Рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць, якая адбылася ў мінулую пятніцу, была вельмі насычанай як арганізацыйна, так і тэматычна. Пасля знаёмства з развіццём племянной жывёлагадоўлі і малочнай галіны на прыкладзе сельгаспрадпрыемстваў Дрыбінскага раёна беларускі лідар адказаў на пытанні журналістаў. Тэмы, якія закраналіся падчас размовы, датычыліся павесткі як унутранай, так і міжнароднай. Найбольш рэзанансныя цытаты Прэзідэнта разляцеліся па многіх СМІ. Прычым не толькі айчынных. Разам з экспертамі згадваем знакавыя выказванні кіраўніка дзяржавы.
«Нам трэба абараніць сваю краіну. А каб не бахнуў „Арэшнік“, вы да нас не лезьце — ні з Украіны, ні з Польшчы, ні з Літвы, ні з Латвіі. Давайце па-чалавечы вырашаць пытанні».
«Гэта вымушаная мера стратэгічнага стрымлівання»
Старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь ЛЕПЯШКО адзначыў, што ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце і вакол Рэспублікі Беларусь застаецца напружанай і тэндэнцыі да яе паляпшэння ў найбліжэйшай перспектыве не відаць. Над светам, па яго словах, узнікла пагроза трэцяй сусветнай вайны.

«Наш Прэзідэнт як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь вельмі ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі на знешніх граніцах, аналізуе ўсе выклікі і пагрозы нацыянальнай бяспецы нашай дзяржавы, — падкрэсліў дэпутат.
— Аляксандр Рыгоравіч не пакідае без увагі і варожыя выпады асобных палітыкаў у адносінах да Рэспублікі Беларусь, у тым ліку аб так званых „законных цэлях“ на нашай тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што ў непасрэднай блізкасці ад нашых заходніх і паўднёвых граніц разгорнуты і ствараюцца новыя воінскія фарміраванні, мы нікога не лічым „цэлямі“. Мы праводзім планавыя мерапрыемствы ва Узброеных Сілах: раптоўныя праверкі баявой гатоўнасці, вучэнні і трэніроўкі»
Старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы адзначыў, што размяшчэнне на тэрыторыі краіны ракетнага комплексу «Арэшнік» — не пагроза. «Гэта вымушаная мера стратэгічнага стрымлівання, накіраваная на прадухіленне агрэсіі супраць дзяржавы, — падкрэсліў Генадзь Лепяшко. — Вы да нас не лезьце — інакш непазбежна атрымаеце непрымальны для вас урон.
Прэзідэнт чарговы раз пацвердзіў нашу пазіцыю сумленнага погляду на свет і дыпламатычнае вырашэнне канфліктаў. Мы ні адну дзяржаву не разглядаем у якасці патэнцыяльнага праціўніка, але сваю краіну будзем абараняць ад любых замахаў».
«Мы былі і ёсць пад санкцыямі разам з імі (іранцамі. — „Зв.“). Мы зыходзім з комплексу прычын і з гэтага выбудавалі нашу пазіцыю і наша стаўленне да Ірана. Чалавечае, справядлівае».
«Народ, які перажыў Хатынь, не можа маўчаць, гледзячы на гібель дзяцей у Іране»
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэя КРЫВАНОСАВА, беларусы заўсёды разумелі іранцаў, бо самі жывуць пад ціскам. «Прэзідэнт невыпадкова падкрэсліў: мы былі і застаёмся пад санкцыямі разам з імі, — акцэнтаваў увагу сенатар. — Гэта аб’ектыўная рэальнасць, якая сфарміравала наша ўспрыманне. Менавіта з гэтага комплексу прычын — ад справядлівасці да чалавечага стаўлення — і выбудавана наша пазіцыя».

Парламентарый лічыць: тое, што цяпер адбываецца з Іранам, перакрэслівае любыя ўяўленні пра гуманізм. «Вераломныя ўдары, гібель мірных жыхароў — гэта пераход мяжы, пасля якой свет ужо не будзе ранейшым, — перакананы Андрэй Крываносаў.
— Беларусам добра вядома цана вайны. Мы страцілі каля трох мільёнаў чалавек у Вялікай Айчыннай, праз нашу зямлю праходзілі самыя страшныя канфлікты XX стагоддзя. Таму народ, які перажыў Хатынь, не можа сёння маўчаць, гледзячы на гібель дзяцей у Іране».
Па словах сенатара, самае небяспечнае ў гэтай сітуацыі — ланцуговая рэакцыя вайны. «Сёння міжнароднае права замяняецца правам моцнага, а таму гарантый бяспекі няма ні ў каго, — патлумачыў ён. — Цяпер вайна пачалася ў адным пункце, а заўтра можа паўтарыцца ў іншым. Аднак нельга адмоўчвацца, калі дзесьці гінуць людзі. Маўчанне перад тварам вайны — першы крок да таго, каб яна прыйшла ў твой уласны дом. Беларусь на ўвесь свет заяўляе аб непрымальнасці агрэсіі».
«Дысцыпліна — аснова любога тэхналагічнага працэсу».
«Такога роду ўнікненне ў тэму адлюстроўвае яшчэ і нашу структуру эканомікі»
Як адзначыў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» палітолаг Юрый ШАЎЦОЎ, харчовая бяспека становіцца ўсё больш актуальным пытаннем для ўсяго свету. Невыпадкова, па яго словах,

Аляксандр Лукашэнка так дэталёва займаецца гэтымі пытаннямі, трымае іх пад жорсткім кантролем.
«Пасля Другой сусветнай вайны ў нас склалася палітычная культура, пры якой кіраўнік Беларусі абавязкова павінен унікаць ва ўсё, і перш за ўсё ў сельскую гаспадарку, — звярнуў увагу Юрый Шаўцоў. — Такімі ж былі Машэраў, Панамарэнка, Мазураў. Гэта палітычная культура знаходзіць сваё адлюстраванне і ў дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча. Ён, уласна, і ёсць яе максімальнае адлюстраванне за ўсе пасляваенныя гады. Для нашай палітычнай сістэмы, сістэмы дзяржкіравання, для грамадства гэта натуральна і нармальна».
- Палітолаг звярнуў увагу на яшчэ адзін важны аспект. «Структура беларускай эканомікі такая, што вялікае значэнне маюць прамысловыя прадпрыемствы, а таксама буйныя сельскагаспадарчыя аб’екты, — канстатаваў ён. — Напрыклад, меліярацыйныя сістэмы, буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. Гэта ўсё будзе працаваць толькі ў тым выпадку, калі за гэтым — добры нагляд зверху. Таму кожны наш кіраўнік абавязкова будзе займацца сельскай гаспадаркай вельмі шчыльна».
У якасці прыкладу Юрый Шаўцоў прывёў меліярацыю. «Уявіце: у нас каля 40 % пасяўных плошчаў меліяраваныя, — заўважыў палітолаг. — Каб уся меліярацыйная сістэма працавала, трэба жорсткае адміністраванне ў маштабе рэспублікі. Тое ж самае з жывёлагадоўчымі комплексамі. Не дай Бог, калі адбудзецца пэўны збой, пачнецца эпідэмія, і мы ведаем, што тады адбываецца. Таму такога роду ўнікненне (у тэму. — „Зв.“), якое мы бачым па тэлебачанні, калі паказваюць Прэзідэнта, адлюстроўвае яшчэ і нашу структуру эканомікі».
Вераніка КАНЮТА