў тым, каб павысіць персанальную адказнасць кіраўнікоў дзяржаўных органаў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў:
— І не трэба прыкрывацца гэтай калектыўнай адказнасцю.
- Дырэктывай таксама вызначаецца дасягненне нулявой бюракратыі адной са стратэгічных задач усёй сістэмы дзяржаўнай улады.
Аналітык аддзялення БІСД па Брэсцкай вобласці Сяргей Жук адзначае:
Ён перакананы, што хуткае, узважанае і эфектыўнае прыняцце рашэнняў, якаснае іх выкананне, стварэнне ўмоў для паспяховай камунікацыі стане важным фактарам павышэння якасці жыцця грамадства і ўзмацнення эканамічнага патэнцыялу.— Дзяржавай узяты высокі тэмп выканання абяцанняў, зафіксаваных у перадвыбарнай праграме Прэзідэнта. Прыняцце дырэктывы накіравана на забеспячэнне нулявой бюракратыі ў Беларусі. Павышэнне якасці дзяржаўнага кіравання — адказ на выклікі свету, які ўсё больш паскараецца, фарміраванне новых пагроз.
Па словах аналітыка, лічбавізацыя дзейнасці дзяржаўных органаў дазволіць павысіць якасць кіраўніцкіх рашэнняў. Такі падыход таксама адкрые магчымасці стварэння актуальнай для сучаснага грамадства (перш за ўсё для маладога пакалення) так званай дзяржавы ў тэлефоне.
— Інфарматызацыі і дыджыталізацыі ўзаемадзеяння органаў улады і арганізацый будзе садзейнічаць укараненне адзінай інфармацыйнай сістэмы аператыўнай і ведамаснай справаздачнасці, — лічыць эксперт.
- Ствараюцца ўмовы для павышэння якасці кіравання на месцах па формуле «больш магчымасцяў — вышэйшая адказнасць».
Сяргей Жук вылучыў яшчэ адзін акцэнт дырэктывы:
— У гэтых адносінах дакумент развівае палажэнні прынятага ў лютым указа «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню». Павышэнне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны — няўхільнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы. І яе ўмацаванне, асабліва ў пяцігодку якасці, вельмі важна для функцыянавання сістэмы дзяржаўнай улады. Ініцыятыва, адказнасць, інфарматызацыя — асноўныя акцэнты шляху развіцця беларускай сістэмы дзяржаўнага кіравання, — падсумаваў аналітык.
- У сферы выканальніцкай дысцыпліны, мабыць, варта адзначыць задачы, якія вызначаны ў дырэктыве як прыярытэтныя для дзяржавы. І тут на першым радку тое, на што не раз звяртаў увагу Прэзідэнт, — забеспячэнне паўнавартаснага ўдзелу ўсіх працаздольных грамадзян у эканоміцы краіны. Следам ідуць дасягненне высокага ўзроўню выканальніцкай дысцыпліны; выхаванне культуры адказнасці кожнага за рашэнні, якія прымаюцца, і якасць працы; выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і стымуляванне патэнцыялу моладзі ў інтарэсах беларускага грамадства.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня праўлення ААБ «Беларусбанк» Віктар Ананіч выказаў упэўненасць, што дысцыпліна — найважнейшы складнік не толькі эфектыўнай работы любога прадпрыемства, але і залог іміджу і рэпутацыі:
— Гэту думку пастаянна даношу да калектываў устаноў банка па ўсёй краіне. Для фінансавага сектара асабліва важна, каб усе бізнес-працэсы працавалі як надзейны гадзіннік. Плацяжы павінны апрацоўвацца максімальна аператыўна, рэакцыя на ашуканскія дзеянні таксама павінна быць імгненнай. І гэта ўсё магчыма толькі ў тым выпадку, калі работнікі своечасова прыходзяць на працу, выконваюць рэгламентныя перапынкі, адказна вырашаюць задачы кожны на сваім участку.
Ён падкрэсліў: дысцыпліна ў плане супрацьдзеяння карупцыі, выдавання камерцыйнай тайны, персанальных даных важная з пункту гледжання рэпутацыі.
— На прыкладзе «Беларусбанка» магу сказаць: калі кіраўнікі ўсіх узроўняў будуць трансліраваць сваім калектывам важнасць падтрымання дысцыпліны ва ўсіх яе праявах, а яшчэ лепш пацвярджаць усё асабістым прыкладам, прадпрыемства будзе паспяховым і эфектыўным, а прадукцыя, якая выпускаецца, ці паслугі, якія аказваюцца, — якаснымі.
- Забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі як адно з найважнейшых патрабаванняў выканальніцкай дысцыпліны вынесена ў дырэктыве ў асобны пункт.
Улічваючы, як сур'ёзна ставіцца да пытанняў дысцыпліны лідар дзяржавы, трансліруючы важнасць яе выканання на ўсіх узроўнях, кожнаму кіраўніку важна выхоўваць у сваіх калектывах карпаратыўную культуру, падмуркам якой якраз і павінна стаць дысцыпліна, — акцэнтаваў увагу сенатар.
- Кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый дырэктыва абавязвае ў падначаленых суб'ектах стварыць умовы недапушчальнасці і нецярпімасці парушэнняў выканальніцкай дысцыпліны ва ўзначаленым дзяржаўным органе (арганізацыі); павысіць патрабавальнасць да парушальнікаў выканальніцкай дысцыпліны, укараняць аўтаматызаваныя або іншыя сістэмы ўліку працоўнага часу, забяспечваць кантроль за эфектыўнасцю вынікаў працы.
- Таксама кіраўнікам дырэктывай прадпісана стымуляваць захаванне і замацаванне высокакваліфікаваных кадраў, укараняць дзейсныя сістэмы матывацыі і заахвочвання эфектыўнай работы і прафесійнага развіцця супрацоўнікаў, паляпшаць умовы працы; прыняць вычарпальныя меры па выкананні фінансавай дысцыпліны, эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў, мэтавым і беражлівым распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, яе выкарыстанні.
І гэта невыпадкова: у сучасным тэхналагічным свеце менавіта інфармацыя з'яўляецца і самым дарагім таварам, і самай магутнай зброяй.
І патрабаванне захоўваць інфармацыйную бяспеку датычыцца не толькі дзяржорганаў, але і кожнага з нас. Нават проста адкрыўшы на рабочым камп'ютары невядомае пісьмо або файл, можна нанесці значны ўрон свайму прадпрыемству і не толькі. Не кажучы ўжо пра распаўсюджванне неасабістай інфармацыі ў сацыяльных сетках.
- З поўным тэкстам Дырэктывы № 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны» можна азнаёміцца на нашым сайце zvіazda.by.
Фота з адкрытых крыніц