Top.Mail.Ru

Эксперты — аб шматграннай прамове Прэзідэнта на адкрыцці «Славянскага базару»

11.07.2025 | 19:24

Захаваць культурны код


Адкрываючы «Славянскі базар у Віцебску», Прэзідэнт у сваёй прамове, якая, здавалася б, павінна быць урачыста-афіцыйнай, закрануў надзвычай важныя рэчы. Ён гаварыў аб фестывалі, які ў гэтым шалёным свеце застаецца астраўком душэўнага яднання і святла, аб славянскім адзінстве, якое не могуць парушыць тыя, хто вельмі хоча гэта зрабіць, аб тым, як важна кожнаму народу захоўваць свае самабытнасць і культуру, аб тым, чым страшны культурны генацыд і якую небяспеку хавае ў сабе штучны інтэлект...

Разам з экспертамі прыгадваем ключавыя моманты прамовы кіраўніка дзяржавы, знаходзячы ў іх сэнсы, актуальныя для ўсіх.

Выступленне кіраўніка дзяржавы на цырымоніі адкрыцця выйшла за рамкі традыцыйнага прывітання, адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў. «Прэзідэнт закрануў ключавыя выклікі сучаснасці, сказаў аб тым, што сёння выклікае сапраўдную трывогу. Перш за ўсё гэта культурная экспансія, сціранне нацыянальнай ідэнтычнасці народаў пад націскам заходніх шаблонаў. Гэта і праблема штучнага інтэлекту, захапленне якім можа пазбавіць мастацтва душы, а грамадства — сапраўдных чалавечых эмоцый», — заўважыў парламентарый. На яго думку, «Славянскі базар» — гэта не проста шоу і канцэрты. Гэта напамін аб тым, што культура — найлепшы сродак барацьбы супраць глабальнага абязлічвання. «І тое, што Прэзідэнт закрануў гэтыя тэмы ў сваім выступленні, сведчыць аб яго глыбокім разуменні ролі Беларусі як захавальніцы славянскіх каштоўнасцяў», — падкрэсліў парламентарый.

На думку Вадзіма ГІГІНА, члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, «Славянскі базар» — адна з ключавых традыцый сучаснай Беларусі, напрацаваных больш як за трыццаць гадоў нашай незалежнасці. У праграме «Будні» ў эфіры «Альфа Радыё» дэпутат падкрэсліў, што «Славянскі базар у Віцебску» непарыўна звязаны з гісторыяй суверэннай Беларусі. Ён нагадаў, што ў 1995 годзе выбраны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне праводзіць міжнародны фестываль мастацтваў. І ён зрабіў яго самым буйным фестывалем падобнага фармату ў нашай частцы Еўропы.

«Хацелася б адзначыць моцнае выступленне кіраўніка дзяржавы на адкрыцці «Славянскага базару ў Віцебску», — дадаў Вадзім Гігін. — Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей берагчы гістарычнае мінулае, каб захаваць будучыню. У сваім выступленні ён адзначыў, што расіяне, беларусы і ўкраінцы — народы, якія складаюць частку адзінай славянскай цывілізацыі. 

А гэты складнік расце дзякуючы традыцыям. І вось вызначэнне ўсходнеславянскай цывілізацыі, адзінства трох народаў раз’юшвае нашага ворага. Ён хоча разарваць нашу сутнасць. Дык вось, «Славянскі базар» — гэта праява адзінства нашай цывілізацыі, яе самадастатковасці, паспяховасці. І нават нягледзячы на тое, што ўкраінцы адарваныя ад нас, мы ўсё роўна адчуваем іх прысутнасць. Акрамя гэтага, у нас на тэрыторыі жыве вялікая колькасць украінцаў. І яны прыязджаюць на «Славянскі базар». Украінскія дзеячы культуры жывуць у нас, працуюць у нас.

Па словах Вадзіма Гігіна, гэта сведчыць аб тым, што ўся прапаганда аб нібыта нашым непрыняцці ўкраінскай культуры — поўная лухта. Ён падкрэсліў, што мы не абвяргаем украінскую культуру, а ўспрымаем яе: «Гэта частка нас саміх, і ў гэтым надзея на будучыню. Кіеўскі рэжым не зможа „выпіліць“ гэтае свята ніякім чынам. Гэтая адзіная ідэя дае нам надзею на будучыню. І пра гэта гаварыў у сваёй вельмі моцнай прамове Аляксандр Лукашэнка».

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўхімвалакно» Канстанцін СІРОЦІН заўважае, што Прэзідэнт не толькі ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю фестывалю, але і бачыць у ім інструмент «мяккай сілы». Роля Прэзідэнта ў яго захаванні і развіцці — ключавая, бо без падтрымкі на вышэйшым узроўні такія ініцыятывы рызыкуюць страціць сваё значэнне. «Славянскі базар» павінен заставацца месцам, дзе культура аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае.

Спыніўся парламентарый і на прамове кіраўніка дзяржавы: «Прэзідэнт перасцярог ад культурнага генацыду — спроб сцерці нацыянальную ідэнтычнасць, перапісаць гісторыю і навязаць чужыя каштоўнасці. У эпоху глабалізацыі такія рызыкі рэальныя, і толькі захаванне традыцый, мовы і мастацтва можа стаць абаронай. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на небяспеку празмернага захаплення штучным інтэлектам. Тэхналогіі — гэта інструмент, але яны не павінны замяняць жывую чалавечую творчасць, эмоцыі і сапраўднае мастацтва. „Славянскі базар“ жа застаецца ўвасабленнем сапраўднага, а не віртуальнага культурнага абмену»

На словы Аляксандра Лукашэнкі аб небяспецы штучнага інтэлекту звярнуў увагу і Сяргей КЛІШЭВІЧ, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў: «Сапраўды, штучны інтэлект — гэта найноўшая тэхналогія, якая ўсё больш пранікае ў наша жыццё. І мы з вамі цудоўна разумеем, што многімі з такіх тэхналогій, як мінімум, не кіруем. Адпаведна, гэта можа стаць і часткова ўжо стала пэўным механізмам уплыву на працэсы ў самых розных сферах грамадства. Як максімум мы можам, як папярэджвае Прэзідэнт, згубіць кіравальнасць працэсамі ў цэлым. Цалкам падтрымліваю словы кіраўніка нашай дзяржавы пра тое, што ўплыў чалавека на ўсе сферы нашага жыцця — асноватворная рэч. Мы павінны яе захаваць, у тым ліку, развіваючы сучасныя тэхналогіі. Той жа штучны інтэлект і іншыя магчымасці трэба выкарыстоўваць выключна як дадатак, як дапамогу ў вырашэнні задач, што перад намі стаяць. Але не як асноўнага выканаўцу і рэалізатара». У гэтым кантэксце вельмі важны пасыл кіраўніка дзяржавы пра тое, што неабходна «сябраваць са сваёй галавой», заўважыў дэпутат.

Словы Прэзідэнта аб неабходнасці абароны ад культурнага генацыду глыбока рэзаніруюць з сучаснымі выклікамі, з якімі сутыкаецца наша грамадства, лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік Гродзенскага філіяла «Банка развіцця» Алена СТАЛЬБОЎСКАЯ. «Культура, як і мова, з’яўляецца ключавым элементам ідэнтычнасці, — адзначае яна. — Ва ўмовах глабалізацыі і хуткага развіцця тэхналогій, асабліва ў эпоху штучнага інтэлекту, важна не губляць свае карані. Прэзідэнт адзначыў, што штучны інтэлект здольны палепшыць наша жыццё, але таксама нясе ў сабе небяспекі, здольныя падарваць культурную спадчыну. І сёння неабходнасць усвядомленага падыходу ў інтэграцыі тэхналогій у культурную сферу становіцца асабліва актуальнай».

  • Прамова Прэзідэнта на адкрыцці «Славянскага базару» закранае не толькі важныя аспекты культурнай ідэнтычнасці, але і неабходнасць захавання сапраўдных каштоўнасцяў у свеце, дзе тэхналагічныя дасягненні становяцца ўсё больш пераважнымі, гаворыць Алена Стальбоўская. «Стварэнне спрыяльнага культурнага асяроддзя — гэта выклік, які патрабуе сумесных намаганняў, разумення і павагі да кожнага народа і яго традыцый», — рэзюмавала парламентарый.

На словах кіраўніка дзяржавы пра культурны генацыд засяродзіў увагу і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК. «Той, хто адмаўляе самабытнасць народа, яго мову, традыцыі, самабытны гістарычны шлях, гістарычныя формы дзяржаўнасці, здзяйсняе не што іншае як форму культурнага генацыду, — адзначае парламентарый. — Той штурхае людзей да самага страшнага, што можа быць — да забойства нацыянальнай душы і самабытнасці народа. Пра гэта ў сваёй прамове казаў і наш Прэзідэнт. Перш чым пачаць вайну і нападаць на тую ці іншую краіну ў адпаведных кабінетах, прапагандысты і гісторыкі нацысцкай Германіі расказвалі пра вялікую гістарычную жыццёвую прастору сваёй краіны, лічачы ёй усю Еўропу да Урала. Вайна пачынаецца з забойства словам. З забойства словам у падручніку, у прапагандзе, мастацкай літаратуры... А сёння — і ў інтэрнэце, і ў сацыяльных сетках».

«Сёння мы шмат значэння надаём захаванню культурнага кода беларускай нацыі. Невыпадкова наш новы Кодэкс аб адукацыі рыхтаваўся з улікам удасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі. Цыкл гуманітарных дысцыплін закліканы фарміраваць нацыянальную, культурную і цывілізацыйную пераемнасць беларускай нацыі. Культурны код нацыі фарміраваўся стагоддзямі, і мы павінны яго захаваць», — падкрэсліў дэпутат.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю